“…Пэндзлем разважаю”

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

“Ад гэтых карцін светла ў вачах…”

/i/content/pi/cult/362/6922/9-2.jpg

У Нацыянальным мастацкім музеі ў рамках уласнага праекта "Нашы калекцыі" працуе выстаўка "Прасторы вольныя зямлі" (беларускі пейзаж 1950 - 2000-х гадоў), дзе экспануюцца каля 80 жывапісных пейзажных работ беларускіх творцаў. Усе яны - з "залатога фонду" музея.

Сярод іх - як даўно вядомыя гледачу палотны пэндзля "аксакалаў" - В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, Г.Вашчанкі, І.Ахрэмчыка, В.Грамыкі, П.Данэліі, М.Данцыга, С.Каткова, І.Карасёва, П.Масленнікава, Б.Аракчэева, І.Рэя, А.Кроля, А.Гугеля, І.Басава, І.Стасевіча, М.Назаранкі, Л.Дударанкі, А.Бархаткова, - так і трошкі прызабытыя, якія мала дэманстраваліся ў экспазіцыях (пейзажы А.Шыбнёва, М.Блішча, Г.Азгур, В.Сахненкі, А.Мазалёва, К.Харашэвіча, В.Дзежыца, В.Савіцкага і інш.).

Вельмі шмат прадстаўлена карцін мастакоў так званага сярэдняга і малодшага пакаленняў, якія ўнеслі свежы струмень у беларускі жывапіс на пераломе двух стагоддзяў: маю на ўвазе такіх майстроў, як Б.Казакоў, Р.Ландарскі, М.Казакевіч, М.Ісаёнак, М.Бушчык, А.Скавародка, Д.Алейнік, В.Шкаруба, А.Кузняцоў, К.Качан, А.Бараноўскі, А.Задорын, В.Валынец, Н.Чарнагалова, В.Ціханаў... Падкрэслю, што ў экспазіцыі - толькі малая частка тых пейзажных скарбаў, што знаходзяцца ў фондах музея.

Выстаўка беларускага пейзажа - гэта ўтульны, ціхамірны свет сонечнага летняга поўдня і барвянай восені, казачнай зімы і пранізлівай вясны, калі, здавалася б, час затрымлівае сваю хаду спецыяльна для таго, каб людзі паспелі заўважыць прыгажосць у розныя пары года. Тым не менш, жанр пейзажа ў выяўленчым мастацтве - не такая простая з'ява, як можа падацца на першы погляд, - ён мае сваю складаную гісторыю, якая цягам стагоддзяў папаўнялася ўсё новымі і новымі пластычнымі канцэптамі, плынямі, вобразамі, колерарытмікай, "сюжэтамі", новымі тэхнічнымі прыёмамі. Унутры гэтага жанру пастаянна, асабліва ў ХХ ст., ішла стыхійная барацьба паміж так званымі рэалістамі і фармалістамі, якая ў 30 - 50-я гады, у часы росквіту сацрэалізму, дасягнула свайго апагея. І, дарэчы, на матэрыяле сённяшняй выстаўкі таксама можна прасачыць сляды гэтай непрыкметнай для вока барацьбы. Нагадаю, 1 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі плануецца правесці "круглы стол" з удзелам мастацтвазнаўцаў і мастакоў-пейзажыстаў, прысвечаны праблемам сённяшняга стану беларускага пейзажа і перспектывам яго далейшага развіцця./i/content/pi/cult/362/6922/9-1.jpg

Хэмінгуэй казаў, што, наведваючы музеі, ён многаму навучыўся ў пейзажыста Поля Сезана. Але ён прызнаваў таксама, што не можа ўцямна, выразна растлумачыць, чаму ж менавіта ён навучыўся. А вось мастацтва беларускіх пейзажыстаў, хачу спадзявацца, нас вучыць многаму. Але і мне цяжка вызначыць, чаму ж менавіта. Мабыць, ужытковых азначэнняў, якімі мы карыстаемся, як разменнай манетай, не дастаткова, каб акрэсліць годнасць нават найлепшых палотнаў. Таму абмяжуюся самымі простымі словамі і скажу: экспазіцыя нагадвае нам, што такое вялікае мастацтва, сапраўдны жывапіс, паэзія фарбаў на ўсе густы. Паклонімся ж за тое мастакам-пейзажыстам - жывым і тым, хто не дажыў да гэтага часу. Калі я хадзіў па выстаўцы, давялося пачуць словы аднаго наведвальніка: "Ад гэтых карцін светла ў вачах, у душы - цёпла, на сэрцы - радасна і не хочацца выходзіць на вуліцу..."

Сапраўды, гэта так. Кожны можа знайсці для сябе ў экспазіцыі тое, што блізка яго душы і сэрцу: адных прыцягваюць натурныя "злепкі" з прыроды, пейзажы настрою, якія ствараліся ў 1950-я гады (у гэтых адносінах характэрны твор В.Бялыніцкага-Бірулі), іншых - разгорнутыя пейзажы-карціны, карціны-метафары, карціны-сімвалы, якія з'явіліся ў час "суровага стылю" і пазней, у 80 - 90-я гады. У пасляваенным жывапісе беларускія мастакі давяралі перш за ўсё назіранню, абапіраліся больш на непасрэдныя ўражанні, умелі іх ва ўсёй свежасці перанесці на палатно, і на гэтым шляху дасягалі вялікіх поспехаў. Пазней стала пераважаць мастацкае ўяўленне: "Бачу - і пэндзлем разважаю наконт убачанага". Сёння не існуе дылемы - назіранне альбо здагадка-выдумка: адно ўзбагачае другое. Здагадкі падганяюць наглядальнасць мастака, апошняя ўтрымлівае яго ад безразважнасці, хаця трэба прызнаць, што сёння рэдка хто з творцаў выязджае з эцюднікам "на пленэр", аддаючы перавагу працы ў майстэрні. Можа, таму сучасны пейзаж, імкнучыся стаць рацыянальна выбудаванай карцінай з увядзеннем чалавечых фігур, у чымсьці страціў пачуццё непасрэднасці, свежасці першага ўражання, жывой і тонкай паэзіі. Новы час дыктуе новыя вымярэнні - гэта зразумела. Усё гэта ёсць на выстаўцы, і тым яна цікавая. Да таго ж, экспазіцыя дае цудоўную нагоду паразважаць наконт таго, што можа быць з жанрам беларускага пейзажа заўтра...

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"