Як адзначыла дырэктар выдавецтва "Беларусь" Ганна Трусевіч, для серыі кніг, прысвечаных нашым знакамітым творцам, быў распрацаваны аптымальна зручны для чытачоў фармат - як паводле афармлення, так і паводле структуры. У прыватнасці, рэпрадукцыям карцін знакамітага беларускага мастака папярэднічае ўступны артыкул загадчыка аддзела рускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Аляксея Харака, дзе акрэслены асноўныя факты біяграфіі Хруцкага. Адметны падыход быў зроблены і да падачы ілюстрацыйнага матэрыялу: чытач акрамя саміх карцін зможа ўбачыць і асобныя іх фрагменты, яскравыя дэталі.
Як паведаміў аўтар ідэі кніжнага праекта - дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, сёлета плануецца выпусціць сумесна з выдавецтвам "Беларусь" чатыры кнігі серыі: свет маюць пабачыць тамы, прысвечаныя В.Бялыніцкаму-Бірулі, В.Ваньковічу і С.Жукоўскаму. Усяго ж у складзены аўтарытэтнымі айчыннымі мастацтвазнаўцамі спіс цяпер трапілі 35 беларускіх мастакоў ХІХ - ХХ стст., у тым ліку прадстаўнікі Парыжскай школы, а таксама нашы сучаснікі - вядомыя ў свеце творцы. У будучым, спадзяецца Уладзімір Пракапцоў, серыя істотна пашырыцца і дасягне колькасці ў сто персаналій і, адпаведна, кніг.
Акрамя таго, дырэктар НММ падкрэсліў, што, разам з беларускай, у выданні прысутнічаюць руская і англійская мовы, якія дазволяць шырэй папулярызаваць айчыннае мастацтва за мяжой.
Варта адзначыць, што ўжо ў лютым кніга будзе шырока прэзентавана, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім і Лепельскім раённым краязнаўчым музеях, на Мінскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы "Кнігі Беларусі-2012". Набыць жа выданне можна будзе не толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі, але і ў кнігарнях краіны, а таксама ў газетных кіёсках. І хоць першапачатковы яго тыраж склаў усяго толькі тысячу экзэмпляраў, разглядаецца магчымасць, з улікам запатрабаванасці, яго перавыдання.
К.А.