Намалюйце музыку ў Заслаўі

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

3-га лютага адбудзецца ХІІ Свята музыкі “Заслаўе”. Яго арганізатарамі, паводле традыцыі, з’яўляюцца Мінскі аблвыканкам, Мінскі райвыканкам і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр краіны на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

 

Адметнасцей на сёлетнім свяце будзе некалькі. У цэнтры ўрачыстасцей невыпадкова апынецца творчая постаць знакамітага беларускага кампазітара Льва Абеліёвіча: днямі споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. Канцэрт "Выдатныя ўзоры беларускай сімфанічнай музыкі ХХ стагоддзя", які правядуць камерныя калектывы аркестра, дасць магчымасць наноў асэнсаваць унёсак у нашу культуру гэтага айчыннага класіка.

У рамках свята, як звычайна, пройдуць конкурс навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Мінскай вобласці на лепшае выкананне беларускага твора, адкрыццё мастацкай выстаўкі Віктара Ціханава. Творчую сустрэчу з канкурсантамі, заслаўскімі юнымі музыкантамі і іх выкладчыкамі правядзе доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава - пастаянны навуковы кіраўнік і вядучая такіх святаў.

- Мы вельмі рады, - падкрэслівае дырэктар Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Валерый Шкурскі, - штогод сустракаць гэтае свята на нашай зямлі і ў нашай школе. Тры гады таму Міхаіл Якаўлевіч выступіў з прапановай правядзення ў рамках фестывалю дзіцячага конкурсу, і з кожным разам спаборніцтва гэтае набірае моц. Сёлета заявак было як ніколі шмат - мы адабралі 30 удзельнікаў у трох узроставых групах. Падкрэслю, што на конкурсе, як і на ўсім свяце, будзе гучаць менавіта беларуская музыка. І, раскрыю некаторыя сакрэты, сёлета яна ўпершыню атрымае сваё адлюстраванне... у жывапісе. Мастак Віктар Ціханаў, які адкрые ў фае школы сваю выстаўку, будзе працаваць і пад час свята. Адну карціну ён намалюе, слухаючы конкурсныя выступленні, прычым мяркуецца, што лепшыя канкурсанты таксама змогуць унесці ў яе свае штрыхі, узяўшы ў рукі пэндзаль. Другая ж карціна ўзнікне непасрэдна пад час канцэрта фінбергаўцаў. Можа, і сам маэстра пагодзіцца яе "дамаляваць"? Як бы тое ні было, а паглядзець, як нараджаюцца жывапісныя палотны, будзе цікава ўсім. Ну, а завершыцца свята, як і ў мінулыя гады, песенным канцэртам у выкананні славутага калектыву.