КАРОНА З КАХАННЯ

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Янка Купала і Паўліна Мядзёлка. Версія

Лірычная драма па матывах кнігі Паўліны Мядзёлка "Сцежкамі жыцця".
Паважаныя чытачы!

Перад вамі - тэатральная старонка нашага "Куфра-радцы", дзе сёння мы прадстаўляем яшчэ адну частку з лірычнай драмы Анатоля Дзялендзіка "Карона з кахання". Многія эпізоды яе, нагадаем, заснаваны на ўспамінах выканаўцы ролі легендарнай Паўлінкі ў першай пастаноўцы дэбютнай п'есы Янкі Купалы - Паўліны Мядзёлка.

Сёння на нашых старонках пададзены сцэны з таго перыяду, калі Паўліна Мядзёлка разам з братам пераехала ў БССР з тэрыторыі этнічных заходніх беларускіх земляў, якія, на той час, паводле Рыжскага мірнага дагавора, адышлі да Польшчы. Гэта 1925 год. Такім чынам, у апублікаваных раней і цяперашняй частках драматычнага твора перад чытачом паўстаў вобраз класіка ў розныя перыяды творчасці: пад час стварэння і першай пастаноўкі "Паўлінкі", у часіны рэвалюцыйных змен ХХ стагоддзя і, нарэшце, - у нэпаўскія гады. Зразумела, у тэксце не
абышлося і без мастацкага вымыслу аўтара сучаснай трактоўкі падзей.

Вядома, не ўсе купалазнаўцы, захавальнікі памяці паэта ды і простыя чытачы пагодзяцца з даволі свабоднай, "незабранзавелай" трактоўкай вобраза Песняра, звароту на сцэне да калізій яго асабістага жыцця... Тым не менш, такі вольны, аўтарскі, падыход драматурга да гісторыка-мемуарнага матэрыялу, дапушчэнні дамыслівання, умоўнасцей, нават фантасмагарычных перастварэнняў у часе не з'яўляюцца навіной у мастацкай інтэрпрэтацыі жыцця і творчасці, у тым ліку класікаў сусветнай літаратуры, ды не толькі яе...

(Працяг. Пачатак у № 1 - 2 за 2012 г.)

Мінск. Купала, вядомы пісьменнік, прымае Паўліну ў сваім доме. Курыць трубку. Яна ходзіць па пакоі, разглядае мэблю, выглядвае ў акно.

КУПАЛА. Дом разам з садам купіў.

ПАЎЛІНА. Перайшоў на трубку? Як Хэмінгуэй?

КУПАЛА. Ды так, баўлюся. Падарылі пагранічнікі на сустрэчы... У садзе - яблыні, грушы, слівы... (Падсоўвае талерку з садавіной.) Частуйся. Даглядаю, як малых дзяцей. Прышчэпліваю, падразаю...

ПАЎЛІНА (разглядае друкарку). Сам друкуеш?

КУПАЛА. Уладзя. Не люблю шуму. Паўліна, колькі ж мы не бачыліся? Зараз 1925-ы...

ПАЎЛІНА. Дзевяць гадоў.

КУПАЛА. Цэлая вечнасць! Шмат вады сплыло...

У пакоі б'е масіўны высокі гадзіннік.

КУПАЛА (весела). Ага, а дзе наш гадзіннік?

ПАЎЛІНА. Забралі пры арышце.

КУПАЛА. Шкада. Хадзілі чуткі, што ты пайшла замуж за Тамаша Грыба, эсэра.

ПАЎЛІНА. За польскім часам ён быў узяты дэфензівай. Каб яго выратаваць, мне давялося выдаць сябе за ягоную жонку. Кахання не было. Ён увесь - у рэвалюцыі, а я... сумавала па іншым.

КУПАЛА. Ён прыехаў з табой?

ПАЎЛІНА. Адмовіўся вяртацца ў СССР. Я з ім парвала. І з партыяй эсэраў. Саламяная ўдава.

 Памаўчалі. Звоніць тэлефон.

