13 студзеня ў Музеі сучаснага народнага і самадзейнага мастацтва пры Гродзенскім АМЦНТ адкрылася абласная выстаўка-справаздача раённых дамоў (цэнтраў) рамёстваў "Зімовы настрой".
На ёй - каля 500 экспанатаў, твораў з этнаграфічных і сувенірных калекцый, работы гурткоўцаў і сталых майстроў. Найперш перад гледачом - вырабы з саломкі, гліны, дрэва ды многія іншыя. Акрамя традыцыйных відаў рамёстваў, тут прадстаўлены работы, якія выкананы ў тэхніках, не характэрных для нашага рэгіёна: батык, ласкутнае шыццё, бісерапляценне, лепка з цеста, фларыстыка, дэкупаж, роспіс па шкле і гліне.
Багатую калекцыю мастацкіх твораў прадставіў, да прыкладу, Астравецкі раённы дом рамёстваў. Кожнага наведвальніка на святочны лад настройваюць калядныя зоркі, саламяныя анёлы, бліскучыя елкі з прыродных матэрыялаў, карціны на тканіне і керамічныя званочкі, распісаныя на тэму Каляд. Арыгінальныя лялькі, куфэркі, кветкавыя кампазіцыі, выкананыя ў розных тэхніках саломкапляцення, немогуць не выклікаць захаплення ў наведвальнікаў.
Смаргонскі раённы дом рамёстваў здаўна славіўся традыцыйнай вышыўкай і ткацтвам паясоў. Гэтым майстэрствам валодае Зоф'я Войтка, якая перадае сваё ўменне дочкам і вядомая далёка за межамі раёна. Здзіўляюць вырабы ганчара Сяргея Нагаева, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці: гаршчкі са штрыхаванымі ўзорамі больш нагадваюць казачны посуд, чым побытавую рэч.
а выстаўцы можна пазнаёміцца з работамі знакамітых выцінаншчыц Гродзеншчыны - Алены Садаўнічай (кіраўнік гуртка Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў) і Алены Шчэлінай (дырэктар Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры).
Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў і калекцыя саламяных вырабаў майстроў Слонімскага раённага дома рамёстваў. Модніцы будуць у захапленні ад жаночых галаўных убораў, радыкюляў, паяскоў, упрыгожанняў ды іншых дамскіх аксесуараў. Прыхільнікі класічных твораў ацэняць скульптурны шэраг з саломкі: птушкі і жывёліны, лялькі і "дамавушкі", хаткі і ветракі.
За кожнай работай, прадстаўленай на выстаўцы, "стаіць" майстар - творца са сваім светапоглядам, талентам, жыццёвым шляхам. Таму экспазіцыя атрымалася насычанай і па-святочнаму ззяючай шматлікімі адценнямі майстэрства народных талентаў з усёй Гродзеншчыны.
Наталля ПАСЮТА,
вядучы метадыст
па выяўленчым
і дэкаратыўна-прыкладным
мастацтве Гродзенскага АМЦНТ