«КАРОНА» КУЛЬТУРНАЙ СТАЛІЦЫ ПЕРАЙШЛА ДА НЯСВІЖА

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

27 студзеня Нясвіж урачыста адсвяткаваў першы дзень уваходжання ў статус Культурнай сталіцы Беларусі-2012. Пад час адкрыцця акцыі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, у прыватнасці, адзначыў: «Фактычна Нясвіж з’яўляецца нефармальнай культурнай сталіцай краіны ад даўніны да сучаснасці»...

/i/content/pi/cult/362/6938/1_1.jpegАд Ратушы да замка Радзівілаў

27 студзеня адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця рэспубліканскай акцыі "Нясвіж - Культурная сталіца Беларусі-2012". "Нясвіж - дыямент нацыянальнай культуры, бляск ад якога бачны не толькі ў самой Беларусі, але і далёка за яе межамі", - так акрэсліў ролю горада ў культурным жыцці краіны міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

Але спачатку было - дзейства. Марозным студзеньскім днём па заснежаных гарадскіх вуліцах старадаўняга Нясвіжа ўрачыста праехалі... вандроўныя дыліжансы. Скажаце, гэта госці з мінулых эпох? Сапраўды, саміх жыхароў старадаўняга горада яны, прызнацца, таксама ўразілі. Спыніліся дыліжансы напачатку каля Гарадской ратушы, дзе шматлікіх гасцей свята (сярод іх былі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, міністр спорту і турызму Алег Качан, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура, старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса ды іншыя асобы) павіталі Князь і Княгіня Радзівілы.

Пасля вітальных слоў артысты Заслужанага амат/i/content/pi/cult/362/6938/1_2.jpegарскага калектыву Рэспублікі Беларусь "Тэатр імя Уршулі Радзівіл", апранутыя ў святочныя старадаўнія касцюмы, запрасілі высокіх гасцей у Гарадскую ратушу. Тут і адбылося афіцыйнае адкрыццё рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі 2012-га".

Пад час мерапрыемства была падпісана Праграма культурных мерапрыемстваў, якія плануецца правесці ў Нясвіжы цягам бягучага года. Таксама тут жа, у Ратушы, старшыню Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Івану Крупко ўрачыста ўручаны сертыфікат і сімвал акцыі "Культурная сталіца Беларусі-2012".

Трэба сказаць, што літаральна ўвесь горад жыў у гэты дзень насычаным культурным жыццём. У прыватнасці, адкрылася кніжная выстаўка, падрыхтаваная бібліятэкарамі горада, а ў мясцовым Гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло музейнае свята пад назвай "Гістарычная вандроўка".

І, зразумела, адным з эпіцэнтраў святочных мерапрыемстваў стаў знакаміты Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль: тут прайшоў канцэрт опернага мастацтва "Музычныя скарбы Нясвіжа", дзе былі прадстаўлены фрагменты з оперы "Чужое багацце нікому не служыць", пастаўленай упершыню 200 гадоў таму ў замку Радзівілаў. Дзея, што адбылася ў тэатральнай зале Палацава-паркавага ансамбля, выклікала сапраўднае захапленне шматлікіх гледачоў.

Напрыканцы гэтага насычанага падзеямі дня ў Нясвіжскім раённым цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, а таксама аматарскіх калектываў Мінскай вобласці.


Госць свята

"Незабыўная Беларусь!"


Якія ж замежныя госці наведалі Нясвіж у дзень атрымання ім статуса Культурнай сталіцы Беларусі? Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Нясвіжскага райвыканкама Наталля Рыбакова пазнаёміла карэспандэнта "К" з намеснікам старшыні абшчыны Земуна, прыгарада сербскай сталіцы Белграда, Вольгай ЗОРЫЧ - нашчадкам генерала Сямёна Зорыча, што праславіў Шклоў неўтаймоўнай любоўю да мастацтва. Нагадаем, менавіта ён заснаваў там балетную трупу напрыканцы XVIII стагоддзя.

Мы пагутарылі з госцяй Беларусі, калі яна з захапленнем знаёмілася з культурай і эканомікай вёскі Сноў, што на Нясвіжчыне. Тым не менш, спадарыня Вольга ахвотна знайшла пару хвілін, каб адказаць на некалькі пытанняў "К".


- Спадарыня Вольга, вы ўпершыню на Беларусі?

- Так. Прыехала сюды разам з членам савета мэрыі Земуна.

- І якія ўражанні ад краіны, дзе пакінуў свой слаўны след ваш продак?

- Самыя незабыўныя! Я вельмі шчаслівая, бо беларускі народ - сапраўды ўнікальны. А Нясвіж, які становіцца Культурнай сталіцай вашай краіны 2012 года, уражвае і старадаўнасцю, і сучаснасцю. Адчуваю вялікае задавальненне ад таго, што знаходжуся сёння разам з вамі. І ганаруся, што Зорычы ў свой час зрабілі ўнёсак у гісторыю беларускай культуры.

- Асноўная мэта вашага прыезду?

- Наладжванне эканамічна-культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі славянскімі народамі. Мы маем намер правесці ў Земуне навукова-культурную канферэнцыю і запрасіць беларускіх навукоўцаў, артыстаў, дзеячаў культуры.

- Жадаем вам поспехаў!

- Вялікі дзякуй!