КУПАЛА (бярэ слухаўку). Слухаю. Так. Перакласці? (Памаўчаў.) Можна. (У слухаўку). Хвіліначку... (Гучна.) Уладзя, дарагая, вазьмі слухаўку! (Кладзе сваю.) Яна дамовіцца... (Да Паўліны.) Па вечарах у мяне збіраюцца пісьменнікі, артысты, мастакі... Удзень Уладзя падкормлівае маладых паэтаў. Моляцца на яе...

ПАЎЛІНА. Як ты жывеш?

КУПАЛА. Абсталяваў майстэрню! Мне ў асалоду пілаваць, стругаць, майстраваць. Дрэва так цудоўна пахне! З закрытымі вачыма магу адрозніць любое!

ПАЎЛІНА. Што адметнага напісаў за гэтыя гады?

КУПАЛА. Такія творы нараджаюцца насуперак агульнапрынятай плыні. А ў нас гэта... (Круціць галавой.) Карацей, нічога такога, чым можна было б пахваліцца.

ПАЎЛІНА. Чаму? Ты ж таленавіты паэт! Духоўны лідар нацыі! У цябе шэсць ці сем тамоў вершаў!

КУПАЛА. Не пішацца, Паўліна. (Паглядае на сметніцу ля стала, поўную скамечанай паперы.)

ПАЎЛІНА (прасачыла за ягоным позіркам.) Нішто сабе!

КУПАЛА (з іроніяй). Роспач творчасці...

ПАЎЛІНА. Урэшце, так бывае ў многіх. Потым адпускае... Калі мне было сумна, чытала твае вершы, паэмы "Магіла льва", "Яна і я", "Бандароўна", "Курган"...

КУПАЛА. Бібліятэка?

ПАЎЛІНА (паказвае пальцам на лоб). Яна вось тут.

КУПАЛА (здзіўлены). Чытала на памяць?

(Паўза.)

ПАЎЛІНА. Што ж з табой здарылася?

КУПАЛА (змрочна). Час не спрыяльны для паэзіі. У статку арыгінальнага не напішаш. Для творчасці патрэбна адзінота. І ўвогуле, паэтаў не можа быць многа.

ПАЎЛІНА. Але ты нешта напісаў?

КУПАЛА. А-а-а... Яшчэ Пушкін сказаў: "И угораздил же меня черт с моим умом и талантом родиться в России!" (Бярэ з паліцы кнігу, падпісвае.) Табе.

ПАЎЛІНА (разгортвае). Дзякуй. Сёння ж прачытаю!

У пакой уваходзіць Уладзя. Яна коціць перад сабой сервіровачны інкруставаны столік. На ім - наліўка, розныя стравы, печыва.

УЛАДЗЯ (кладзе перад Купалам лісты). Пераклад, ты прасіў.

КУПАЛА. Дзякуй. (Бярэ, праглядае.)

ПАЎЛІНА. З польскай?

УЛАДЗЯ. З французскай.

ПАЎЛІНА. Ого!

УЛАДЗЯ (Паўліне). Гэты столік я купіла ўчора. Даспадобы? А гэтая карціна? Не Манэ, мой продак, але таксама нядрэнная. Словам, эпоха нэпа! Ну, давай, сяброўка маладосці, націскай на французскую кухню. Смачна есці!

ПАЎЛІНА. З задавальненнем!

УЛАДЗЯ. І ты, каханенькі, далучайся.

ПАЎЛІНА. За ваша здароўе!

КУПАЛА. І за тваё.

Узнімаюць кубкі.

ПАЎЛІНА (пакаштаваўшы страву). Смаката!

КУПАЛА. Уладзя выдатна гатуе.

УЛАДЗЯ. Іграеш на сцэне?

ПАЎЛІНА. Не.

УЛАДЗЯ. Як?! Чаму? Я думала, ты стала вялікай актрысай! Пачатак быў удалым!

ПАЎЛІНА. Так склалася жыццё... (Да Купалы.) Янка, мне патрэбна праца, дзе-небудзь у выдавецтве. Дапаможаш?

КУПАЛА. Ну вядома ж!

ПАЎЛІНА. А то я больш і не ведаю, да каго яшчэ можна звярнуцца...

УЛАДЗЯ (падкрэслена). Чаму не дапаможа? Дапаможа!

