Восем краін у “…Кантакце”

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Менш за два месяцы засталося да адкрыцця традыцыйнага, ужо сёмага па ліку, Маладзёжнага тэатральнага фестывалю “M.@rt.кантакт”, які пройдзе 21 — 27 сакавіка. Білеты на пастаноўкі форуму трапілі ў папярэдні продаж 21 студзеня, і, як паведаміла “К” галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра — цэнтральнай пляцоўкі форуму — Кацярына Аверкава, разыходзяцца яны вельмі хутка: замовы прыходяць з Магілёва, Мінска і з усёй краіны.

 

Сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць мастацкія калектывы з васьмі дзяржаў: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Ізраіля, Славеніі і Германіі. Каля 70 працэнтаў прадстаўленых тэатраў на фестывалі - упершыню. Усяго будзе паказана 17 спектакляў, сярод іх тры - пластычныя, а адзін, дарэчы, упершыню ў "...Кантакце", - мюзікл. Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіць на суд гледача монаспектакль "Гаспадар кавярні" паводле п'есы айчыннага драматурга Паўла Пражко.

Па традыцыі, выстаўляць спектаклям адзнакі будзе прафесійнае міжнароднае журы. Паралельна пастаноўкі мае ацаніць незалежнае глядацкае журы, для ўдзелу ў якім арганізатары фэсту адбяруць пяць маладых тэатралаў - заўсёднікаў форуму.

Таксама ў рамках "M.@rt.кантакту" пройдзе спецыяльная праграма, што будзе складацца з прэс-канферэнцый, майстар-класаў з тэатральнымі педагогамі, "круглых сталоў", урокаў вулічнага спектакля, Майстэрні маладой рэжысуры.

Форум пройдзе ў трох залах - усе яны знаходзяцца побач, у самым цэнтры горада: гэта Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек, пляцоўка начнога клуба "Cuba".