У месяцовай чашы

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Постскрыптум да Каляд

/i/content/pi/cult/362/6924/9-4.jpgУ Галерэі Тызенгаўза, што ў Гродне, - персанальная выстаўка Валянціны Шоба "На Каляды".

З нашага мінулага ў будучае нетаропка шпацыруюць чарадзейныя конікі, якія вобразна аб'ядноўваюць большасць экспазіцыйных твораў. Свойскія жывёліны ў Валянціны розныя і па колеры, і па характары, і па той ролі, якую выконваюць у кругазвароце часу. Залаты конік вязе на залатых санках чароўныя ёлкі, каб напоўніць радасцю наш Святы вечар. Спакойны белы конік, якога вядзе смешны гном у востраканцовым капелюшы, запрашае нас у казку. Яркі чырвоны конь, спалучаючыся з колам часу, стылізаванымі сілуэтамі жывёлін на даматканым ручніку, падкрэслівае зімовую экспрэсію. Амаль кожны з начных абразкоў утрымлівае абрысы месяца - жоўтай поўні ці срэбнага ражка, якія ўваходзяць у структуру работы, узмацняючы яе рамантычнае гучанне. Сімвал рыбы на стале таксама плыве ў месяцовай чашы і набывае магічны сэнс.

Аўтар умее знайсці тую дэталь, якая арганічна ўпісваецца ў мастацкую канву твора і ўдакладняе яго агульны сэнс: амаль непрыкметную саву ў цёмнай лістоце, знаёмы ўзор слуцкага пояса на спіне коніка, няяркае хатняе святло ў акенцах, пяшчотную зорку на цёмным небасхіле. Выразная каларыстыка і ўмоўная пластыка выяўленчых элементаў работ, змяшаная тэхніка выканання бездакорна згарманізаваны аўтарам і ствараюць яркі эстэтычны эфект.

Марына ЗАГІДУЛІНА

Гродна