Загадайце на зорку

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

23 студзеня Беларуская дзяржаўная філармонія і Дзяржаўны камерны аркестр на чале з Яўгенам Бушковым распачынаюць новы творчы праект — цыкл канцэртаў “Узыходзячыя зоркі”. У ім будуць выступаць лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама маладыя замежныя выканаўцы.

/i/content/pi/cult/360/6882/2-4.jpeg

У першым канцэрце мы ўбачым ужо добра вядомую ў нас 16-гадовую амерыканскую скрыпачку Эстэр Ю: яна з першага свайго прыезду скарыла не толькі надзвычайнай віртуознасцю, але і тонкай музычнасцю. Саліраваць будзе і юны бельгійскі віяланчэліст Ліяў Кербель, якога ў нас ведаюць пакуль толькі знаўцы і... гамяльчане: у снежні ён стаў уладальнікам Гран-пры на Х Міжнародным конкурсе "Музыка надзеі" ў Гомелі.

- Ідэя гэтага праекта, - распавёў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Яўген Бушкоў, - нарадзілася колькі месяцаў таму. У канцэртах цыкла будуць выступаць маладыя перспектыўныя салісты. І не толькі замежныя, як будзе гэтым разам. Вельмі хочацца паказаць нашу творчую моладзь! Бо, здараецца, музыканты перамагаюць на прэстыжных конкурсах, становяцца стыпендыятамі, а з часам - і лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны, атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, але выступленняў ім усё роўна не хапае. Моладзі ж так хочацца хутчэй рэалізаваць свае памкненні! Дык чаму б ёй не дапамагчы ў гэтым? Пакуль усё робім сваімі сіламі. Але плануецца, што прадоўжыць ініцыятыву змогуць і іншыя творчыя калектывы: салісты будуць выступаць з рознымі аркестрамі і ансамблямі...

У выйгрышы ад такой ініцыятывы застануцца, безумоўна, усе. Маладыя беларускія музыканты атрымаюць новыя магчымасці выйсці да публікі, параўнаць сваё майстэрства з майстэрствам сваіх замежных аднагодак. Слухачы пачуюць новыя інтэрпрэтацыі класічных твораў (праграму першага вечара, дарэчы, складуць інструментальныя канцэрты Моцарта, Бетховена, Сен-Санса), запомняць новыя імёны і, пэўна, будуць сачыць за творчасцю іх уладальнікаў надалей.