Хаджэнне оперы ў народ

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Мінулы “перад’юбілейны” сезон быў для Беларускай оперы багаты на падзеі: чатыры прэм’еры — гэта вам не жартачкі. І хаця ўсе пастаўленыя спектаклі— невялікія, падрыхтаваць і выпусціць іх ва ўмовах рамонту тэатральнага будынка — сапраўдны творчы подзвіг. Дый на юбілейны 75-ы сезон запланавана не менш творчых адкрыццяў.

/i/content/pi/cult/132/692/Opera1.jpg
 Сцэна з оперы “Аіда”.

Немагчыма не звярнуць увагу і на разнастайнасць стылёвай палітры прэм’ер, што ахоплівае чатыры стагоддзі. “Сіняя Барада і яго жонкі” беларускага кампазітара Віктара Капыцько стала ледзь не першай спробай тэатра ў жанры фарсу, дзе прыгодніцка-побытавы сюжэт, заснаваны на чахардзе парадыйных жаночых партрэтаў і трагедыі мужчынскай душы, спалучаўся з калажным ахопам рознавагавай музыкі — ад “а-ля Гендэль” да працяглай цытаты з Афенбаха.
Зварот да “Церама-церамка” І.Польскага быццам вярнуў эстэтыку 1950-х з яе песенна-куплетнымі прыярытэтамі і мовай спрошчанай рускай класікі. Тэатральнае ўвасабленне “Кававай кантаты” І.С.Баха і, “у дадатак”, канцэртная праграма старадаўняй музыкі падарылі артыстам рэдкую для цяперашняй опернай сцэны магчымасць дакрануцца да эпохі Барока, што вымагае ад музыкантаў прынцыпова іншых вакальных і інструментальных прыёмаў.
Нарэшце, завяршыўся мінулы сезон найвыдатнай прэм’ерай оперы П.Масканьі “Сельскі гонар”, дзе гарманічна спалучыліся ўсе складнікі музычнага спектакля, а эстэтычны напрамак верызму, яскравым прыкладам якога з’яўляецца гэты твор, атрымаў не толькі адкрыта эмацыйнае, але і асацыятыўна-філасофскае прачытанне.
Пры гэтым вызначальнай асновай спектакля засталася, як і належыць, музыка — пад чуйным кіраўніцтвам новага галоўнага дырыжора Віктара Пласкіны. Прыход гэтага музыканта ў наш калектыў трэба папраўдзе лічыць “пятай прэм’ерай” сезона — з імгненна заўважнымі зменамі агульнага ўзроўню музычнага боку ўсёй трупы і самымі далёкімі перспектывамі.
А колькі незабыўных сустрэч з оперным, камерна-вакальным і сімфанічным мастацтвам

 /i/content/pi/cult/132/692/Opera2.jpg
 Сцэна з оперы “Кармэн”.

падарыла надзвычай шырокая ў апошні час канцэртная дзейнасць тэатра! І салісты, і ўвесь калектыў папраўдзе “пайшлі ў народ”, чаргуючы спектаклі на часовай сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў з філарманічнымі выступленнямі і гэткімі “перманентна размеркаванымі” гастролямі па рэспубліцы, уключаючы выступленні на адкрытым паветры для самых шырокіх слухацкіх мас. Прычым не толькі па некалькі разоў аб’ездзілі абласныя цэнтры і буйныя канцэртныя пляцоўкі (накшталт Сафійскага сабора ў Полацку,маладзечанскага Палаца культуры, тэатра драмы і музычнай камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску), але і правялі творчую акцыю з 30-ці выступленняў “Майстры опернай сцэны — жыхарам аграгарадкоў”.
Выбітную канцэртную праграму падрыхтаваў ледзь не кожны саліст — найперш творчая моладзь, да якой у тэатры ставяцца з асаблівай увагай: даюць магчымасць рэалізаваць сябе і ў сцэнічным, і ў канцэртным амплуа.
Не забыліся ў тэатры і на міжнародны імідж опернай Беларусі.
Чарговыя гастролі ў Тайландзе, Германіі, Іспаніі, Швейцарыі і іншых краінах, куды выязджала ўся трупа і асобныя салісты, замацавалі і дадаткова пацвердзілі на сусветнай арэне высокі прафесійны ўзровень нашых музыкантаў. А ўдзел аркестра пад кіраўніцтвам В.Пласкіны ў ІІ Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета стаўся папраўдзе сенсацыйным, бо засланіў сабой канцэрты такіх сусветна вядомых калектываў, як “Новая Расія” і нават “Салісты Масквы”.
У свой юбілейны — 75-ы сезон Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь уступіў з не менш грандыёзнымі планамі. Рыхтуйцеся: 13 лістапада — прэм’ера оперы-араторыі І.Стравінскага “Цар Эдзіп” у канцэртным выкананні.

Надзея БУНЦЭВІЧ