ПАЎЛІНА. Ведала б ты, колькі я праседзела ў польскіх турмах... Там выбіваюць усе пачуцці. Яны забілі ўва мне жанчыну...
(Падымаючыся.) Мне час ісці...

Раптам чуюцца гукі гармоніка, вясёлыя мужчынскія галасы.

УЛАДЗЯ (падымаючыся, затрымлівае Паўліну). Ты яго заваражыла... (Ідзе адкрываць дзверы).

Паўліна, абапіраючыся на ручку крэсла, зноў сядае ў яго. Праз пэўную паўзу выходзіць са стану анямеласці.

ПАЎЛІНА (прыслухоўваючыся). Што гэта?

КУПАЛА. Маладыя паэты прыйшлі... На пачастунак да Уладзі...

ПАЎЛІНА. Не любіш маладых?

КУПАЛА. Люблю таленавітых самотнікаў.

 Жаночы голас зацягнуў песню. Чуюцца апладысменты.

ПАЎЛІНА. Хто пяе? Уладзя?

КУПАЛА. Так.

Памаўчалі.

ПАЎЛІНА. Прыгожы голас. Але ты так нічога не напішаш. Сыходзь.

КУПАЛА (ходзіць, аглядае пакой, разважаючы). Гэта табе лёгка падняцца-паляцець - ні ў лесе, ні ў небе...(Памаўчаў.) У мяне вялікі архіў. І вялікая бібліятэка. На Уладзі ўвесь дом. І не толькі. Калі я цяжка хварэў, доўга, амаль два гады, яна падтрымлівала мяне, клапацілася! Даглядала, як малое дзіця! Ніводная жанчына...

ПАЎЛІНА (перапыняе). Што з табой было?

КУПАЛА. Прайшло. Думаеш, у жонкі паэта салодкае жыццё? Я ж увесь час маўчу, абдумваю вершы... Хоць яна і ўладарная, але - надзейны арганізатар. Ходзіць па выдавецтвах, уладкоўвае мае справы. А я толькі пішу... Ты не такая...

Паўліна піша нешта на лістку і пакідае на століку.

ПАЎЛІНА. Па гэтым адрасе можаш мяне знайсці.

КУПАЛА. Пачакай. (Падыходзіць да сакрэтніка, дастае канверт, аддае ёй.) На першы час хопіць.

ПАЎЛІНА. Дзякуй. Не трэба... (Падымаецца і выходзіць.)

(Зацямненне.)

У кантэксце юбілею класіка/i/content/pi/cult/360/6895/10-1.jpeg
Падзеяй стала выданне ўнікальнага каталога аўтографаў першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Як адзначала "К" у мінулым нумары, прэзентацыя выдання стала першым акордам святкавання 130-годдзя Песняра. Каб даведацца падрабязнасці стварэння выдання, карэспандэнт "К" звярнуўся да кіраўніка праекта - дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы Алены ЛЯШКОВІЧ.

- Алена Раманаўна, як з'явілася ідэя стварыць выданне, якое дазволіла б не толькі прачытаць слова Купалы, але і праз ягоны почырк адчуць сам момант творчага азарэння?

- Ідэя каталагізаваць найбольш значныя фондавыя калекцыі нарадзілася яшчэ ў 1980-я. А да 120-годдзя з дня нараджэння паэта быў зроблены першы крок: каталагізавана калекцыя мастацкіх твораў. У 2008 - 2010-м пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва былі выпушчаны дзве часткі каталога "Рукапісная спадчына Янкі Купалы". І, хачу падкрэсліць, яны сталі першымі з падобных выданняў у музейнай практыцы рэспублікі. Калі казаць пра калекцыю "Аўтографы Янкі Купалы", то адзначу, што яна складаецца з 559 адзінак захавання рукапісаў паэта рознага часу. Сярод іх ёсць і сапраўдныя рарытэты: рукапісны зборнік "Шляхам жыцця", які раней захоўваўся ў Беларускім музеі даваеннай Вільні, аўтографы паэм "Сон на кургане", "Бандароўна", камедыі "Паўлінка", рукапісы аўтарскага перакладу "Слова аб палку Ігаравым"...

- Але ў каталогу можна ўбачыць не толькі творы Купалы...

