“...Песня” і “…Екцення” славутага Шырмы

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Некалькі гадоў з жыцця пружанскага псаломшчыка

/i/content/pi/cult/360/6897/14-3.jpeg

Здавалася б, біяграфія Рыгора Шырмы, чыё 120-годдзе прыпала на 20 студзеня і адзначаецца гэтымі днямі, вывучана цалкам, і новымі фактамі нікога не здзівіш. Аднак дакументы, якія захоўваюцца ў Музеі-сядзібе "Пружанскі палацык", раскрываюць невядомыя шырокай грамадскасці старонкі з жыцця народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі.

Рыгор Шырма цягам амаль 20 гадоў працаваў рэгентам-псаломшчыкам, і першым месцам працы на гэтай пасадзе стаў для яго Свята-Аляксандра-Неўскі сабор у Пружанах. Па словах тагачаснага пружанскага благачыннага протаіерэя Канстанціна Пілінкевіча, "...прыцягненне ў склад членаў кліру такіх людзей, як Рыгор Шырма, стала сапраўдным набыткам для Епархіі".

Рыгор Шырма шмат працаваў над станаўленнем саборнага хору, сабраны ім калектыў быў прызнаны адным з лепшых у Палескай епархіі. З рапарта настаяцеля Сабора, протаіерэя Аляксея Русецкага благачыннаму Пружанскага павета вядома, што "...Г.Шырма шмат пакутаваў ад даносаў і пераследаванняў, але, нягледзячы на ўсё гэта, не кідаў сваёй любімай справы і ўвесь час падтрымліваў хор, працаваў бязвыплатна з любові да мастацтва, і з дазволу ўлад даў два канцэрты, якія мелі вялікі і заслужаны поспех".

Дакладна вядома: у якасці псаломшчыка Рыгор Шырма ўваходзіў у лік тых, хто праводзіў і падпісваў так званыя вобыскі шлюбныя - адмысловыя сведчанні пра тое, што "...жадаючыя ўзяць шлюб знаходзяцца ў добрым розуме, у сваяцтве духоўным ці цялесным не знаходзяцца і да шлюбу прыступаюць па сваёй згодзе і жаданні, а не па прымусу". /i/content/pi/cult/360/6897/14-4.jpeg

Але сярод усіх дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах музея і датычацца пружанскага перыяду жыцця Рыгора Раманавіча Шырмы, найвялікшую цікавасць выклікаюць матэрыялы "Справы пра цудоўнае абнаўленне Іверскага абраза Божай Маці". Пра гэтую дзіўную падзею, якая мела месца ў в. Гарадняны 30 снежня 1923 г. (па старым стылі), і пра масавы хрэсны ход з Гараднян у Пружаны пісалася неаднаразова. Але ні разу не гаварылася пра той малітоўны подзвіг, што здзейсніў Рыгор Шырма са сваімі пеўчымі. Гэта было сапраўднае падзвіжніцтва. З "...рапарта ад 29 лютага 1924 года благачыннага Сабора епіскапу Палескаму і Пінскаму пра здзяйсненне хрэснага ходу..." вядома, што перад выхадам з Гараднян у хаце войта Паўла Бунаты, дзе і адбыўся цуд, служба вялася ўстаўная, з 17 гадзін да раніцы наступнага дня, а 7-й жа гадзіне пачаўся хрэсны ход. Абраз заносілі ў кожную хату, падоўгу затрымліваючыся там, дзе знаходзіліся цяжкахворыя. Да горада падышлі апоўдні. Потым у саборы адслужылі літургію, якая "...прайшла з вялікай урачыстасцю пры цудоўным і малітоўным спеве саборнага хору". Набажэнства скончылася толькі ўвечары. Хор на чале з Рыгорам Раманавічам удзельнічаў у мерапрыемствах больш за суткі - увесь гэты час пеўчыя прастаялі на нагах, пры гэтым ніхто з іх не ўжываў ніякай ежы і вады, трымаючы абсалютны пост. За свае малітвы Шырма меў гонар стаць відавочцам шматлікіх цудаў, якія зыходзілі ад Іверскага абраза Божай Маці. У прыватнасці, на яго вачах 23 жніўня 1925 г. пасля дакранання да абраза быў вылечаны ад глухаты селянін з вёскі Парасляны Майсей Казёл.

Служэнне Рыгора Шырмы ў Пружанскім храме працягвалася нядоўга. Па афіцыйнай версіі, агульны стан здароўя і сямейныя абставіны прымусілі Шырму прасіць Палескую Духоўную Кансісторыю вызваліць яго ад пасады псаломшчыка. Прашэнне было падпісана.

Далей пачалася вядомая ўсім віленская старонка жыцця Рыгора Раманавіча. Шырма заняўся актыўным зборам фальклору і дырыжорскай дзейнасцю, узначаліў ТБШ, быў рэдактарам часопісаў "Летапіс ТБШ" і "Беларускі летапіс". Разам з тым, ён часта прыязджаў у Пружаны, каб наведаць родных - жонку і дзяцей, якія з-за цяжкага фінансавага становішча вымушаны былі вярнуцца з Вільні. Завітваў таксама і да сваіх старых сяброў - пеўчых з саборнага хору.

Вядома, што пад час знаходжання ў Пружанах Шырма сустракаўся са сваім спадкаемцам - новым псаломшчыкам сабора Рыгорам Сіняком, і, пераканаўшыся, што справа ўсяго яго жыцця знаходзіцца ў надзейных руках, перадаў яму шэраг сваіх рукапісных нот з рэдкімі мясцовымі напевамі, дзякуючы якім была закладзена трывалая аснова адмысловага нотнага спеву на Пружаншчыне. І кожны наступны рэгент лічыў сваім абавязкам прытрымлівацца прапанаванага Шырмай рэпертуару.

Дагэтуль у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы па вялікіх святах урачыста гучаць "Пружанская" Херувімская песня і "Шарашоўская" екцення.

Алена ЗЯЛЕВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік Музея-сядзібы
"Пружанскі палацык"