Абмеркаванне кандыдатаў праходзіла аператыўна і зацікаўлена. Кожная ўстанова, якая вылучыла намінантаў, павінна была даслаць на пасяджэнне калегіі свайго прадстаўніка, каб той мог больш падрабязна расказаць пра абранага кандыдата і яго творчыя заслугі, пры неабходнасці - удакладніць тыя або іншыя дэталі. Тут таксама выявілася рознае стаўленне творчых арганізацый да сваіх вылучэнцаў: хтосьці меў па некалькі "абаронцаў", хтосьці - ніводнага.
Пасля прадстаўлення ўсіх кандыдатаў адбылося галасаванне, у якім маглі ўдзельнічаць толькі члены калегіі. На гэтым этапе з чатырнаццаці намінантаў засталіся сямёра. Надалей усе дакументы будуць накіраваны ў Камітэт па прэміях пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Там яны будуць разглядацца ў два этапы. Творчыя працы, за якія вылучалі намінантаў, пройдуць незалежную экспертызу, якая таксама паўплывае на вынікі.
Дык хто ж быў выбраны на пасяджэнні калегіі? У намінацыі "Мастацтва", якая ахоплівае музыку, тэатр, жывапіс, скульптуру, за цыкл манументальных работ "І памятае свет выратаваны" вылучаны двое творцаў, якія ўжо цягам дваццаці гадоў працуюць разам: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, загадчык кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў, дацэнт Уладзімір Слабодчыкаў і доктар культуралогіі, прафесар БДУ Ігар Марозаў. У цыкл уваходзяць два мемарыяльныя знакі ў былых канцлагерах Германіі (Равенсбруку і Заксенхаўзене), мемарыялы ў Светлагорску ("Набат вечнай славы") і Магілёве ("Дзецям вайны").
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева па гэтай жа намінацыі вылучана за аўтарскія канцэртныя праграмы, паказаныя ў час сацыяльна-гуманітарнага тура "Пад мірным небам": 1053 канцэрты, больш за 200 новых песень, сярод якіх вельмі шмат беларускамоўных. Не ўсе, можа, ведаюць, што спявачка з'яўлялася ў гэтых праграмах і іх аўтарам, прымала самы актыўны ўдзел у распрацоўцы рэжысёрскіх, харэаграфічных, сцэнаграфічных рашэнняў, выступіла сааўтарам многіх твораў.
Малады баяніст, саліст сталічнай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка - лаўрэат ажно 32-х міжнародных конкурсаў. Яго канцэрты праходзілі ў найлепшых залах Беларусі і Еўропы, запісваліся радыё і тэлебачаннем, а два сольныя альбомы сталіся сапраўднай падзеяй не толькі ў беларускім, але і ў сусветным музычным выканальніцтве, бо ён узняў баян да ўзроўню такіх прызнаных сольных інструментаў, як скрыпка ці фартэпіяна.
Прайшоў першы адбор і спектакль Купалаўскага тэатра "Пінская шляхта". Дзяржаўную прэмію за яго могуць атрымаць трое. Гэта выканаўца галоўнай ролі, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, які іграе асэсара Кручкова не толькі ў нас, але і ў Варшаве, дзе твор В.Дуніна-Марцінкевіча ўвасоблены той жа пастановачнай групай. Разам з вядомым артыстам намінуюцца мастак-пастаноўшчык Вольга Мацкевіч і кампазітар Андрэй Зубрыч.
У галіне літаратуры найперш былі адзначаны творы для дзяцей: кніга Міколы Чарняўскага "Сонечны кошык" і серыя кніг "Сем цудаў Беларусі" Анатоля Бутэвіча.
Не мае на сёння канкурэнтаў творчы калектыў, вылучаны ў галіне архітэктуры за рэканструкцыю і рэстаўрацыю Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. У яго складзе - галоўны архітэктар комплексу Анатоль Шабалін, галоўны архітэктар праекта Раіса Рымашэўская і навуковы кіраўнік работ па гісторыка-культурнай каштоўнасці Людміла Іванова.
Што ні кажыце, жорсткі адбор. Але таго патрабуе сам статус Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.