Гран-пры атрымлівае... праўда жыцця

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

29 верасня па 3 кастрычніка ў Брэсце шосты раз прайшоў Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. З перыядычнасцю адзін раз на два гады ён збірае ў горадзе над Бугам усе мастацкія стужкі, знятыя за апошні час айчыннымі кінематаграфістамі.

 /i/content/pi/cult/132/694/Gran-priKino2.jpg
Рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

Не сталася выключэннем і сёлетняя праграма. У конкурсных паказах, што адбываліся ў брэсцкіх кінатэатрах “Беларусь”, “Мір” і кінавідэацэнтры “1 Мая”, былі прадстаўлены як поўнаметражныя работы, так і “кароткі метр”, анімацыя, дакументалістыка; сацыяльныя ролікі работы сталых мэтраў айчыннага кіно суседнічалі з дэбютнымі стужкамі маладых кінематаграфістаў, іх студэнцкімі работамі.
Фестывальны кінатыдзень сабраў разам вучэбныя фільмы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, студыі
SVS Белдзяржуніверсітэта, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, творчай студыі “Летапіс”, айчынных аніматараў, прыватнай студыі Аляксея Туровіча...
І ўсё ж назваць брэсцкі кінафестываль конкурсам у поўнай ступені не выпадае. Найперш таму, што пераважная большасць стужак, заяўленых у конкурснай праграме фестывалю, добра вядома і кінакрытыкам, і кінадзеячам, якія складаюць журы фестывалю, ды і простым гледачам таксама.
Думаецца, што фестываль гэты ўяўляе сабой своеасаблівую “комплексную рэвізію” кінагаліны — у кампактным зборы ўсяго плёну апошніх двух гадоў становяцца больш відочнымі тэндэнцыі і накірункі, уласцівыя сёння беларускаму кінематографу.
Значную частку фестывальнай праграмы склалі кароткаметражныя фільмы, а таксама невялічкія сацыяльныя ролікі.
Не толькі фестываль, але і сама практыка сучасных медыя паказвае, што падобная “кінанепрацягласць” карыстаецца шырокім попытам, прычым не толькі ў нас, а і за мяжой — у прыватнасці, створаныя нашымі кінематаграфістамі

 /i/content/pi/cult/132/694/Gran-priKino1.jpg
 Кадр з фільма “Маёр Ветраў”.