 

/i/content/pi/cult/362/6938/1_3.jpeg"Выключныя і элітарныя"

На 2012 год у Нясвіжы Міністэрствам культуры сумесна з Мінскім аблвыканкамам, Нясвіжскім райвыканкамам, установамі культуры і адукацыі, турыстычнымі арганізацыямі запланавана каля паўсотні знакавых мерапрыемстваў. "Усе гэтыя мерапрыемствы аб'ядноўвае іх выключнасць і элітарнасць", - перакананы міністр культуры Павел Латушка.

Акрамя афіцыйнага адкрыцця пасля рэстаўрацыі радзівілаўскага палаца XVI - XVIII стагоддзяў, упершыню ў краіне пройдзе форум прафесійных тэатраў "Тэатр Уршулі Радзівіл", дзе пакажуць спектаклі айчынных труп, звязаныя з гісторыяй роду Радзівілаў. Мяркуецца прэзентаваць выстаўкі эксклюзіўных старадрукаваных радзівілаўскіх выданняў XVI - XVIII стагоддзяў, калекцыі гістарычнага касцюма, калекцыі карт "Беларусь: картаграфічныя крыніцы XVI - XVIII стагоддзяў". Яркімі падзеямі ў культурным жыцці Нясвіжа сёлета стануць цыклы канцэртаў беларускай старадаўняй музыкі палацаў і сядзіб, выступленні ўдзельнікаў міжнародных фестываляў - Уладзіміра Співакова і Юрыя Башмета, - Фестываль опернага і балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў", XVII Свята мастацтваў "Музы Нясвіжа", што шмат гадоў ладзіцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Запланаваны Ноч музеяў ды шляхецкі баль у знакамітым палацы, а таксама прэзентацыя праекта "Залатая калекцыя беларускай песні", музычны вечар, прысвечаны творчасці кампазітараў Антонія і Мацея Радзівілаў, форум сярэднявечнай культуры "Рыцары Вялікага Княства ў старадаўнім Нясвіжы".

Зразумела, у Год кнігі знойдзе сваю рэалізацыю праект "Знакаміты нясвіжскі друкар", прымеркаваны да 450-годдзя з часу выдання Сымонам Будным у Нясвіжы першых друкаваных кніг на беларускай мове.

 

Праект-2012: слова ў дарогу

Святлана БАРАНОК, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама:

- Менавіта насычанае культурнае жыццё чакае сёлета Нясвіж. Да ўсяго, у гэтым горадзе захавалася каля 20 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Яго іміджу пасуе і такі факт: горад у свой час з'яўляўся некаранаванай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Мы чакаем, што сёлета гэты райцэнтр Мінскай вобласці наведае шмат турыстаў, асабліва ў сувязі з будучым адкрыццём Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля. Упэўнена, статус Культурнай сталіцы Беларусі надасць новы імпульс у развіцці сацыякультурнай сферы горада і раёна...

Ядвіга ТУРКОВА, дырэктар Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў:

- Сёлета ў мясцовай моладзі з'явіцца добрая магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі ўзорамі мастацтва. Так, з нецярплівасцю нашы вучні чакаюць прыезду з гастролямі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета краіны, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, салістаў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна, Музычнай капэлы "Санорус". Гэта асабліва важна, паколькі ў вучняў няма магчымасці часта наведваць культурныя мерапрыемствы ў Мінску. Акрамя таго, дзеці змогуць плённа павучыцца і ва ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу-пленэру мастакоў імя іх земляка-жывапісца Міхася Сеўрука.

Людміла ВІТКО, дырэктар Нясвіжскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:

- Галоўная мэта разнастайных распрацаваных мерапрыемстваў - зацікавіць як мага больш чытачоў звярнуцца да кнігі, праз цікавыя праекты далучыць іх да скарбаў беларускага друкаванага слова. Сярод такіх бібліятэчных акцый - сустрэчы з айчыннымі літаратарамі, святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння нашых класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы, у тым ліку пры актыўным удзеле абласнога Народнага клуба паэтаў і кампазітараў "Жывіца". Мусяць зацікавіць гараджан і такія праекты, як бук-кросінг пад дэвізам "Прачытаў кнігу - перадай іншаму!", "Кніга года", а таксама конкурс "Нясвіж - асяродак нацыянальнай культуры", разлічаны на старшакласнікаў...

Сваімі планамі і чаканнямі падзяліліся супрацоўнікі Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея:

- Да ўдзелу ў пленэры імя Міхася Сеўрука будуць запрошаны творцы з гарадоў-пабрацімаў, што раскіданы па ўсім свеце. Па выніках яго на суд наведвальнікаў музея будуць прадстаўлены лепшыя работы. У гасцей Культурнай сталіцы 2012 года таксама будзе магчымасць пазнаёміцца і з самімі творамі мастака-земляка, вялікая калекцыя якіх захоўваецца менавіта ў Нясвіжы...

Уладзімір ГІЛЕП, старшыня Беларускага фонду культуры, Беларускага камітэта ICOMOS:

- Правядзенне падобных рэспубліканскіх мерапрыемстваў спрыяе развіццю малых і сярэдніх гарадоў нашай краіны. Акцыя "Культурная сталіца Беларусі" мае не толькі культурнае, але і вялікае грамадскае значэнне. Дзякуючы падобным рэспубліканскім мерапрыемствам - прыгадаю яшчэ Дзень беларускага пісьменства, Фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла "Дажынкі" - адбываецца развіццё малых і сярэдніх беларускіх гарадоў як у культурным, так і ў гаспадарчым аспектах. Нясвіж тут будзе, лічу, яскравым прыкладам...


Матэрыялы развароту падрыхтавалі Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Яўген РАГІН і Юрый ІВАНОЎ (фота)