Крылы Ружанаў

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па будаўніцтве Дзмітрый Сачкоўскі паведамляе “К”, што на першую чаргу аднаўлення паўднёвага крыла Ружанскага замка з абласнога бюджэту выдаткавана 600 мільёнаў рублёў.

Гэты аб'ект - адна з асноўных турыстычных "прынад" Брэстчыны. Цягам няпоўнага мінулага года, пасля ўводу ўсходняга флігеля з уязной брамай, Ружанскі замак агледзела не адна сотня наведвальнікаў. Білетаў прададзена амаль на 70 мільёнаў рублёў. Па словах Дзмітрыя Сачкоўскага, у бліжэйшы час гэтая сума павялічыцца ў разы.

 Ва ўсходнім флігелі, узноўленым у стылі XVII - XVIII стагоддзяў, дзейнічаюць, як вядома, музейныя залы, прысвечаныя роду Сапегаў, і сувенірная крама. Сёння, як распавядае "К" начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш, адна з прыватных гродзенскіх фірм занята ўнутраным мастацкім афармленнем трох экспазіцыйных і выставачных залаў на першым і другім паверхах заходняга замкавага флігеля.

 Гэтыя памяшканні "засяляюць" манекены ў старадаўніх строях. У адной з залаў будуць выстаўляцца творы сучасных мастакоў і майстроў. Уладкоўваецца камін. А ў гасцёўні Сапегаў супрацоўнікі музея "Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў" і мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу будуць ладзіць тэатралізацыі.

Неаспрэчна і тое, што турыстаў прывабіць штогадовы абласны фестываль "Ружанская брама", які чэрвеньскімі днямі пройдзе тут другі раз. Запланаваны шляхецкі баль, кірмаш рамеснікаў, сустрэчы з лепшымі творчымі калектывамі Брэстчыны...

Застаецца дадаць, што ў выніку адраджэння паўднёвага палацавага крыла тут з'явіцца тэатр, размешчаны ў асобным будынку. Турыстычныя групы будуць наведваць спектаклі па асобных білетах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"