“…Акадэмія” з канцэртамі

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Сёння ў Віцебскай абласной філармоніі завяршаецца “Калядная музычная акадэмія” — канцэртна-асветніцкі праект, які спалучае лекцыі, майстар-класы і папраўдзе зорныя выступленні расійскіх ды беларускіх майстроў і іх юных паслядоўнікаў.

 

Такая "...Акадэмія" прайшла ў "фестывальнай сталіцы" Беларусі другі раз. Сёлета на яе былі запрошаны вядучыя выкладчыкі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага. Акцэнт быў зроблены на такіх кірунках, як фартэпіяннае і гістарычнае выканальніцтва. Сакрэтамі першага шчодра дзяліўся лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Людкоў. Другое прадстаўлялі салісты барочнай капэлы "Залаты век" Аляксей Шаўчэнка (арган і клавесін) і Аляксандр Лістратаў (барочная віяланчэль). Не менш адметнымі ўяўляюцца і канцэрты адкрыцця і закрыцця, цалкам прысвечаныя беларускім музыкантам.

Той жа Андрэй Іваноў, які цяпер навучаецца ў Маскоўскай кансерваторыі, - выпускнік Віцебскай дзіцячай музычнай школы № 4 і Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (апошні ён скончыў па класе прафесара Зоі Качарскай). Разам з ім выступілі і двое студэнтаў нашай БДАМ, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Яўген Галанаў і Артур Сейфулаеў, абодва - выхаванцы прафесара Людмілы Шаламенцавай. Але, бадай, самым цікавым будзе сённяшняе закрыццё праекта, бо на ім мы ўбачым плён "Каляднай музычнай акадэміі". Разам з камерным аркестрам абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Бяляўскага выступяць навучэнцы Віцебскага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага, якія ўдзельнічалі ў майстар-класах.

Такія шырокамаштабныя музычныя праекты, якія ў аднолькавай ступені расквечвалі б культурнае жыццё і ўзнімалі асветніцкую планку, для Віцебска не навіна. Акурат перад навагоднімі святамі тут завяршыўся ХХІІІ Міжнародны музычны фестываль імя І.Салярцінскага, які доўжыўся цягам месяца.

Наш кар.