Старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец заўважыў, што ў абласным цэнтры летась было арганізавана звыш 220 знакавых культурных мерапрыемстваў. Атрымліваецца, падлічылі мы, па важкай падзеі амаль на кожны будні дзень. А з улікам таго, што асноўная актыўнасць у "спажыванні" творчага "прадукту" для гараджан, як правіла, прыпадае на "ўік-энд", можна смела рэзюмаваць наступнае: Гомель жыў летась, не раўнуючы, у рэжыме культурнага нон-стопу.
- Але галоўнае, - дадаў Віктар Піліпец, - што ганаровае званне Культурнай сталіцы Беларусі і СНД дазволіла аб'яднаць мноства людзей ідэяй захавання і развіцця нацыянальнай культуры, дало імпульс для рэалізацыі новых арыгінальных праектаў...
Што да праектаў, дык, падаецца, было б сапраўды добрай традыцыяй, каб падмурак таго ці іншага адметнага пачынання, закладзены папярэдняй Культурнай сталіцай краіны, нарошчваў магутнасці і прырастаў галінамі-ідэямі і ў наступнай. А ці падхопіць штось з гомельскіх ініцыятыў Нясвіж? Прынамсі, старшыня райвыканкама Іван Крупко, прымаючы ад Гомеля эстафету Культурнай сталіцы Беларусі, адзначыў: мясцовыя ўлады прыкладуць усе намаганні, каб запланаваныя ў рамках рэспубліканскай акцыі мерапрыемствы прайшлі на самым высокім узроўні. І, натуральна, запрасіў усіх прысутных наведаць старадаўні Нясвіж...
А некалькімі гадзінамі раней у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, адказваючы на пытанні журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ з нагоды завяршэння акцыі "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011", намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі зазначыў:
- Статус Культурнай сталіцы дапамагае прэзентаваць самабытнасць беларускіх гарадоў, - заўважыў Тадэуш Стружэцкі, - а таксама дае магчымасць прыцягнуць на рэалізацыю разнастайных праектаў спонсарскія сродкі, развіваць і папулярызаваць традыцыі нацыянальнай культуры...
Урэшце, па перакананні намесніка міністра, актыўнасць у сферы, якую праявілі гамяльчане, сведчыць пра значнасць і запатрабаванасць рэспубліканскага праекта "Культурная сталіца Беларусі", распачатага, нагадаем, у 2010-м у Полацку.
Закранутую вышэй тэму фарміравання традыцый акцыі закранула і намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Алена Клічкоўская. Яна адзначыла, што, дзякуючы правядзенню рэспубліканскага праекта, у горадзе над Сожам пабывалі і шматлікія замежныя творчыя калектывы. Тое стала магчымым якраз ва ўзаемадзеянні з дзяржавамі - удзельніцамі СНД, чыю культуру рэпрэзентаваў летась, поруч з расійскім Ульянаўскам, і наш абласны цэнтр.
- У Гомелі прайшлі Дні культуры Казахстана, Азербайджана, Расіі, Грузіі, Арменіі, Малдовы, Украіны, - адзначыла Алена Клічкоўская. - Многія гомельскія ансамблі і салісты наведалі цягам 2011-га Расію, Украіну, Казахстан, Францыю. Усё гэта я лічу вельмі важным, бо дзякуючы рэспубліканскай і міжнароднай акцыям горад над Сожам здолеў прадэманстраваць дасягненні айчыннай культуры за межамі Беларусі...
Тым жа днём у Нацыянальным мастацкім музеі краіны адкрылася выстаўка "Шэдэўры кніжнага мастацтва XVI - пачатку XX стагоддзя". Увазе гледачоў былі прадстаўлены рарытэтныя фаліянты з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Шклярава.
Самы старажытны манускрыпт, прывезены гамяльчанамі, - Евангелле-тэтр 1-й паловы XVI стагоддзя. Таксама на выстаўцы экспанаваліся ўнікальныя выданні першых з кагорты беларускіх і наогул усходнеславянскіх друкароў: Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды і Анісіма Радзішэўскага...
Тым жа днём цэнтр гомельскай прэзентацыі перамясціўся ў будынак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Перад пачаткам ужо згаданых урачыстасцей была прэзентавана яшчэ адна выстаўка пад назвай "Народная творчасць Гомельшчыны". Пасля яе адкрыцця і афіцыйнай часткі адбыўся паказ спектакля Гомельскага абласнога драматычнага тэатра "Хросная маці" паводле п'есы Максіма Горкага "Васа Жалязнова". Дарэчы, пастаноўка стала ўдзельніцай яшчэ адной брэндавай рэспубліканскай ініцыятывы, распачатай летась, - Нацыян альнай тэатральнай прэміі.
