Ключавое словазлучэнне рэальнага прыбытку

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Калі Горкі выйдуць на ўзровень Нясвіжа?

Культура і інвестар: грані

сацыяльнага ўзаемадзеяння

Яшчэ ў жніўні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы саўгас-камбінат "Горкі", зазначыў, што Горацкі раён павінен стаць базавым для падрыхтоўкі спецыялістаў аграрнага сектара. Старшыня мясцовага райвыканкама Ігар Макар, які яшчэ больш за паўгода таму кіраваў Нясвіжчынай, вызначыў шэраг генеральных напрамкаў развіцця Горацкага раёна. Планы ў дасведчанага кіраўніка - досыць амбіцыйныя. "Мы павінны вывесці Горкі, - паведаміў "К" Ігар Макар, - на ўзровень Нясвіжа. І не толькі ў плане мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Мяркуецца, што якасныя пераўтварэнні закрануць і сацыяльную сферу, у тым ліку культуру. Перакананы, пэўную ролю тут павінна адыграць і дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва".

Па меркаванні Ігара Макара, саюз культуры з прыватнікамі, з дзяржаўнымі гаспадарнікамі, што цяпер зараджаецца, - трывалы падмурак будучых якасна новых стасункаў, без якіх цяжка ўявіць заўтрашняе аблічча рэгіянальнай культуры.

 

Дажынкавы акцэнт

Адмысловы статус Горак падкрэслены і тым, што сёлета тут пройдзе Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2012". Са спектра шматлікіх аб'ектаў, якія ўжо сёння рыхтуюцца да свята, варта вылучыць тыя, што датычацца менавіта сферы культуры. На даводку асобных з іх, па словах кіраўніка рэгіёна Ігара Макара, прадугледжаны і грошы інвестараў.

Кінатэатр "Крыніца", да прыкладу, будзе мадэрнізаваны. Тут з'явяцца 3D-абсталяванне і кавярня. Капітальна рамантуюцца Дзіцячая школа рамёстваў, ДШМ і райбібліятэка, а таксама Раённы цэнтр культуры. У адрэстаўраваны будынак перабярэцца гісторыка-этнаграфічны музей. Дарэчы, у будынка гэтага, які няблага захаваўся (у адрозненне ад дома, дзе жыў Максім Гарэцкі), - надзвычай цікавая гісторыя: тут напрыканцы пазамінулага стагоддзя знаходзілася аптэка і дом Казіміра Падзерскага - як кажуць, мецэната і вялікага аматара мастацтваў...

У сельскай мясцовасці, па словах начальніка аддзела культуры Аляксандра Жыгуна (дарэчы, аднаго з самых маладых, але ці не самых ініцыятыўных начальнікаў аддзелаў на Магілёўшчыне), у вёсцы Рудкаўшчына з нуля ўзводзіцца ўнікальная шматфункцыянальная ўстанова культуры, дзе прадугледжаны памяшканні пад бібліятэку, ДК, глядзельную і танцавальную залы. Аналагічная ўстанова з металаканструкцый ужо дзейнічае ў вёсцы Горы, - праект зрабіла адна з прыватных фірм. Яшчэ адзін прыклад эфектыўнага дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння. Бягучы рамонт прадугледжаны ў Музеі савецка-польскай баявой садружнасці ў Леніне і ў мясцовым СДК.

Каб завяршыць гаворку пра пераддажынкавы горацкі клопат, варта ўзгадаць яшчэ адно праблемнае пытанне, агучанае і намеснікам старшыні райвыканкама Наталляй Карнеевай, і начальнікам мясцовага аддзела культуры. Справа ў тым, што пад час рэспубліканскага хлебаробскага свята ў райцэнтры будзе закладзена капсула пад будучае ўзвядзенне буйнога медыяцэнтра, які заменіць састарэлы бібліятэчны будынак Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дык вось, Аляксандр Жыгун вельмі хацеў бы, каб насуперак часам непераадольным міжведамасным бар'ерам новая бібліятэчная ўстанова часткова належала б і аддзелу культуры. Чытачы, урэшце, агульныя, дык ці варта ствараць канкурэнцыю там, дзе яна - не на карысць агульнай справе? Пра яе, гэтую агульную справу ў дачыненні да развіцця сацыяльнага партнёрства, у дадзеным артыкуле я згадаю яшчэ не раз.

