Вяртанне сучасніка ў XVII стагоддзе

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Першую частку музейнай экспазіцыі ў Нясвіжскім замку плануецца адкрыць да 2008 года. І таму рэстаўратары, будаўнікі спяшаюцца. Зараз у Радзівілаўскім палацава-паркавым комплексе кіпіць праца. Вокны ўжо апраўлены ў рамы, падобныя да тых, якія былі, на падлозе — кафляная плітка, паркет, аналагічныя аўтэнтычным, адроджаны печы і каміны, упрыгожаныя кафляй, зробленай па ўзорах, якія знойдзены падчас археалагічнага вывучэння старога будынка. На другім паверсе левай галерэі ў трох вялікіх пакоях, якія хутка адкрыюцца для наведвальнікаў, пад кіраўніцтвам мастака-рэстаўратара Уладзіміра РАКІЦКАГА працуе калектыў мастакоў і дзве навучэнкі Мірскай мастацкай вучэльні рэстаўрацыйна-будаўнічых работ Ганна РАДЗЮК і Наталля СКАЛКОВІЧ.

/i/content/pi/cult/132/689/Nyasvizh1.jpg

— Зараз у трох памяшканнях афармляюцца інтэр’еры, — выклікаецца быць гідам Ганна Радзюк, — ідзе аддзелка сцен, якія аздобяць тканінай. Затым тут будзе пакладзена паркетная падлога, а потым усталююць свяцільнікі — яны ўжо гатовы. Пасля таго, як усё зманціруюць, мастакі-рэстаўратары — Уладзімір Ракіцкі і Юрый Маліноўскі — унясуць яшчэ пэўныя карэктывы.

— Што ў часы Радзівілаў было ў гэтых залах?

— Першапачаткова залы прызначаліся для афіцэраў — памяшканні былі звязаны непасрэдна з арсеналам, які знаходзіўся раней у замку. Гэтак было ў ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзя. У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя памяшканні ператвараюцца ў салоны, бо замак перастае адыгрываць ролю абарончага фарпоста і яго памяшканні набываюць функцыі палацавага характару. Залаў у замку было недастаткова для прэзентабельных мэт, і таму гаспадары пераробліваюць памяшканні для афіцэраў. Зараз залам надаецца выгляд, які яны мелі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя.

— Чым вы з Наталляй займаецеся?

— Мы малюем эскізы на сценах, робім падрыхтоўку, каб потым мастакі зрабілі эскізы ў натуральную велічыню. Пасля сцены будуць аздоблены шпалернай тканінай. Калісьці ў пакоях знаходзіліся партрэты. З правага боку на сценавых панэлях мастак Ракіцкі адлюструе выявы радзівілаўскіх штандараў, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Швецыі, у музеі Стакгольма. Гэта будуць графічныя копіі гістарычных матэрыялаў.

— Да якога часу штандары знаходзіліся ў замку?

— Яны былі ў замку да Паўночнай вайны. Нясвіж шведы захапілі ў 1706 годзе, многія скарбы былі імі вывезены, у тым ліку і штандары. Цяперашнія адметныя графічныя матэрыялы — сімвалы дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага, а таксама сімвалы аб’яднанай дзяржавы Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі на той час Вялікае княства Літоўскае і Польшча, упрыгожаць тры адноўленыя замкавыя пакоі.

— Цяперашняя праца ў замку — ваша сёлетняя выязная практыка?

— Так. Нас з Наталляй сюды запрасіў Уладзімір Васільевіч Ракіцкі. Мы з ім пазнаёміліся ўзімку падчас рэстаўрацыі сабора Пятра і Паўла ў Мінску, дзе мы праходзілі пяпярэднюю практыку.

— Што вас прывяло ў рэстаўрацыю, у Мірскую вучэльню?

— Я і Наталля — родам з Гарадзеі, якая знаходзіцца нападалёк ад Міра. Мы з ёй з дзяцінства захапляліся маляваннем. Я наведвала Гарадзейскую мастацкую школу. Пасля яе заканчэння вырашыла, што сярэдняй мастацкай адукацыі недастаткова, і паступіла, маючы дзевяцігадовую адукацыю, у Мірскую вучэльню.

— Што дае вам практыка на такіх аб’ектах, як Нясвіжскі замак?

— Практычныя рэстаўрацыйныя веды мы і набываем акурат таму, што працуем на такіх

 /i/content/pi/cult/132/689/Nyasvizh2.jpg

Ганна Радзюк.

адметных гістарычных аб’ектах, як замак князёў Радзівілаў, працуем разам з цудоўнымі майстрамі, прафесіяналамі высокага класа. У вучэльні нам даюць веды, грунт прафесіі, аднак працу побач з вядомымі рэстаўратарамі не можа замяніць аніякая найсучаснейшая тэарэтычная база. Пра сакрэты менавіта рэстаўрацыі мы можам даведацца толькі на практыцы ў такіх месцах, працуючы разам з мастакамі Уладзімірам Ракіцкім, Юрыем Маліноўскім, рэстаўратарам, навуковым кіраўніком навукова-даследчых, праектных работ у Нясвіжскім гісторыка-культурным запаведніку Сяргеем Друшчыцам.

— На чым менавіта вы спецыялізуецеся?

