Без “дыназаўраў”, канешне ж, танней...

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Прыкладная зона музыкі... ці музона, або Дзе ж ты, кампазітарская воля?

Канец мінулага года прайшоў у Беларусі пад знакам тэатра. Тут - і Першая Нацыянальная тэатральная прэмія, якая не толькі прадставіла шырокі разгорт айчынных спектакляў, але і выклікала роздум над многімі намінацыямі. І некалькі міжнародных тэатральных фестываляў запар, што далі магчымасць параўнанняў "у нас" і "ў іх". І, вядома ж, тэатральныя прэм'еры. Ці заўсёды музыка ў іх пасавала відовішчу ды агульнай задуме? "Апошняй кропляй" стаў навагодні выхад на экраны серыяла "Усё, што нам трэба": пры агульнай станоўчай ацэнцы, вялікая колькасць глядацкіх заўваг, выказаных у Інтэрнэце, дытычылася менавіта песень. Хаця музыку для тэатра і кіно традыцыйна называюць прыкладной, гэта не значыць, што да драматургічнай канцэпцыі спектакля можна "прыкладаць" што заўгодна. А між тым, гэта становіцца ледзь не тэндэнцыяй. І - вельмі небяспечнай!

Кампазітар у ролі "дыназаўра"

- Працуючы ў складзе экспертнага савета Нацыянальнай тэатральнай прэміі, - дзеліцца ўражаннямі кампазітар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Вячаслаў Кузняцоў, - я звярнуў увагу, што музыка выкарыстоўваецца пераважна як фон ці ілюстрацыя. І толькі ў рэдкіх, можна сказаць, асобных выпадках - як драматургічны складнік спектакля. А між тым, музыка павінна быць такой жа дзейнай асобай, бо яна дапаўняе, "дагаворвае" аўтарскія і рэжысёрскія думкі, развіваецца разам з драматургіяй п'есы, існуе жыццём усяго тэатральнага арганізма. Але ў конкурсных спектаклях, замест усяго гэтага, яна, наадварот, часта перашкаджала ўспрыняццю, бо мільгацела стылявымі промахамі, выяўляла неадпаведнасць агульнай канцэпцыі, дэманструючы апору на танную эстрадную стылістыку, адсутнасць драматургічнага развіцця - спіс можна доўжыць. Так і хацелася ўсклікнуць: "Дзе ж вы, прафесійныя кампазітары, знаёмыя з музычнай драматургіяй?" Ды вось яны - яркія, таленавітыя, бліскучыя, з фантанам ідэй і жаданнем працаваць. Толькі рэжысёры іх не бачаць. Ці - не хочуць заўважаць? Я спецыяльна падлічыў: на два з паловай дзясяткі драмспектакляў - усяго тры прафесійныя кампазітары. Я з вялікай павагай стаўлюся да таленавітых інструменталістаў, якія пішуць музыку да спектакляў, сярод іх шмат сапраўды адораных музыкантаў, якія тонка адчуваюць спецыфіку сцэны, але 12 працэнтаў супраць 88-і - ці не занадта? Па меншай меры, дысананс. А зусім нядаўна ўсе вядучыя тэатры мелі свайго загадчыка музычнай часткі. Знакамітыя кампазітары не толькі пісалі музыку да спектакляў і дырыжыравалі тэатральным аркестрам (!), але і рэкамендавалі рэжысёру цікавых, самабытных творцаў, дапамагалі падбіраць для пастаноўкі музыку розных стыляў і эпох. У чымсьці цяперашніх рэжысёраў можна зразумець, бо з "профі" цяжка працаваць: амбіцыі, запыты, "акадэмізм", які, бывае, выдае нафталінам, няўменне валодаць камп'ютарнымі тэхналогіямі, фінансавыя прэтэнзіі. А з "новымі імёнамі" - хутка, ненадакучліва, танна. Шкада, што дыпламаваны кампазітар уяўляецца рэжысёру гэткім "дыназаўрам", які піша толькі санаты ды фугі.