А ў якасці пажадання Нясвіжу і наступным гарадам - удзельнікам буйнамаштабнай рэспубліканскай акцыі прагучалі словы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі: "Хацелася б, каб усе гарады, што атрымалі ў розны час статус Культурнай сталіцы, назаўжды заставаліся культурнымі".
Вынікі акцыі-2011
Карэспандэнт "К" распытаў некаторых гасцей прэзентацыі пра іх бачанне традыцыйнай ужо акцыі "Культурная сталіца Беларусі" і асаблівасці яе правядзення ў Гомелі.
Аляксандр ШАЦЬКО, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (выбраны па Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе):
- Рэспубліканская акцыя дазваляе напоўніцу раскрыць культурны патэнцыял таго або іншага паселішча нашай краіны. Цягам года Культурная сталіца, як летась Гомель і пазалетась Полацк, жыве насычаным творчым жыццём: сюды прыязджае шмат прафесійных і аматарскіх калектываў як з Беларусі, так і з замежжа, тут ладзяцца выстаўкі і адбываюцца прэзентацыі разнастайных праектаў. Важна, што высокая планка гарадскога культурнага жыцця, думаецца, захоўваецца і пасля заканчэння рэспубліканскай акцыі...
Сяргей ГУЛЬЧЫН, намеснік дырэктара па інфармацыйнай рабоце Гомельскага абласнога драматычнага тэатра:
- У рамках рэспубліканскай акцыі ў Гомель на гастролі прыязджалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Таксама наш горад наведалі артысты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Чарнігава і многіх іншых гарадоў. Таму тое, што Гомель быў абраны летась Культурнай сталіцай Беларусі і СНД, на маю думку, значна ажывіла гарадское жыццё, зрабіла яго вельмі насычаным і разнастайным...
Ірына ПЫРКОВА, дырэктар Гомельскай абласной філармоніі:
- Абвяшчэнне Гомеля Культурнай сталіцай Беларусі і СНД у 2011 годзе, безумоўна, прыцягнула ўвагу гледачоў да нашых мерапрыемстваў. Магу адзначыць, што павялічылася колькасць замежных наведвальнікаў нашых канцэртаў, асабліва - жыхароў з краін блізкага замежжа: Расіі і Украіны. Таксама мы змаглі ўбачыць на сваёй сцэне артыстаў з Малдовы, Казахстана, завязаць новыя цікавыя знаёмствы. Натуральна, збіраемся і надалей падтрымліваць добрыя творчыя стасункі з нашымі калегамі з іншых краін. Так што, я па-добраму зайздрошчу цяпер Нясвіжу, які быў абраны Культурнай сталіцай Беларусі-2012!..
Валянціна ДУБРОВА, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна:
- Цягам 2011-га ва ўсіх бібліятэках абласнога цэнтра прайшло шмат мерапрыемстваў, прысвечаных акцыі "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД". Гэта і шматлікія кніжныя выстаўкі, і "круглыя сталы", і семінары, і знаёмствы з нашымі калегамі з іншых краін... Усяго не пералічыць! Дадзеныя мерапрыемствы, па маім перакананні, надалі новы імпульс развіццю бібліятэчнай справы на Гомельшчыне...
Рыгор КОЗЫРАЎ, начальнік аддзела культуры Добрушскага райвыканкама:
- Акцыя "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011" дала, на маю думку, жыхарам і нашага, суседняга з горадам над Сожам, раёна вельмі шмат. Па-першае, многія дабрушчане змаглі наведаць тыя рэспубліканскія і міжнародныя мерапрыемствы, што ладзіліся ў абласным цэнтры, убачыць вядомых беларускіх выканаўцаў, папрысутнічаць на выстаўках і канцэртах. Па-другое, некаторыя з выставак былі зладжаны не толькі ў Гомелі, але і ў Добрушы, а яшчэ да нас таксама прыязджалі як беларускія, так і расійскія артысты. Таму, па маім меркаванні, акцыя "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011" паспрыяла развіццю культурнага жыцця не толькі ў абласным цэнтры, але і па ўсёй Гомельшчыне...
Фота Юрыя ІВАНОВА