Скарбы — у “дыямент”!

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Вынікі рэальнага вяртання

/i/content/pi/cult/362/6927/1-2.jpegЯк вядома, наша дзяржава прыкладае значныя намаганні ў справе пошуку, выяўлення і вяртання помнікаў кніжнай культуры. Акрамя таго, у гэтым кірунку ўсё больш эфектыўным становіцца дзяржаўна-прыватнае партнёрства, а таксама супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, замежнымі даследчыкамі.

Сёння ўсё часцей у друку сустракаюцца паведамленні аб віртуальнай рэканструкцыі асобных кнігазбораў, што некалі ствараліся на беларускіх землях. Час ад часу з'яўляюцца таксама і згадкі пра перадачу ў нашу краіну лічбавых копій тых або іншых кніжных помнікаў. Разам з тым, вельмі рэдкай з'явай застаюцца выпадкі рэальнага, а не віртуальнага вяртання на Беларусь некалі вывезеных кніжных скарбаў.

А таму кожная асобная акцыя перадачы кніжных помнікаў на Радзіму мае выключнае значэнне і выклікае вялікую цікавасць у грамадскасці. Адметнымі з'яўляюцца выпадкі, калі ў справе вяртання кніжных помнікаў на Бацькаўшчыну задзейнічаны не толькі дзяржаўныя службы, але і прыватныя асобы з-за мяжы.

У прыватнасці, па ініцыятыве старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерыя Казакова галоўная бібліятэка нашай краіны атрымала ў дар адразу некалькі дзясяткаў каштоўных тамоў. Сярод іх былі кніга знакамітага віцебскага гісторыка і краязнаўцы Аляксея Сапунова "Віцебская даўніна" (1885 г.) з аўтографам аўтара, арыгінальнае фаліянтнае выданне Бібліі (1823 г.), настаўленне па гісторыі і геральдыцы (1711 г.), поўны збор твораў Генрыка Ібсэна (1907 г.), апошнія выдадзеныя тамы Ліцавога летапіснага зводу і вялікая колькасць кніг ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Варта звярнуць увагу на надзвычай каштоўнае бібліяфільскае выданне альбома літаграфій вядомага мастака Міхаіла Шэмякіна да песень і вершаў Уладзіміра Высоцкага. Вялікую цікавасць уяўляюць таксама атрыманыя 14 альбомаў "Вялікая вайна ў вобразах і карцінах" (1914 - 1917 гг.), якія выдаваў Д.Я. Макоўскі паводле матэрыялаў часоў Першай сусветнай вайны.

Самымі важнымі з атрыманых НББ прэзентаў, думаецца, з'яўляюцца копіі Слуцкага л/i/content/pi/cult/362/6927/1-1.jpegетапісу (пач. XVI ст.) і Баркулабаўскай хронікі (пач. XVII ст.). Гэтыя летапісныя помнікі захоўваюцца сёння ў зборах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве і таму з'яўляюцца маладаступнымі для нашага чытача.

Пры падтрымцы Валерыя Казакова Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі былі перададзены не толькі якасныя лічбавыя копіі, але і раздрукаваныя ў арыгінальным фармаце факсімільныя копіі аркушаў з беларускіх летапісаў. Варта адзначыць, што амаль усе беларускія летапісы былі першапачаткова ўключаны ў склад значна большых па памерах зборнікаў. Такім чынам, гісторыя Беларусі аказваецца ўпісанай у агульнасусветны кантэкст, які абмінаўся пры папярэдніх выданнях беларускіх летапісаў. Гэтым разам Нацыянальная бібліятэка атрымала менавіта поўныя копіі арыгінальных рукапісаў, што павінна дазволіць даследчыкам больш глыбока прааналізаваць гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Дзякуючы гэтай ініцыятыве, для знаёмства нашага чытача са знешнім выглядам знакавых помнікаў, цяпер распрацоўваецца праект факсімільнага выдання беларускіх летапісаў, які, пры наяўнасці неабходных сродкаў, можа быць у хуткім часе рэалізаваны.

Варта прыгадаць і яшчэ адзін яскравы прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, што адбыўся ў рамках апошніх Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія штогод ладзіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У прыватнасці, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Уладзімір Шчасны ад імя Часовага Паверанага нашай краіны ў Швейцарскай Канфедэрацыі - спадара А.Кулажанкі - перадаў у зборы бібліятэкі некалькі каштоўных помнікаў. Першы з іх - выданне ўспамінаў прынцэсы Антуаны Радзівіл ("Луізы Прускай"), якія выйшлі пад назвай "Сорак пяць гадоў майго жыцця" ў Парыжы ў 1911-м. Пагадзіцеся, сапраўды каштоўны падарунак у кантэксце аднаўлення палаца Радзівілаў у Нясвіжы і іх колішніх бібліятэчных збораў!