- Укладальнікі ўключылі ў каталог выявы кніг, фотаздымкі з дарчымі надпісамі Купалы, дакументы, якія раскрываюць яго ўзаемаадносіны з цікавымі асобамі, адносіны да гэтых персон, фіксуючы даты кантактаў з імі. Адзначу, што ў друкаваную версію каталога ўвайшлі найбольш вядомыя рукапісы Янкі Купалы. Асноўная частка яго складаецца з выяў рукапісаў, іх сціслага апісання, якое ўключае назву, дату і месца стварэння. У сваю чаргу, электронная версія ўтрымлівае літаральна ўсю рукапісную спадчыну першага народнага паэта Беларусі, якая гадамі назапашвалася ў фондах.

- Што друкуецца ўпершыню?

- Мэта каталога - прадставіць рукапісную спадчыну Песняра, незалежна ад таго, дзе знаходзіцца арыгінал. Да прыкладу, у 2010-м святар Аляксандр Надсан перадаў копіі рукапісаў Янкі Купалы, што знаходзяцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане: паэма "Курган", а таксама тры вершы. Адбіткі тых рукапісаў нідзе не друкаваліся. Акрамя таго, у 2009 годзе ў музей паступіла кніга з дарчым надпісам Янкі Купалы, які стаў адкрыццём для купалазнаўцаў.

- Тыраж каталога - сто асобнікаў...

- Каталог у найбліжэйшы час будзе прадстаўлены на інтэрнэт-сайце нашага музея. Разам з тым, паколькі выпуск каталога ажыццёўлены на сродкі гранту прэзідэнцкага фонду, мы не маем права яго прадаваць, а таму плануецца перавыдаць, ужо за сродкі музея, у выглядзе электроннай версіі, якую зможа набыць кожны ахвотны.

- Якія мультымедыя і друкаваныя выданні, звязаныя з жыццём Янкі Купалы, можна чакаць бліжэйшым часам?

- У першую чаргу, сумесна з Міністэрствам культуры нашай краіны мы плануем выпуск дыска "Беларусь чытае Купалу і Коласа". У працы над ім будуць задзейнічаны знакамітыя людзі, якія прачытаюць улюбёныя паэтычныя радкі нашых класікаў. Акрамя таго, чакаюць выдання і адмысловыя каталогі, прысвечаныя жонцы класіка - Уладзіславе Луцэвіч, - а таксама мясцінам, звязаным з жыццём і творчасцю Янкі Купалы...

К.А.
Пасляслоўе да першай часткі

У гады вайны я, падлетак, быў у партызанскім атрадзе "ад'ютантам"
партызанскага генерала, Героя Савецкага Саюза Васіля Іванавіча Казлова. Пасля аднаго рэйду Васіль Іванавіч прывёз мне томік вершаў Янкі Купалы. З гэтай кнігай я не расставаўся. Так што Купала з дзяцінства ўвайшоў у маё жыццё...

Не так даўно мне ўдалося прачытаць мемуары Паўліны Мядзёлка, першай выканаўцы ролі Паўлінкі ў аднайменнай камедыі. Яны былі апублікаваны ў чатырох нумарах часопіса "Полымя" гадоў дваццаць таму. Мяне ўсхваляваў трагічны лёс гэтай жанчыны і тое, якую ролю яна адыграла ў жыцці Янкі Купалы.

Рэдактар, які рыхтаваў матэрыял для часопіса, распавёў мне, што яго вымусілі выкінуць тры з паловай старонкі з рукапісу Мядзёлка. Ён расказаў, што было на гэтых старонках... Пасля гэтага не напісаць п'есу пра ўзаемаадносіны Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлка я не мог...

Гэта мая мастацкая версія падзей, якая разгарнулася ў першай частцы твора. Што датычыцца другой... Магчыма, гэтага не было, але магло быць, ніхто не прысутнічаў пры - умоўна верагодных у п'есе - размовах Купалы, прынамсі, з Максімам Горкім, Генрыхам Ягодам, Мікалаем Яжовым...

Галоўнае ж, мне хацелася паказаць Янку Купалу жывым чалавекам.

Анатоль ДЗЯЛЕНДЗІК