Сыграйце нам... вобраз

Няўжо і сапраўды ўсё так дрэнна і няма ніводнага станоўчага прыкладу? Чаму ж: прэмія за лепшую музыку справядліва дасталася Алегу Хадоску, аўтару опер, балетаў, сімфоній, кантат, - за працу з купалаўцамі. Дый сталічны лялечны тэатр звычайна радуе музычнай разнастайнасцю. Зусім нядаўна на яго сцэне гасцявала нават... опера, якую артысты спявалі "жыўцом" - у спрошчанай версіі. А "жывыя музыканты" на Купалаўскай сцэне?

- У сярэдзіне 80-х, - распавядае лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кампазітар Уладзімір Кур'ян, - калі я ўзначаліў музычную частку Купалаўскага тэатра - пасля Сяргея Картэса і Уладзіміра Будніка, - музыкантаў нават хацелі распусціць: маўляў, дастаткова запісу, дый грошы сэканомяцца. Але мне ўдалося ўгаварыць кіраўніцтва не рабіць гэтага. І сёння наш тэатр застаўся адзіным, дзе ў штаце прадугледжаны музыканты, дакладней - артысты аркестра. Іх сямёра. І слова "артысты" для іх  - невыпадковае: кожны не толькі ўмее граць на некалькіх інструментах, але і здольны выйсці на сцэну ў тэатральным касцюме, атрымаць у спектаклі невялічкую ролю (нават, бывае, са словамі) і данесці адпаведны вобраз. Часам выступаюць яны і ў фае, перад спектаклем, умеюць імправізаваць, у тым ліку адразу ансамблем, а не толькі сольна. Гэта не значыць, што ў нашых спектаклях не выкарыстоўваецца запіс ці электроніка, наадварот, іх становіцца ўсё больш, але наяўнасць у тэатры "жывых музыкантаў" дае рэжысёрам куды больш магчымасцей. І - надзвычай ажыўляе відовішча, прыцягвае глядацкую ўвагу.

Нам не трэба "мусі-пусі"!

Замежная практыка сведчыць: сінтэз музыкі і тэатра - адзін з галоўных кірункаў сучаснага мастацтва. Усё шырэй распаўсюджваюцца прыёмы так званага "інструментальнага тэатра", калі выкананне акадэмічнага твора суправаджаецца разнастайнымі рухамі і сцэнічнымі дзеяннямі музыкантаў, часта - у адметных строях. У камерных операх ды мадэрн-балетах музыканты разам са сваімі інструментамі знаходзяцца на сцэне і становяцца дзейнымі асобамі спектакля. Тое ж самае адбываецца ў драмтэатры - дастаткова ўзгадаць хаця б сумесны беларуска-расійскі праект, чэхаўскае "Вяселле", пастаўленае на Купалаўскай сцэне. Эксперыментуе ў гэтым плане і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

- Усё пачалося з рэжысёра, - распавядае кампазітар і акардэаніст, кіраўнік гурта "Гурзуф" Ягор Забелаў. - Аляксей Ляляўскі ўбачыў наш канцэрт і запрасіў мяне супрацоўнічаць. Я вельмі хваляваўся, бо тэатральнага вопыту ў мяне не было ніякага. І цяпер, наноў ацэньваючы сваю першую "лялечную" працу - музыку да спектакля "Сіняя птушка", разумею, што сёння многае зрабіў бы інакш: менш страката і больш канцэптуальна. Але рэжысёр у мяне паверыў, і разам мы ставілі яшчэ некалькі спектакляў, у тым ліку ў замежжы: двойчы ў Германіі ("Мобі Дзік" паводле рамана Германа Мелвіла і "Адысей"), у Польшчы ("Гулівер"), Славеніі ("Папялушка"). Аляксей Анатольевіч увогуле падтрымлівае самыя рознастылёвыя, разнажанравыя падыходы ў музычным начынні спектакля. Звычайна кажа штосьці накшталт: "Не трэба мне "мусі-пусі", маючы на ўвазе немудрагелістыя песенькі. Усе свае спектаклі, нават дзіцячыя, ён робіць паводле сэнсу шматслойнымі: гэта - для дзяцей, а вось гэта - для бацькоў. Таму і музыка яму патрабуецца адпаведная. Шукаем звычайна разам: ён расказвае, што хоча, жыва рэагуе на мае прапановы, прадастаўляе творчую свабоду, не ўводзіць нейкіх абмежаванняў. Не дзіва, што амаль кожны спектакль вылучаецца выбарам не толькі музычнага стылю, але і саміх тэмбраў. Тая ж "Папялушка" ў Славеніі ішла цалкам жывым гукам: я сам граў на акардэоне і ўдзельнічаў у спектаклі як акцёр. А для нямецкага "Адысея" паспрабаваў знайсці "ліру па-беларуску" і звярнуўся да нашых прэпарыраваных альтовых цымбалаў - вядома ж, у запісе. Дый для іншых спектакляў шукаем адметную фанасферу, якая ствараецца за кошт падбору адметных інструментальных спалучэнняў. Шмат даюць мне ў гэтым сэнсе і замежныя паездкі. Нават калі гастралюю з "Гурзуфам" (толькі што, дарэчы, мы вярнуліся са Швейцарыі), заўсёды цікаўлюся тэатральнай культурай краіны, дзе выступаем, асаблівую ўвагу звяртаю на ролю музыкі ў іх спектаклях. Дый сам Ляляўскі мае надзвычай багаты досвед і заўсёды гатовы дапамагчы, падказаць.