— Я вучуся на аддзяленні “рэстаўрацыя дэкаратыўных тынковак, афарбовак і ляпных вырабаў”. У нас ёсць праграма “Тканіны”, якая датычыць таго, чым я і Наталля Скалковіч зараз займаемся: мы робім на сценах імітацыю пад тканіну.

— У вас і сапраўды вельмі цікавая практыка. А якой вы бачыце сваю будучыню?

— Па-першае, самае актуальнае — неўзабаве я заканчваю вучэльню, але не хачу спыняцца на дасягнутым: мяркую паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову.

— Ці адрозніваецца праца ў саборы Пятра і Паўла — сакральнай пабудове — ад працы ў замку Радзівілаў?

— У саборы Пятра і Паўла, — далучаецца да размовы Наталля Скалковіч, — мы больш займаліся падрыхтоўчымі, больш простымі працамі. Зараз даводзіцца выконваць больш складаныя задачы. І гэта вельмі цікава. Я таксама, як і Ганна, спадзяюся прадоўжыць вучобу, спецыялізавацца менавіта ў прафесіі рэстаўратара. Увогуле, мяне цікавяць гісторыя Беларусі, мастацтва, гісторыя мастацтва.

— Навучэнцы вашай вучэльні трапляюць на практыку ў тыя краіны, дзе рэстаўрацыя — развітая галіна?

— Добра было б вучыцца на лепшых узорах, але, на жаль, пакуль такая практыка ў нас не надта распаўсюджана. Тут мы добра ўсвядомілі — у рэстаўрацыі не трэба спяшацца. Здараюцца такія выпадкі: пачалі аднаўляць нейкае памяшканне. Задача — збіць

старую тынкоўку. Гэта робіцца. Раптам пад тынкоўкай спецыяліст натыкаецца на фрэскавы жывапіс!.. Што ў такім выпадку рабіць? Чалавек недасведчаны хутчэй за ўсё саб’е яе, каб турбот меней было. Але ж дасведчаны спецыяліст, сапраўдны рэстаўратар ніколі такога не дазволіць ні сабе, ні іншым. Калі нешта падобнае здараецца, скажам, у Італіі, якая з’яўляецца прыкладам у справе рэстаўрацыі, дык гэта будзе скандал на ўсю краіну, гэта стане вядома ва ўсёй Еўропе, ва ўсім свеце. Там сапсаваную фрэску паспрабуюць закансерваваць, адрэстаўраваць, агародзяць і стануць паказваць гледачам, і ўсе будуць у захапленні ад знойдзенага твора мастацтва. Таму так важна, каб у нас выхоўвалі добрых спецыялістаў, а ўсе астатнія — ад простых людзей да самых высокіх чыноў — трапятліва ставіліся да нашай спадчыны.
Ганна Радзюк і Наталля Скалковіч, на думку Сяргея ДРУШЧЫЦА, навуковага кіраўніка навукова-даследчых, праектных работ, што праводзяцца ў Нясвіжскім гісторыка-культурным запаведніку, прызначанага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, — таленавітыя дзяўчаты.
— Калі я пабачыў іх у працы, — кажа Сяргей Друшчыц, — зразумеў, што з іх атрымаюцца добрыя рэстаўратары. Пакуль у рэстаўрацыю не надта ідуць маладыя, бо лічаць, што тут няшмат плацяць. Але той, хто прыходзіць у нашу галіну, застаецца назаўсёды і звязвае сваю дзейнасць з гэтай прафесіяй, якая трымаецца на энтузіязме, на апантаных людзях, для якіх рэстаўрацыя — мэта іх жыцця. Уладзімір Ракіцкі, спецыяліст, вядомы не толькі ў нашай краіне, які спецыялізаваўся ў Рыме і быў там запрошаны выкладаць рэстаўрацыйную справу, мае намер і далей супрацоўнічаць з дзяўчатамі, апекаваць іх, знаёміць з сакрэтамі рэстаўрацыйнага майстэрства.
Першая чарга Нясвіжскага гісторыка-культурнага запаведніка, дзякуючы намаганням рэстаўратараў, будаўнікоў, мастакоў, іншых спецыялістаў, у тым ліку Ганны Радзюк і Наталлі Скалковіч, увойдзе ў строй на пачатку 2008 года. У трох памяшканнях, калісьці прызначаных для афіцэраў, разам з работай над інтэр’ерам ідзе ўсталяванне вентыляцыйнай сістэмы — сістэмы стварэння спецыяльнага цеплавільготнага рэжыму. Мэбля для памяшканняў праектуецца з выкарыстаннем тых гістарычных матэрыялаў, якія захаваліся.
— У працэсе працы, — не выключае С.Друшчыц, — могуць быць знойдзены новыя дакументы, новыя рэчы. Мы ведаем, дзе знаходзяцца арыгінальны гадзіннік, арыгінальныя люстэрка, свяцільнікі.
Ведаем, дзе захоўваюцца шпалеры з Радзівілаўскага замка, жывапіс. З мэбляй — складаней. Але ў нас ёсць дастаткова дакументаў, па якіх мы здольныя аднавіць яе. Што датычыць тых залаў, дзе зараз працуюць Уладзімір Ракіцкі, Юрый Маліноўскі, таксама вядомы рэстаўратар, які шмат спецыялізаваўся ў Францыі, і маладыя спецыялісты, — дык яны будуць прысвечаны радаводу Радзівілаў.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Мінск — Нясвіж — Мінск
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ
і Дзмітрыя ЯШЧАНКІ