Кодэкс аб культуры: абмяркоўваецца канцэпцыя

№ 4 (1027) 28.01.2012 - 04.01.2012 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ініцыюе адкрытае абмеркаванне праекта канцэпцыі Кодэкса аб культуры.

Свае прапановы па ўдасканаленні дакумента можна даслаць на электронную пошту: ministerstvo@kultura.by, - а таксама ў выглядзе каментарыя да аб'явы пра адкрытае абмеркаванне на форуме аднаго з найбуйнейшых інтэрнэт-парталаў краіны.

Як зазначаюць у Міністэрстве культуры краіны, пры падрыхтоўцы канцэпцыі праекта Кодэкса аб культуры былі прааналізаваны навуковыя даследаванні, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, акты заканадаўства замежных дзяржаў, якія рэгулююць культурную дзейнасць.

Будучы Кодэкс аб культуры накіраваны на ўстанаўленне прававых, арганізацыйных, эканамічных і сацыяльных асноў культурнай дзейнасці, а таксама на рэгуляванне грамадскіх адносін у мэтах захавання і развіцця культурных каштоўнасцей.

Зазначаецца таксама, што прыняцце Кодэкса аб культуры павінна:

- спрыяць далейшаму развіццю нацыянальнай культуры як ключавога фактару ўмацавання беларускай дзяржаўнасці, праяўленню самабытнасці культуры беларускага народа, забеспячэнню захавання і развіцця матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, эфектыўнаму выкарыстанню культурнага патэнцыялу краіны, падтрымцы культурных інавацый;

- прывесці да ўдасканалення прававых адносін у дадзенай сферы, завяршыць працэс фарміравання заканадаўства аб культуры як поўнай, лагічна паслядоўнай і эфектыўнай сістэмы прававых норм, здольнай вырашаць задачы прававога рэгулявання адносін у сферы культуры, забяспечыць максімальна поўную адпаведнасць гэтых норм сучаснаму развіццю культурнай дзейнасці і інавацыйным пераўтварэнням, якія неабходна правесці ў гэтай сферы, закласці прававое рэгуляванне дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры, актывізаваць творчыя ініцыятывы суб'ектаў культурнай дзейнасці для рэалізацыі новых творчых праектаў.

Азнаёміцца з праектам канцэпцыі Кодэкса аб культуры можна на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па наступнай спасылцы: http://kultura.gov.by/page/kantseptsyya-praekta-kodeksa-respubl-k-belarus-ab-kultury.