Не меншую цікавасць уяўляе таксама лічбавая копія Нюрнбергскіх хронік пра аблогу і захоп Полацка войскамі Івана Жахлівага ў студзені 1563 г. Хронікі звяртаюць на сябе ўвагу не толькі зместам, у тым ліку цікавым апісаннем лёсу абаронцаў і жыхароў горада пасля яго захопу, але і аператыўнасцю падрыхтоўкі інфармацыі пра Беларусь у еўрапейскім друку (ужо ў год захопу Полацка хронікі выйшлі ў Нюрнбергу, Аўсбургу, Любеку, Празе ды іншых гарадах). Вялікую каштоўнасць маюць таксама ўключаныя ў хронікі гравюры, якія часам уражваюць натуралізмам падачы жахлівых падзей.

У межах Чытанняў адбылася перадача ў зборы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі цэлага шэрагу надзвычай цікавых дакументальных помнікаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да нашай краіны. Ініцыятарам і непасрэдным удзельнікам перадачы стала даўні сябар і калега беларускіх бібліятэкараў і даследчыкаў кніжнай культуры Беларусі спадарыня Моніка Банькоўскі, якая шмат гадоў працуе ў Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха ў Швейцарыі.

/i/content/pi/cult/362/6927/1-3.jpegСярод перададзенага ёю найперш звяртае на сябе ўвагу старадаўняя карта Паўночна-Усходняй Еўропы, выдадзеная ў Парыжы ў 1677 г. П'ерам Дзювалем. Яна мае цікавую назву: "Moscovie dite autrement Grande et Blanche Russie" ("Масковія, або Вялікая і Белая Русь"). Паказальна, што адно з цэнтральных месцаў на гэтай карце займае тэрыторыя нашай краіны. Аднак апрача як у назве карты словы "Белая Русь" больш не ўжываюцца. Замест іх мы знаходзім назвы асобных гарадоў ("Minski", "Vitepski", "Mohilou", "Nouogrodek", "Lida", "Miadzial", "Braslau", "Rohaczou", "Pinsk" ды іншыя), а таксама гісторыка-культурных рэгіёнаў. Трэба адзначыць, што карты беларускіх земляў XVI - XVIII стст. з'яўляюцца вельмі рэдкімі ў сучасных зборах нашай краіны.

Апрача таго, бібліятэка атрымала ад спадарыні Банькоўскі іншыя, таксама дагэтуль адсутныя ў нашых зборах, выданні. Сярод іх вылучаюцца амаль не вядомыя айчынным даследчыкам апісанні заходнееўрапейскіх падарожнікаў, якія наведвалі Беларусь у XVIII - XIX стст. і пакінулі пра тое свае ўспаміны. Праз гэтыя выданні паўстае вобраз загадкавага, не зусім зразумелага, але маляўнічага краю з багатай культурай. Найлепшым чынам раскрыць гэты вобраз дазвалялі ўспаміны ўраджэнцаў Беларусі, што таксама выдаваліся ў немалой колькасці ў Еўропе ХІХ ст. Адна з такіх кніг - "Успаміны прынцэсы Радзівіл (народжанай Кастэлян): 1840 - 1873".

Акрамя таго, адна з перададзеных, цудоўна ілюстраваных, кніг была падрыхтавана ў 1912-м да юбілею вайны 1812 года і можа быць цікавай у кантэксце сёлетняга юбілею той жа падзеі. Дарэчы, пячаткі на гэтай кнізе сведчаць, што да рэвалюцыі яна захоўвалася ў бібліятэцы Другога Брэсцкага чыгуначнага вучылішча. Звяртае на сябе ўвагу і тэматычна звязаная з папярэдняй кнігай аб'ёмная паэма "Беразіна", напісаная на нямецка-швейцарскай гаворцы кантона Глярус, што знаходзіцца на ўсходзе Швейцарыі.

Алесь СУША, вучоны сакратар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі

На здымках:

1. Землі Беларусі на даўняй еўрапейскай карце 1677 года, прэзентаванай спадарыняй М.Банькоўскі.

2. Факсімільныя копіі Слуцкага летапісу і Баркулабаўскай хронікі, перададзеных В.Казаковым.

3. Выданне "Віцебскай даўніны" з аўтографам Аляксея Сапунова.