У каго лепшы строй?

Намеснік старшыні Горацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Наталля Карнеева - даўні сябра "К" і патрыёт роднай зямлі. Гэтым разам тэмай нашай гутаркі стала спонсарства ў сферы культуры. "Задача любога раённага кіраўніка сёння ў тым, - сцвярджае Наталля Васільеўна, - каб пераканаць членаў свайго калектыву, што ўкладанні грошай у, скажам, паездкі нашай вакальна-харавой школы на міжнародныя фестывалі - рэч надзённая і неабходная. І ніякіх супярэчнасцей з заканадаўствам тут няма. Дзейнічае адпаведны закон, згодна з якім дабрачынныя грошы вылічваюцца не з фонду заработнай платы і мэтава ідуць на агульную справу ўмацавання духоўнасці беларускай нацыі. І працэсы гэтыя стымулююцца больш лаяльным, так бы мовіць, падаткаабкладаннем... Безумоўна, мы цяпер толькі намацваем масткі такога супрацоўніцтва, і большасць гаспадарнікаў нашых толькі пачынае разумець, што вытворчасць без творчасці ператвараецца ў механічны бяздумны працэс. А мы за асобу павінны змагацца".

Ключавое словазлучэнне тут - "агульная справа". Плюс - своеасаблівае творчае саперніцтва, дадае Наталля Карнеева. Да прыкладу, калі на агульную канцэртную сцэну выходзяць самадзейныя калектывы з усіх сельскіх устаноў культуры і розняцца па шыкоўнасці сваіх артыстычных касцюмаў, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый у гэты момант забываюць пра надоі з намалотамі і пачынаюць думаць пра грашовыя рэзервы для набыцця сцэнічнага строю для "падшэфнага" ансамбля. І гаворка тут - пра дзясяткі мільёнаў рублёў, якія не ідуць у пясок, а працуюць на брэндавасць рэгіянальнай культуры, на падтрымку таленавітай моладзі, на развіццё юных талентаў...

Прыклады/i/content/pi/cult/360/6899/1-3.jpeg

дабрачыннасці

Сутнасць агульнай справы гаспадарніка і работніка культуры, па цвёрдым меркаванні старшыні райвыканкама Ігара Макара, у тым, што і хлеб, і песня - рэчы першасныя, спрадвек узаемазвязаныя, і толькі ў выніку гэтай еднасці і нараджаецца духоўнасць нацыі. Так, да такой агульнай справы пакуль трэба прывучаць - нязмушана і тактоўна, на прыкладах дабрачыннасці перадавых раённых гаспадарнікаў. А прыкладаў такіх дастаткова. За кошт спонсарскай падтрымкі РУП "Навучальная гаспадарка БДСГА", СВК "Аўсянка", ААТ "Райаграпрамтэхніка" і "Копцеўская ніва" былі набыты сцэнічныя касцюмы для вакальнага ансамбля "Суседкі", дзіцячага фальклорнага калектыву Паршынскага СЦК, гуртоў "Аўсяніца" Аўсянкаўскага СДК, "Саўляначка" Саўскага СК, "Тараторкі" Копцеўскага сельскага цэнтра культуры і дасугу...

Як сцвярджае начальнік мясцовага аддзела культуры Аляксандр Жыгун, актыўна выкарыстоўвае спонсарскае "падсілкаванне" і Маладзёжна-падлеткавы клуб "Імпульс". У набыцці прызоў для самых розных клубных мерапрыемстваў удзельнічаюць ці не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі раённага цэнтра. А адкрытае акцыянернае таварыства "Будаўнік" з гатоўнасцю аплаціла білеты да Брэста і пражыванне там дзіцячага хору пад час Міжнароднага фестывалю-конкурсу прыгранічнага супрацоўніцтва "Мы разам"... І такіх прыкладаў сацыяльнага партнёрства па Горках і раёне даволі шмат.

