Навінкі "Залатога Фаліянта”-2012

№ 3 (1026) 21.01.2012 - 28.01.2012 г

“К” пісала ўжо, што 24 — 25 студзеня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ладзіць 51-ы Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі-2012”.

Ён, як вядома, скіраваны на далейшае развіццё кніжнага мастацтва, павышэнне мастацкай і паліграфічнай культуры, папулярызацыю дзейнасці нашых выдавецтваў цягам 2010 - 2011 гадоў. Сёлетні конкурс, як паведамляе для "К" кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Валерый Рагалевіч, пэўным чынам адрозніваецца ад папярэдняга.

Справа ў тым, што амаль удвая скарочаны конкурсныя намінацыі. Да прыкладу, падкрэслівае Валерый Рагалевіч, выданні па выяўленчым мастацтве, а таксама факсімільныя, рэпрынтныя і бібліяфільскія аб'яднаны ў намінацыю "АРТ-кніга", літаратурна-мастацкія - у "ЛІТ-фармат"... Зроблена гэта для таго, каб конкурс набыў большую важкасць і значнасць. Інакш кажучы, за Гран-пры "Трыумф" паспрачаюцца сапраўды лепшыя з лепшых.

У конкурсе, як зазначае Валерый Рагалевіч, прымаюць удзел шэсць дзяржаўных выдавецтваў і найлепшыя прыватныя, а таксама выдавецкія цэнтры самых розных ведамстваў і арганізацый. Беларускі фонд культуры, да прыкладу, прадстаўляе дзесяцімоўны трохтомнік Максіма Багдановіча і "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча.