Канец работ — і пачатак

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Міншчына: будаўнічыя праекты

 

Як паведамляе "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, у Чэрвенскім раёне Смілавіцкая дзіцячая школа мастацтваў пераязджае ў адрамантаваны будынак. Работы абышліся ў 565 мільёнаў рублёў. Больш за два з іх - пазабюджэтныя сродкі мясцовага аддзела культуры, астатняя сума - з абласнога бюджэту.

На сёння, па словах Святланы Баранок, у ДШМ налічваецца 153 навучэнцы, дзейнічаюць інструментальнае і мастацкае аддзяленні. З новага навучальнага года ў выніку пашырэння школьных плошчаў установа займее магчымасць навучаць дзяцей харэаграфіі і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Натуральна, значна павялічыцца і колькасць навучэнцаў.

На абласныя грошы, як распавядае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама, будзе ўзведзены і новы Дом культуры ў раённым цэнтры Узда. "К" пісала пра тое, што ў горадзе няма ДК (стары будынак быў прызнаны аварыйным), а ўсе мерапрыемствы ладзяцца ў мясцовым кінатэатры. Аб'ект уключылі ў абласную інвестыцыйную праграму... Сёлета на будаўніцтва з абласнога бюджэту выдаткавана 30 мільярдаў рублёў. Работы завершацца ў наступным годзе. Тут будуць дзейнічаць дзве залы і кавярня, размесцяцца бібліятэка і ЗАГС.