Канешне ж, такое творчае ўзаемадзеянне знешне пакуль нагадвае стасункі, так бы мовіць, бартэрнага характару: маўляў, вы нам - песню пад час прафесійнага свята, а мы вам - грашовую падтрымку па меры магчымасці. І чыя віна ў тым, што РУП "Навучальная гаспадарка БДСГА" - самая заможная ў раёне, а астатнія, да прыкладу, сельгасвытворчыя кааператывы, толькі імкнуцца да гэтага ўзроўню? Урэшце, магчымасць быць спонсарам - таксама паказчык абранасці ды элітарнасці. Вядома, прадпрыемства, каб стаць паўнавартасным інвестарам, павінна мець стабільны прыбытак. А гэтым цяпер не кожны можа пахваліцца... Карацей, колішнюю славу Бабічаў, Мамонічаў і Радзівілаў таксама трэба заслужыць - і эфектыўнай працай, і высакародным памкненнем далучыцца да ўмацавання нацыянальнай духоўнасці. Толькі тады, мабыць, Горкі напоўніцу будуць нагадваць Нясвіж як самадастатковы цэнтр мастацтваў, дзе мецэнаты і спонсары ў пошуку творцы, якога трэба "ашчаслівіць", літаральна ў чаргу становяцца.

Сумесны кастынг/i/content/pi/cult/360/6899/1-2.jpeg

Наша сёлетняя рубрыка "Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства" з кожным нумарам "К" самаўдасканальваецца. І гэты працэс - натуральны і непазбежны. Да прыкладу, з'явілася ідэя стварэння гэткай імправізаванай рэдакцыйнай галерэі спонсараў-мецэнатаў-інвестараў. І пажадана, каб у справе гэтай актыўна паўдзельнічалі і аддзелы культуры Беларусі, нашы чытачы з рэгіёнаў. Неаспрэчна, у кожным з раёнаў ёсць неабыякавыя да развіцця мясцовай культуры людзі (не выключана, што яны самі пакуль пра гэта проста не ведаюць): прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама - прыватнага бізнесу. Дык вось, дасылайце нам артыкулы і інфармацыю пра іхнюю актыўнасць, пра незвычайныя творчыя праекты, рэалізацыя якіх немагчымая без падтрымкі збоку, пра дзейнасць апякунскіх саветаў, скіраваную на развіццё тых або іншых сацыякультурных структур, пра актуальныя праблемы, што замінаюць спонсарскай актыўнасці... Карацей, давайце ствараць рэспубліканскі банк "інвестарскіх" даных разам! Любое такое паведамленне з месцаў можа стаць нагодай для нашых штотыднёвых камандзіровак ці дарэчнай "падвёрсткай" да журналісцкіх артыкулаў.

Што да горацкай тэмы, дык свайго чарговага, але пакуль патэнцыйнага інвестара падказаў начальнік аддзела культуры Горацкага райвыканкама Аляксандр Жыгун. Гэта кіраўнік Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Уладзімір Варапаеў, які ў Дзень вызвалення Горак ад фашысцкіх захопнікаў збіраецца правесці ў райцэнтры і аграгарадках фестываль патрыятычнай песні, дзе прымуць удзел выканаўцы самых розных узростаў. Цудоўны прыклад спонсарскай ініцыятывы!

У перспектыве такі сумесны кастынг патэнцыйных ці яўных спонсараў рэгіянальнай культуры можа стаць (цалкам верагодна!) і нагодай для стварэння рады сацыяльных партнёраў, здольнай на ажыццяўленне любой агульнай справы.

 

"Галерэя спонсараў" ад "К"

Кагорта прадпрымальных

Прапаную зірнуць на асобна ўзятага горацкага спонсара - прадстаўніка гандлёвага бізнесу./i/content/pi/cult/360/6899/1-1.jpegХоць і банальна, але людзі гэтыя - штучныя. І Аляксандр Кавалёў, якому сёлета спаўняецца пяцьдзясят, - менавіта з такой, пакуль нешматлікай, кагорты. "Вар'ят", як сам сябе называе. У дзяцінстве скончыў музычную школу, граў у ансамблях (усё гэта - з сям'і: бацька і па сёння гармонік з рук не выпускае, а маці спявае цудоўна). Потым былі ВНУ, праца, сямейныя клопаты. У 2006-м Аляксандра Кавалёва (ужо прыватнага прадпрымальніка) Горацкі РЦК запрасіў на працу акампаніятарам у аўтаклуб. Жадання, а таму і часу, хапіла на ўсё. У выніку ён стварае ансамбль народнай музыкі і песні "Жывіца", куды апрача брата Уладзіміра, выкладчыка БДСГА, увайшло 12 чалавек. Летась калектыў атрымаў званне народнага.

