Не толькі “мядзведзі”!

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка “Іван Шышкін: жывапіс і графіка”, прымеркаваная да 180-годдзя з дня нараджэння мастака.

Усе прадстаўленыя на ёй палотны, эцюды, накіды, афорты, літаграфіі і нават акварэлевы малюнак (усяго іх больш як 30) - з калекцыі нашага музея. І тут ёсць чаму падзівіцца! Хрэстаматыйна вядомы аўтар знакамітай "Раніцы ў сасновым лесе", якую савецкія школьнікі ведалі нават па цукерачных абгорках, паўстае шмат у чым з новага боку - як цудоўны рысавальшчык і графік. Але галоўнае - гэта тыя маленькія "адкрыцці", якія кожны можа зрабіць сам, уважліва разглядаючы не рэпрадукцыі, а арыгіналы.

Нам, беларусам, найперш цікавае бачанне майстрам нашых краявідаў. Больш вядомае яго "Палессе" з сонечнымі снапамі (на выстаўцы асобна прадстаўлены фрагмент), "варыяцыі" на якое неаднойчы можна было бачыць у беларускіх мастакоў. Былі "варыяцыі" і ў самога Шышкіна - "Зжатае поле. Палескі пейзаж", што захоўваецца ў нашым музеі. Родны сэрцу беларускі відарыс паўстае і на палатне "Балота. Жураўлі". А адзін з эцюдаў - "Лопухі", дзе аловачнае спляценне карэнняў і сцяблінак стварае мудрагелістую сетку дзівосных "лабірынтаў", - быццам папярэджвае эстэтыку фэнтазі. Дарэчы, прасачыць уздзеянне Шышкіна ды іншых класікаў пэндзля на сучасных беларускіх мастакоў дапамагае адкрытая крыху раней, таксама ў рамках праекта "Нашы калекцыі", тэматычная выстаўка "Прасторы вольныя зямлі", прысвечаная беларускаму пейзажу 1950 - 2000 гадоў.

Н.Б.