“У тумане”: здымкі завершаны

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

У латвійскай Латгаліі завяршыўся здымачны перыяд стужкі Сяргея Лазніцы “У тумане”, якая ствараецца сумесна кінематаграфістамі некалькіх еўрапейскіх краін, у тым ліку Беларусі.

/i/content/pi/cult/360/6894/9-3.jpeg

Здымкі фільма паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава распачаліся яшчэ восенню, у студзені ж былі зроблены апошнія кадры фінальнай сцэны карціны, для якіх было патрэбна снежнае покрыва, паведамілі карэспандэнту "К" прадстаўнікі здымачнай групы.

 Плануецца, што мантажна-таніровачны перыяд у працы над стужкай зойме некалькі месяцаў, і тая будзе канчаткова гатова да прэм'еры прыкладна ў сярэдзіне траўня.

Нагадаем, праект "У тумане" ствараецца пры ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" нямецкім прадзюсарам Хайнам Дэкертам і ўкраінскім рэжысёрам беларускага паходжання Сяргеем Лазніцам па сцэнарыі апошняга. Галоўнага героя - пуцявога абходчыка Сушчэню, якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з фашысцкімі акупантамі, - увасабляе выпускнік
ГИТИС-РАТИ, беларус Уладзімір Свірскі. У астатніх ролях задзейнічаны расійскія акцёры Сяргей Калесаў, Улад Абашын, а таксама Барыс Каморзін, Міхаіл Яўланаў, Юлія Перасільд ды іншыя. У якасці жыхароў беларускай вёскі ваеннай пары выступілі латгальцы. Аператарам стужкі з'яўляецца румын Алег Муту, гукааператарам - вядомы беларускі прафесіянал Уладзімір Галаўніцкі.

- Я ўдзячны ўсім маім калегам - камандзе таленавітых і верных людзей, чый прафесіяналізм дазволіў мне стварыць складанапастановачную гістарычную карціну за 28 здымачных дзён. У нас працавалі латышы, літоўцы, немцы, рускія, беларусы, палякі, румыны, чэхі. На пляцоўцы гучала дзевяць моў! Мы ўсе служылі агульнай справе, і я ўпэўнены, што гармонія, якая панавала на здымачнай пляцоўцы, увасобіцца на экране, - адзначыў "К" Сяргей Лазніца.

На здымку:

кінапрацэс будучай стужкі.

Дарэчы, цалкам верагодна, што гэтая стужка - не апошні на бліжэйшы час беларускі праект Сяргея Лазніцы.