- Аляксандр, а ці было жаданне сумясціць выступленні "Жывіцы" з рэкламай вашага бізнесу?

- Не. Абсалютна пра розныя рэчы гаворка.

 Патлумачце, калі ласка, сутнасць свайго "вар'яцтва", калі чалавек уласна заробленую капейчыну не толькі ў сям'ю (наколькі ведаю - немалую) нясе, але і ўкладае ў развіццё "Жывіцы"...

- Ну, тут усё проста. Удзень працую і дырэктарам свайго прадпрыемства, і шафёрам, і грузчыкам, і таваразнаўцам. І пасля такой нагрузкі ігра на гармоніку ды вячэрняя сустрэча з сябрамі-артыстамі - як лекі!

- Дык колькі пайшло вашых грошай на ўтрыманне "Жывіцы"?

- 43 мільёны рублёў толькі на музычныя інструменты: акардэаваны баян, кантрабас, скрыпка. Ёсць камп'ютар, мікшарны пульт, мікрафоны, гукаўзмацняльнікі, дынамікі...

- А ў вас як у прыватніка-спонсара ёсць нейкія льготы ў падаткаабкладанні?

- Калі шчыра, нават не задумваўся над гэтым пытаннем. Зразумейце, справа тут у іншым: я ад "Жывіцы" задавальненне атрымліваю, таму, як магу, і падсілкоўваю гэтае задавальненне. У нашым рэпертуары ёсць і аўтарскія творы, але збольшага - беларускія народныя песні. Тыя, што мама спявае. Ці ж можна гэтай спадчынай грэбаваць?!

- Пры якіх умовах пачнуць з'яўляцца такія спонсары, як вы? Спрацоўвае формула "мне гэта выгадна"?

- Я тут вось што хачу зазначыць. Мне ў фінансаванні ансамбля аказваюць дапамогу і старыя сябры, якія таксама займаюцца ў рэспубліцы прыватным бізнесам. І справа ў тым, што кожны з іх мае музычную адукацыю. І "выгоду" яны шукаюць, напэўна, не эканамічную.

- Чалавек тады неабыякавы да культуры і мастацтва, калі належнае выхаванне мае, уласную сацыяльную значнасць усвядоміў. Такіх бізнесменаў прынята называць "сацыяльна арыентаванымі".

- Мы цудоўна разумеем, якая эканамічная сітуацыя сёння няпростая. Вось спланавалі выезд у нейкую вёску раёна, а ў аддзела культуры на той момант - ні паліва, ні транспарту вольнага, а гледачы ўжо папярэджаны. Такія паездкі таксама фінансую асабіста.

- Вы і па сёння працуеце на палову стаўкі акампаніятара аўтаклуба?

- Так. І "Жывіца" афіцыйна лічыцца калектывам менавіта пры аўтаклубе... З гэтай нагоды хачу вось якое пытанне ўзняць. Паводле Палажэння, для калектыву са званнем "народны" прадугледжана да трох ставак, у тым ліку хормайстра і канцэртмайстра. У нас іх пакуль няма. Самі распісваем галасы, рыхтуем усю партытуру для інструментаў. Хацелася б, каб раён усё ж гэтыя стаўкі нам выдаткаваў. Справа не ў маёй асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці. А для іншых удзельнікаў "Жывіцы" гэты нюанс - істотны...

І - кароткае рэзюмэ гутаркі. Апошнія словы Кавалёва - як лагічны працяг агульнарэспубліканскага дыялога паміж дзяржавай і прыватным бізнесам, што сацыяльна арыентуецца цяпер на падтрымку нацыянальнай культуры. Калі дыялог гэты весці на роўных, тады, напэўна, і паболее гэткіх "Жывіц" і іх неабыякавых спонсараў.

У Паршына, да Блахіна!

