Інвестыцыі ў спадчыну: варыяцыі на зададзеную тэму

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

У працяг “гарачай лініі”

"Гарачая лінія" з удзелам начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага выклікала шырокі інтарэс у чытачоў газеты "Культура". Працягам размовы стаў ліст чытача "К" Зміцера Патапчука з Пружан, які таксама ўдзельнічаў у "гарачай лініі", дзе ён ставіць пытанне па перспектывах надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці аб'екту прамысловай архітэктуры свайго раёна.

"Добры дзень, Ігар Мяфодзьевіч! Дзякуй Вам вялікі за адказы на пытанні пад час "гарачай лініі"!

Адказваючы на пытанне пра лёс сядзібы ў вёсцы Белавусаўшчына Пружанскага раёна, Вы сказалі, што прадстаўнікі грамадскасці часта звяртаюцца ў Міністэрства культуры позна, пасля таго, як помнік культуры ўжо зруйнавалі. Звяртаюся да Вас цяпер, пакуль яшчэ не позна захаваць сядзібу, якая не ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Але, магчыма, ёй там самае месца?

У Інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што на Пружаншчыне збіраюцца ўзарваць адну з першых беларускіх мануфактур, якая вельмі добра захавалася! Двухпавярховы гаспадарчы будынак ХІХ стагоддзя знаходзіцца ў вёсцы Семянча-ІІ, якая за тры кіламетры ад Пружан. Адметны гмах тым, што выглядае як паменшаная копія палаца Сапегаў у Ружанах. Паэт і мясцовы краязнаўца Мікола Папека кажа, будынак мог бы стаць прывабным турыстычным аб'ектам: "Гэты вельмі прыгожы, шыкоўны будынак, складзены з палявых вялізных камянёў, могуць узарваць, нібыта ўжо маюцца дамоўленасці са слонімскімі падрыўнікамі... А мо, каб не ферма непадалёк, яго нейкі багаты чалавек даўно прыстасаваў бы для турыстычных мэт?".

На думку краязнаўцы, у колішняй мануфактуры можна было б размясціць гатэль: у Пружанах жа сапраўды не стае гасцінічных месцаў.У аддзеле культуры райвыканкама пра планы падрыву, як і пра мануфактуру ў Семянчы-ІІ, не ведаюць: яна не занесена ў Дзяржспіс.

Ці маглі б Вы паспрыяць, каб гэты будынак не быў узарваны да таго часу, пакуль мясцовыя жыхары не збяруць усе неабходныя дакументы для прапановы аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці? Спадзяюся на Вашу дапамогу.

Зміцер ПАТАПЧУК

Пружаны"

Каб прыстасаванне стала рэнтабельным

Сітуацыю па просьбе рэдакцыі аператыўна пракаменціраваў Ігар Чарняўскі.

"Паважаны Зміцер, я ўдзячны Вам за клопат пра пружанскія старажытнасці. Зразумела, будзе падрыхтаваны ліст Міністэрства культуры і накіраваны на адрасы ўпраўлення культуры аблвыканкама, а таксама - Пружанскага райвыканкама. Што да планаў стварэння гатэля, то мушу прыгадаць лёс дзясяткаў пустых сядзібных комплексаў. З 46 уключаных у план перадачы прыватнікам такога роду аб'ектаў адно 5 трапілі ва ўласнасць новых гаспадароў, а з іх толькі на сядзібе ў Красках Ваўкавыскага раёна ідуць рэальныя работы.

Да таго ж, не выпадае казаць пра добры стан прапанаванай колішняй мануфактуры. Яе рэшткі патрабуюць значных укладанняў для захавання. Для прыстасавання пад пэўную функцыю - яшчэ больш. Гатэль або што іншае можна адкрыць, калі новае прыстасаванне будзе рэнтабельным. Асноўнай праблемай новага выкарыстання гістарычных аб'ектаў з'яўляецца ступень іх эканамічнай прывабнасці. Ніякага прыватніка "загнаць" на аб'ект немагчыма, калі ён не будзе мець з гэтага прыбытку. Таксама трэба добра ўсведамляць, што вельмі шмат, калі, часам, не ўсё, залежыць ад мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Іх функцыя ў сферы аховы спадчыны вызначана пунктам 2 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь". Я не адмаўляю і ролі грамадскасці, калі, зразумела, у яе прадстаўнікоў наладжаны дыялог з мясцовымі ўладамі. У свой час Мінкультуры ўнесла ў згаданы закон прававую норму, сфармуляваную ў артыкуле 4 Закону, адносна ролі грамадскіх аб'яднанняў. На жаль, з прычыны пазіцыі тых самых грамадскіх аб'яднанняў норма не працуе.

Станоўчы вынік, як бачыце, складаецца з многіх чыннікаў. Хацелася б спадзявацца, што ўсе яны будуць працаваць у адным накірунку канструктыўна.

З павагай - Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь"

"Ніхто не збіраецца нічога ўзрываць!"

Мы, натуральна, не маглі не звярнуцца па каментарый і да начальніка аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанціна Панімаша. Вось як ён адрэагаваў на праблему, узнятую Зміцерам Патапчуком:

- Пра колішнюю мануфактуру ў Семянчы-ІІ я цудоўна ведаю: быў там неаднаразова, усё дэталёва агледзеў, рабіў фотаздымкі, працаваў потым з архіўнымі матэрыяламі - не знайшоў ніякага падабенства з палацам у Ружанах. Таму, лічу, няма падстаў для занясення будынка ў Дзяржспіс...

Тым не менш, ніхто ў раёне не збіраецца ўзрываць колішнюю мануфактуру. І да турыстычных мэт, на мой погляд, прыстасоўваць яе немэтазгодна, бо дзе вы бачылі гатэль у чыстым полі?

А гасцініца ў Пружанах ужо будуецца - аж на дзесяць паверхаў. Інвестары ўкладаюць грошы ў стварэнне гасцінічнай інфраструктуры і ўздоўж аб'язной дарогі да Белавежскай пушчы.

Як вядома, мы неабыякава ставімся да адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны: у тым ліку і за раённы кошт, пераўтвараецца Ружанскі палац, таксама знойдзены інвестар для сёлетняга аднаўлення старадаўняй сядзібы ў пасёлку Інтэрнацыянальны. Неўзабаве інвестарскія сродкі будуць укладзены і ў аднаўленне сядзібы ў Каштанаўцы.