Эх, каб не музыка...

На жаль, такое становішча - далёка не ва ўсіх тэатрах. Так што справа, пэўна, не толькі ў наяўнасці ці адсутнасці штатных музыкантаў у тэатры, але і ў самім рэжысёрскім стаўленні да музыкі, разуменні яе гэткім "непатрэбным дадаткам" ці такім жа паўнавартасным складнікам спектакля, як сцэнаграфія ды ігра артыстаў.

- Паводле маіх назіранняў, - лічыць заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кампазітар Віктар Войцік, - з'явілася цэлае пакаленне рэжысёраў, якія папросту "не бачаць" музыку. У свой час я загадваў музычнай часткай Тэатра імя Горкага, плённа працаваў з рэжысёрам Барысам Глаголіным, які пазней стаў дырэктарам Маскоўскага тэатра на Таганцы. Памятаю, як ён вымушаў артыстаў рухацца ў такт музыцы, хаця гэта былі зусім не музычныя, а звычайныя драматычныя спектаклі. Штосьці з назапашаных традыцый, вядома, захоўваецца, працягваецца, развіваецца, але агульнае стаўленне да музыкі ў драмтэатры сёння іншае. Узгадаю амаль анекдатычны выпадак, як аднаго вельмі таленавітага рэжысёра запрасілі паставіць... оперу. Раней ён у гэтым жанры не працаваў, было шмат складанасцей, непаразуменняў. Нарэшце, паспяхова прайшла прэм'ера, усе віншуюць рэжысёра. А ён у адказ: "Эх, каб не гэтая ваша музыка, я такі спектакль паставіў бы!" І гэта, падкрэслю, - пра оперу. Што ж тады казаць пра драматычныя спектаклі?..

Рэжысёры часам папросту не ведаюць, што ім з той музыкай рабіць і навошта яна патрэбна. Маўляў, песні - гэта яшчэ зразумела, але калі спектакль з песнямі - значыць, адразу мюзікл. Здараецца, нават артысты выступаюць супраць. І не таму, што ім самім даводзіцца спяваць: маўляў, музыка "за кадрам" перашкаджае ім іграць, "збівае". Насамрэч, усё прасцей. Рэжысёры і акцёры, бывае, баяцца музыкі арыгінальнай, яркай, запамінальнай, бо разумеюць, што яна можа "перайграць" іх саміх. Вось і схіляюцца, пераважна, да шумавых, фонавых эфектаў, да разумення музыкі ўсяго толькі як "афармлення". А між тым, нават праславутая "нарэзка", калі выкарыстоўваюцца фрагменты вядомых твораў, патрабуе вялізных высілкаў: трэба літаральна да секунды пралічыць, што і дзе павінна ўключацца, дзе і як выключацца. А часам, здараецца, цытату абрываюць на паўслове - дакладней, на паўноце, "стыкі" атрымліваюцца нягеглымі. Дый сам падбор цытат выклікае здзіўленне: бывае, яны ніяк не стасуюцца ні са стылістыкай, ні з вобразным строем, ні з агульнай драматургіяй п'есы. Так што выйсце, думаю, не столькі ўласна ў музычнай адукацыі рэжысёраў, акцёраў і ўсіх, хто спрычыняецца да спектакля, колькі ў іх агульным мастацкім развіцці ды гусце.

