Балет працягласцю ў “эпоху Елізар’ева

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Увесь кастрычнік на сцэне Палаца Рэспублікі ідуць балеты, пастаўленыя ў розныя гады мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. А завяршаецца гэты своеасаблівы фестываль 30 кастрычніка юбілейным вечарам да 60-годдзя маэстра — народнага артыста СССР і Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, прафесара Валянціна Елізар’ева.

 /i/content/pi/cult/132/691/Balet1.jpg

Словазлучэнне “эпоха Елізар’ева” сёння ўжо нікому не рэжа слых, яно стала ледзь не ўстойлівым выразам. А між тым, менавіта ў гэтых словах — сэнс таго, што было зроблена харэографам і мастацкім кіраўніком Беларускага балета на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. В.Елізар’еў зрабіў балет не проста прыгожай і вытанчанай казкай, а глыбока філасофскім, канцэптуальным мастацтвам — такім, якому падуладна ўзнімаць самыя складаныя тэмы быцця. Таму, мабыць, і жывуць яго балеты так доўга, што кожнае пакаленне гледачоў знаходзіць у іх адказы на вечныя пытанні. А кожнае новае пакаленне артыстаў — сапраўдную школу сучаснай харэаграфіі.
Пры ўсёй непрадказальнасці нараджэння талентаў ёсць штосьці цалкам заканамернае ў тым, што зараз наш тэатр перажывае сапраўдны артыстычны бум. Такога адначасовага прыходу ў балет яркіх выканаўцаў наша школа не ведала, здаецца, ніколі: Антон Краўчанка, Ірына і Алег Яромкіны, Юрый Кавалёў, Дзяніс Клімук, Алена Шкатула, Кацярына Алейнік, Валерыя Вапнярская, Мікалай Радзюш...
Можа, дзесьці ў нябёсах парупіліся, каб харэаграфія Елізар’ева мела і надалей годнае сцэнічнае ўвасабленне?
Праўда, сам Валянцін Мікалаевіч ставіцца да гэтага феномена больш празаічна:
— Усё ў прыродзе развіваецца хвалямі — вось і наступіў “час выканаўцаў”. Для мяне гэта лепшае шчасце — бачыць адораную і апантаную моладзь. Заўважце: больш як 90 працэнтаў нашых артыстаў — выхаванцы айчыннай школы.

— Відавочны дзяржаўны клопат пра творчую моладзь. Але ж вы і самі прыкладаеце намаганні для максімальна поўнага раскрыцця юных талентаў: адсочваеце літаральна кожны крок навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, прысутнічаеце на іспытах і справаздачных канцэртах, “прымерваючы”

 /i/content/pi/cult/132/691/Balet4.jpg

Сцэнa з балета “Карміна Бурана”

танцоўшчыкаў да прафесійнай трупы.

— Бо школа неаддзельная ад тэатра. У мінулыя стагоддзі ўвогуле менавіта пры тэатрах узнікалі школы для папаўнення трупы. Так і павінна быць.

— Сведчанне ўзлёту нашага балета — і шматлікія міжнародныя перамогі, і фурор на замежных гастролях, і тое, што сёлета дзве салісткі — Вольга Гайко і Людміла Кудраўцава — атрымалі званне заслужаных артыстаў, а педагог рэпетытар Таццяна Яршова ўганаравана нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. І гэта, наколькі я разумею, далёка не ўсе, хто павінен быць адзначаны на дзяржаўным узроўні.

— Канешне! На жаль, працэдура атрымання ганаровага звання не ўлічвае таго, што, калі людзі іншых прафесій могуць плённа працаваць да старасці, артысты балета завяршаюць сваю танцавальную кар’еру ўжо ў 36 — 37 гадоў. Значыць, трэба ўнесці ў прынятыя правілы выключэнне для нашага “мастацтва маладых”, прадстаўнікі якога не могуць чакаць уганаравання да пенсіі, а павінны атрымліваць знакі прызнання ў гады свайго росквіту.

 /i/content/pi/cult/132/691/Balet3.jpg

Сцэна з балета “Рамэа і Джульета”.

— На шчасце, узроставая мяжа не распаўсюджваецца на пастаноўшчыкаў балетаў. Але ж калі наступіў “час выканаўцаў”, дык як тады з “часам харэографаў”?

— На іх паўсюль дэфіцыт. За апошнія гады ў Еўропе ніякіх новых маладых імён не з’явілася, тэатры часта ўзначальваюцца амерыканцамі. ГИТИС у Маскве і Санкт-Пецярбургская кансерваторыя рыхтуюць харэографаў цэлымі пачкамі, але амаль ніхто з іх спектакляў не ставіць. Я выхаваў пецярых выпускнікоў. Найбольш “раскручаны” з іх — Раду Паклітару, вельмі актыўны, зацікаўлены і, на маю думку, таленавіты. Я запрасіў яго на свой юбілей і спадзяюся замовіць яму пастаноўку ў нашым тэатры. Астатнія праяўляюць сябе меней. Вольга Рэпіна працуе ў эстрадным кірунку, Уладзімір Іваноў ставіць мініяцюры ў каледжы, а мог бы ўзяцца і за вялікі спектакль. Шмат ідэй у Наталлі Фурман, але трэба, каб прынеслі лібрэта і музыку,— тады размова будзе больш “матэрыялізаванай”.
Пасля завяршэння рамонту тэатра “матэрыялізуецца”, нарэшце, і даўно задуманы В.Елізар’евым балет “Клеапатра” на музыку Вячаслава Кузняцова. Пакуль жа юбілей майстра будуць упрыгожваць шматлікія госці — лепшыя салісты вядучых тэатраў Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Аляксея ЎРОНСКАГА і
Васіля МАЙСЕЕНКІ