Толькі цяпер?

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Пра што думаюць авангардысты?

/i/content/pi/cult/362/6923/9-3.jpeg

У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва прайшла выстаўка мастакоў-авангардыстаў пад назвай "Just now". У ёй прынялі ўдзел і госці Віцебска.

Здавалася б, што можа распавесці работа сучаснага аўтара, ды яшчэ фармаліста? Аказваецца, вечныя тэмы хвалююць кожнага з нас. Як гэта ні парадаксальна, многія з аўтараў звярнуліся да тэмы быцця, духоўнага жыцця, да душы. Гэта колішнія ўдзельнікі творчага аб'яднання "Квадрат" (1987 - 1995 гг.) А.Малей, А.Дасужаў, А.Сепаў, В.Шылко, мастакі В.Васільеў, А.Фалей, Г.Васільева (куратар гэтага праекта), Т.Макляцова, Я.Толабава, Г.Фалей, В.Макаркоў (Мінск), М.Ганчарова (Брэст), Д.Даніловіч, Міла Марш (ЗША), а таксама і госць выстаўкі - З.Баўман (Швейцарыя).

А.Малей цягам амаль 20 гадоў працуе над праектам "Зваротная інфармацыя", дзе аналізуе паняцці "мастак", "аб'ект", "твор". Магутна і адначасова пяшчотна прагучала ў яго рабоце "Сіні анёл" тэма жыцця, чалавека. Сціпла спусціўся з нябёс і застыў у маўчанні анёл, прымаючы, ахоўваючы, абараняючы чалавека ад нягод...

А.Слепаў выставіў серыю скульптур. Адна з іх называецца "Той, хто нясе святло": гэта Праметэй, які лёгка і ўпэўнена аддае часцінку сябе, асвятляючы ўсё вакол святлом свайго сэрца. Дынаміка і рытм форм, рух плюс класічныя колеры авангарда - чорны, чырвоны, белы - арганізуюць атмасферу стварэння, свята, урачыстасці жыцця.

Па-іншаму пададзена тэма боскага ў дыптыху Т.Макляцовай "Анёл №...": перад намі - крылы залатыя і чорныя, хатнія пантофлікі, якія анёл зняў на хвіліну і застаўся з намі... Нездарма гэтую работу так упадабалі госці выставачнай залы.

У такім жа кантэксце ўрачыста гучаць жывапісныя палотны Д.Даніловіч "Чорная вежа" і "Белая вежа" - як гімн гармоніі, святлу і чалавеку. Дуальнасць быцця, свядомасці, чалавечай прыроды - усё адзіна і суцэльна ў гэтым свеце. Сувязным звяном паміж духоўным і рэальным стала інсталяцыя А.Фалей "Алфавіт з 11 літар", выкананая з будаўнічай сеткі, пенапласту, цэменту. Другая тэма, якая ярка прагучала на выстаўцы, - тэма духоўнай спадчыны, культуры, пераемнасці пакаленняў. Так, інсталяцыя Г.Васільевай "Сярэбраная нітка" прысвечана 100-годдзю творчага аб'яднання мюнхенскіх мастакоў "Сіні вершнік". Сувязь часоў і народаў, культур Захаду і Усходу знаходзіць адлюстраванне ў яе творчасці.

А.Дасужаў працуе з вялікімі каляровымі плоскасцямі, узбагачанымі невялікімі дэталямі, і ў экспазіцыі прадставіў работу "Прысвячэнне Эль Лісіцкаму". Твор - своеасаблівая даніна сусветна вядомаму генію ХХ стагоддзя. У гэтым ключы - і графічныя лісты Мілы Марш "Сканструяваны гарызонт". Свежа і арыгінальна выкарыстоўвае творца архітэктурныя формы хмарачосаў Амерыкі, ператвараючы іх у мастацкія вобразы. Вобраз адухоўленай прыроды рознымі сродкамі прадставілі В.Шылко і В.Васільеў. Узаемаадносіны чалавека і яго атачэння, жаданне абараніць свае асабістыя перажыванні ад умяшання знешняга свету, пакінуць terга inсоgnita - своеасаблівым пасланнем да гледача сталіся творы Н.Ганчаровай "Ён. Яна", Г.Фалея "Спазнай сябе", Я.Толабавай "Incognita". А вось пра час адыходзячы, жаданне спыніць імгненне жыцця ў вобразах мінулых дзён - інсталяцыя У.Макаркова "Дзяўчынка і цягнік". Завяршальным акордам выстаўкі, малітвай любові, сімвалам стваральнай, вечна маладой душы, сталася стужка пра швейцарскую мастачку Сюзанну Баўман. Гэтая незвычайная жанчына прыехала ў Віцебск у 1994-м і на доўгія гады звязала свой лёс з нашым горадам...

Гала ЛЕМ

Віцебск