Прывід грошай

Але ж удалося неяк Уладзіміру Кандрусевічу стаць самым, бадай, запатрабаваным на сёння тэатральным кампазітарам. Колькасць спектакляў, музыку да якіх ён напісаў, штогод падлічваецца не адзінкамі, а ледзь не дзясяткамі! Многія пастаноўкі яго музыка папросту "выцягвае", бо на ёй трымаецца літаральна ўвесь спектакль. Ён жа стаў і жывым класікам беларускага мюзікла, ствараючы такія творы і для музычных тэатраў, і для драматычных - з улікам спеўных магчымасцей артыстаў.

- Уяўленне пра будучы спектакль, - распавядае Уладзімір Кандрусевіч, - заўсёды зыходзіць найперш ад рэжысёра. Здараецца, я бачу характары герояў інакш, але трэба быць гнуткім, умець тактоўна давесці сваю пазіцыю і выслухаць супрацьлеглы бок. Звычайна я прыношу некалькі варыянтаў тэм, каб рэжысёру было з чаго выбіраць. Знайсці паразуменне можна заўсёды - было б жаданне. Ды толькі... Апошнім часам тэатры пачынаюць адмаўляцца ад арыгінальнай музыкі з вельмі простай прычыны: з-за эканоміі грошай. Робяць так званы "падбор" - не толькі музыкі, але і дэкарацый, сцэнічных строяў, намагаючыся выпусціць прэм'еру, уклаўшы ў яе мінімум сродкаў. Але любое выкарыстанне музычных цытат павінна быць чымсьці апраўдана. Той жа музычны калаж, калі ён выкарыстоўваецца ў буйных акадэмічных творах, заўсёды нясе на сабе семантычную нагрузку, адсылае слухачоў да пэўнай эпохі ці тэматыкі. Тое ж самае павінна быць і ў тэатры драматычным: музыка проста "дзеля музыкі" там не патрэбна.

"Залігуем"?

Дзе ж выйсце?

- Можа, наспеў час, - выказвае думку Вячаслаў Кузняцоў, - стварыць, да прыкладу, Лігу прафесійных тэатральных кампазітараў пры Саюзе тэатральных дзеячаў? І ўжо праз яе адстойваць свае правы? Бо там павінна быць месца і таленавітым, самабытным інструменталістам, няхай і без дыплома кампазітара, якія валодалі б мастацтвам прыкладной музыкі...

 - Сілком не будзеш любы, - упэўнены Віктар Войцік. - Відаць, тэатр перажывае сёння далёка не лепшы свой перыяд - гэта перыяд змены эстэтыкі, і да музыкі яшчэ папросту не паспелі "дайсці" ўсур'ёз: рэжысёры не ведаюць, што з ёй рабіць. Дый кампазітары збольшага лянуюцца: знойдуць нейкую адну фарбу, возьмуцца за той або іншы жанр - і ўсё, пачынаюць далей тыражаваць тое, што аднойчы ў іх атрымалася. Так што вінаватых тут, здавалася б, няма. І шукаць іх не трэба! Але трэба як мага хутчэй асэнсаваць, што гукавая аўра спектакля складаецца не толькі з галасоў ды інтанацый акцёраў, але і з музыкі ў яе самым шырокім разуменні. Іншымі словамі - музыка можа і павінна быць такім жа паўнавартасным складнікам спектакля, які працуе на яго канцэпцыю, вызначае тэмпарытм, характары, драматургію. Ну, а калі той канцэпцыі папросту няма, дык... пра што размова?..

Так што выйсце, мабыць, адно: у агульным узняцці планкі нашага мастацтва. Як толькі тыя ж тэатры пачнуць арыентавацца не толькі на міфічнага "сярэднестатыстычнага" спажыўца (ды хто калі тую статыстыку вёў?), але і на сусветныя тэндэнцыі, яны самі пабягуць да кампазітараў. І не за песеннымі "мусі-пусі", а за найноўшымі музычнымі кірункамі ды тэхналогіямі, адпаведнымі самым перадавым тэатральным канцэпцыям.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"