Дзяржаўная прэмія з дзяржаўным падыходам

№ 5 (1028) 04.02.2012 - 11.02.2012 г

31 студзеня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры краіны, прысвечанае вылучэнню кандыдатаў на атрыманне ў 2012 годзе Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Міністр культуры краіны Павел Латушка выказаў пажаданне пра большую актыўнасць творчых устаноў, арганізацый культуры, калектываў у працэсе вылучэння кандыдатаў на саісканне Дзяржаўнай прэміі. Таму, зрабіў рэзюмэ міністр культуры, трэба спадзявацца, што надалей падобныя вылучэнні будуць праходзіць больш зацікаўлена. "Ужо адным тым, што творца ці калектыў намінаваны на прэмію, можна ганарыцца", — перакананы Павел Латушка.

 

Абмеркаванне кандыдатаў праходзіла аператыўна і зацікаўлена. Кожная ўстанова, якая вылучыла намінантаў, павінна была даслаць на пасяджэнне калегіі свайго прадстаўніка, каб той мог больш падрабязна расказаць пра абранага кандыдата і яго творчыя заслугі, пры неабходнасці - удакладніць тыя або іншыя дэталі. Тут таксама выявілася рознае стаўленне творчых арганізацый да сваіх вылучэнцаў: хтосьці меў па некалькі "абаронцаў", хтосьці - ніводнага.

Пасля прадстаўлення ўсіх кандыдатаў адбылося галасаванне, у якім маглі ўдзельнічаць толькі члены калегіі. На гэтым этапе з чатырнаццаці намінантаў засталіся сямёра. Надалей усе дакументы будуць накіраваны ў Камітэт па прэміях пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там яны будуць разглядацца ў два этапы. Творчыя працы, за якія вылучалі намінантаў, пройдуць незалежную экспертызу, якая таксама паўплывае на вынікі.

Дык хто ж быў выбраны на пасяджэнні калегіі? У намінацыі "Мастацтва", якая ахоплівае музыку, тэатр, жывапіс, скульптуру, за цыкл манументальных работ "І памятае свет выратаваны" вылучаны двое творцаў, якія ўжо цягам дваццаці гадоў працуюць разам: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, загадчык кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў, дацэнт Уладзімір Слабодчыкаў і доктар культуралогіі, прафесар БДУ Ігар Марозаў. У цыкл уваходзяць два мемарыяльныя знакі ў былых канцлагерах Германіі (Равенсбруку і Заксенхаўзене), мемарыялы ў Светлагорску ("Набат вечнай славы") і Магілёве ("Дзецям вайны").

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева па гэтай жа намінацыі вылучана за аўтарскія канцэртныя праграмы, паказаныя ў час сацыяльна-гуманітарнага тура "Пад мірным небам": 1053 канцэрты, больш за 200 новых песень, сярод якіх вельмі шмат беларускамоўных. Не ўсе, можа, ведаюць, што спявачка з'яўлялася ў гэтых праграмах і іх аўтарам, прымала самы актыўны ўдзел у распрацоўцы рэжысёрскіх, харэаграфічных, сцэнаграфічных рашэнняў, выступіла сааўтарам многіх твораў.

Малады баяніст, саліст сталічнай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка - лаўрэат ажно 32-х міжнародных конкурсаў. Яго канцэрты праходзілі ў найлепшых залах Беларусі і Еўропы, запісваліся радыё і тэлебачаннем, а два сольныя альбомы сталіся сапраўднай падзеяй не толькі ў беларускім, але і ў сусветным музычным выканальніцтве, бо ён узняў баян да ўзроўню такіх прызнаных сольных інструментаў, як скрыпка ці фартэпіяна.

Прайшоў першы адбор і спектакль Купалаўскага тэатра "Пінская шляхта". Дзяржаўную прэмію за яго могуць атрымаць трое. Гэта выканаўца галоўнай ролі, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, які іграе асэсара Кручкова не толькі ў нас, але і ў Варшаве, дзе твор В.Дуніна-Марцінкевіча ўвасоблены той жа пастановачнай групай. Разам з вядомым артыстам намінуюцца мастак-пастаноўшчык Вольга Мацкевіч і кампазітар Андрэй Зубрыч.

У галіне літаратуры найперш былі адзначаны творы для дзяцей: кніга Міколы Чарняўскага "Сонечны кошык" і серыя кніг "Сем цудаў Беларусі" Анатоля Бутэвіча.

Не мае на сёння канкурэнтаў творчы калектыў, вылучаны ў галіне архітэктуры за рэканструкцыю і рэстаўрацыю Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. У яго складзе - галоўны архітэктар комплексу Анатоль Шабалін, галоўны архітэктар праекта Раіса Рымашэўская і навуковы кіраўнік работ па гісторыка-культурнай каштоўнасці Людміла Іванова.

Што ні кажыце, жорсткі адбор. Але таго патрабуе сам статус Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"