"Рэцэптаў" вытворчай заможнасці няма. Як, зрэшты, - і заможнасці творчай. Але, каб хоць неяк/i/content/pi/cult/360/6899/1-4.jpeg прасвятліць тэму, запрашаю ўсіх ахвотных наведаць вёску Паршына. Менавіта тут месціцца славутае РУП "Навучальная гаспадарка БДСГА", дзе і паказчыкі сельгасвытворчасці - самыя высокія, і пастаянна семінары для жывёлаводаў і хлебаробаў ладзяцца. Мая б воля, я ў Паршыне праводзіў бы і семінары па наладжванні сацыякультурнай работы.

Справа ў тым, што апякунскі савет, прызначаны для ўсялякай падтрымкі мясцовай культуры, прадстаўлены тут у адной асобе - кіраўніка РУП Мікалая Блахіна. У свой час да ягонай гаспадаркі ў выніку ўзбуйнення далучылі па чарзе дзве не надта прыбытковыя, мякка кажучы, сельгасарганізацыі. Блахін, адпрацаваўшы ў Паршыне без малога трыццаць гадоў, вытрымаў, узняўшы "дадаткі" да належнага вытворчага ўзроўню. Вытрымаў з прычыны неўтаймоўнага жадання быць ва ўсіх пачынаннях першым, а значыць - заможным. І заможнасць для яго заўжды вымяралася не толькі лічбамі эканамічнай рэнтабельнасці. З гэтай нагоды за кошт немалых даходаў гаспадаркі ўзвёў колісь у Паршыне не сельскі клуб, а Цэнтр культуры - адну з лепшых устаноў раёна. І праз час яна планава прынесла належныя дывідэнды: народны фальклорны ансамбль "Паршынскія зоры" за адраджэнне песеннай абрадавай спадчыны займеў статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А апрача гэтага калектыву ёсць яшчэ тут ансамблі "Суседкі", "Праменьчыкі", "Зорачкі". І ў кожнага няма праблем з матэрыяльным, так бы мовіць, забеспячэннем, бо яго на сябе ўзяў Мікалай Блахін. Пэўныя ўкладанні з боку арганізацыі (а менавіта: 200 мільёнаў рублёў) робяцца і ў "Дажынкі-2012"...

- Мікалай Рыгоравіч, патлумачце, чым кіраваліся і кіруецеся, калі падтрымліваеце культуру?

- Натуральна, калі гаспадарка не такой заможнай была, мы больш пра малочны статак дбалі. Нават класічную музыку каровам уключалі... Але людзі на першым плане, іх вольны час, іх культура. І гэта, лічу, адна з асноўных кропак прыкладання нашых сіл. У адваротным выпадку, які аўтарытэт у кіраўніка будзе?

- Вам жа ад гэтага ніякіх прыбыткаў?

- Чаму ж? Прыбыткі мо і не для нашай гаспадаркі, але яны - агульнадзяржаўныя. Больш укладаеш - больш атрымліваеш. Чалавек, адчуваючы ўвагу да сябе, сваіх дзяцей, працуе належным чынам, а значыць - зарабляе няблага, а грошы ў краму нясе, дзяржаве вяртае.

- Мікалай Рыгоравіч, чаму ж, на вашу думку, у культуры нашай спонсараў пакуль мала?

- Справа не ў заканадаўстве, а - у людзях. Не хвалюся ніякім чынам, проста давесці хачу: я гэтыя грошы ў зарплату мог аддаць бы, у трынаццатую, у чатырнаццатую. Хтосьці б на іншую справу іх пусціў... Мяркую, лепш на культуру іх выдаткаваць. У нас у Цэнтры культуры, якім я вельмі ганаруся, - і ансамблі цудоўныя, і глядзельная зала шыкоўная. А ўсяго гэтага магло б і не быць...

Вось такі ўмоўны лад. Дзесьці няма такога Цэнтра культуры, а ў Паршыне - ёсць, дзесьці няма такога Блахіна, а ў Паршыне - ёсць. І што тут можна дадаць? Хіба толькі тое, што любы шматлюдны і прадстаўнічы апякунскі савет, створаны дзеля "птушачкі" ў справаздачы, не заменіць свядомасці кіраўніка, для якога культура - не пусты гук, а трывалы падмурак для далейшага вытворчага росту ўласнай гаспадаркі.

 

 

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Горацкі раён - Мінск

Фота аўтара

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"