сацыяльныя ролікі з задавальненнем закупляюць замежныя тэлеканалы. А вось айчынная дакументалістыка, пабудаваная, часцей за ўсё, у форме аповеду пра людзей нашай краіны, “звыклых” і выбітных, уяўляе сабой адмысловую мазаіку, што складваецца ў карціну нашага сучаснага грамадства. Па рашэнні журы, лепшым дакументальным фільмам на сёлетнім фестывалі названа “Крывая ніва” рэжысёра Сяргея Рыбакова; сярод іншых работ, адзначаных спецыяльнымі дыпломамі, — “Уладзімір Бядуля” Анатоля Алая, “Час 03” Мікалая Князева, “Ідучы Ян” Міхаіла Якжэна, “Буслы Роўбіцка” Ігара Бышнёва...
Айчынныя аніматары, якія не так даўно адзначыліся на “Анімаёўцы”, атрымалі ў Брэсце дзве ўзнагароды: чарговыя серыі “Рэактыўнага парасяці” Аляксандра Ленкіна былі названы лепшымі сярод анімацыйных работ, а лепшае выяўленчае рашэнне мае “Чароўная лаўка” Алены Пяткевіч.
За лепшую рэжысуру адзначаны Аляксандр Карпаў і дзве яго работы: “Сёння вечарам абыдземся без ахвяр” і “Пагаворым на “ты”, ці Сеанс скульптурнай лепкі як псіхааналіз”; у той жа час у намінацыі “Лепшы гульнёвы фільм” адзначаны Аляксандр Яфрэмаў і ягоная стужка “Рыфмуецца з каханнем”.
Лепшым відэафільмам названы “Тры талеры” Ігара Чацверыкова.
Кінадраматург Мікалай Чаргінец за фільм “Маёр Ветраў” адзначаны спецыяльнай узнагародай, заснаванай Палатай прадстаўнікоў, якую яму ўручыла ў Брэсце Наталля Аўдзеева.
Дарэчы, стужка “Я помню...” была адзначана за лепшы сцэнарый (драматург — Фёдар Конеў), а таксама за лепшае музычна-гукавое рашэнне (кампазітар — Віктар Капыцько). За лепшыя акцёрскія работы былі адзначаны Юлія Кадушкевіч (жаночая роля) і Генадзь Гарбук (мужчынская роля), які, дарэчы, атрымаў прыз і за ролю ў “Ворагах”.
А за ролі другога плана ўзнагароды атрымалі Аляксандр Ждановіч (“Спакуса”) і Святлана Бароўская (“Пяшчотная зіма”).
Ні для кога не сакрэт, што беларускі кінематограф — гэта не проста “кінавытворчасць”: яго “прадукцыя” шмат у чым грунтуецца на пераемнасці і прадаўжэнні тых традыцый, што складаліся дзесяцігоддзямі.
За гэтымі традыцыямі стаяць канкрэтныя асобы, многіх з якіх сёння ўжо няма з намі. Але ў памяць аб іх фестываль заснаваў тры спецыяльныя ўзнагароды. І сёлета прыз імя Віктара Турава “За лепшы дэбют у кіно” атрымала малады рэжысёр Марыя Мажар за стужку “Ворагі”, прызам імя Юрыя Марухіна “За аператарскае майстэрства” ўганаравана Таццяна Логінава (стужка “Завядзёнка”), а прыз імя Міхаіла Пташука “Момант ісціны” (“За лепшы студэнцкі фільм”) дастаўся Наталлі Копацевай за стужку “Ілля”.

 /i/content/pi/cult/132/694/Gran-priKino3.jpg
 Кадр з мультфільма “Рэактыўнае парася”.

Але галоўнай “інтрыгай” фестывалю стаўся той факт, што сярод стужак, такіх розных паводле сваёй творчай і тэматычнай скіраванасці, Гран-пры фестывалю быў удастоены... дакументальны фільм! “Завядзёнка” рэжысёра Галіны Адамовіч скарыла ўсіх сваёй шчырасцю, прастатой аповеду і, разам з тым, дакладнасцю адчування і перадачы тых асноватворных жыццёвых каштоўнасцей, якімі характарызуецца “загадкавая беларуская душа”. Побытавыя клопаты ператвараюцца ў своеасаблівы рытуал, які заключае ўсё жыццё герояў фільма — вялікай вясковай сям’і — у своеасаблівае містычнае кола. А яшчэ поспех “Завядзёнкі” відавочна пацвердзіў той факт, што айчынная дакументалістыка сёння значна апярэджвае беларускае мастацкае кіно — найперш за кошт прастаты і “празрыстасці” паказу нашага “пазнавальнага” жыцця.
Дарэчы, нельга абысці ўвагай і яшчэ адну фестывальную навіну, якая, хоць і не звязана з асноўнай конкурснай праграмай фестывалю, усё ж, відавочна, менавіта ім “справакавана”. Як было зазначана падчас цырымоніі закрыцця фестывалю, неўзабаве ў Брэсце з’явіцца вуліца, якая будзе насіць імя Міхаіла Пташука. І гэта, як мне падаецца, не толькі даніна памяці і знак павагі да багатай творчай спадчыны, якую пакінуў нам гэты цудоўны мастак, але і павага да ўласнай гісторыі, культуры, знак таго, што беларусы жывуць не толькі “сацыяльна-эканамічнымі клопатамі”, а дбаюць і пра сваё духоўнае жыццё, пра памяць і захаванне лепшых традыцый і ўзораў айчыннай культуры і мастацтва для будучых пакаленняў.

Таццяна КОМАНАВА
Мінск — Брэст — Мінск