Настаўніца музыкі

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Пра педагога Добрушскай школы мастацтваў Кацярыну ПАРАНІНУ мне давялося даведацца... праз расійскі тэлеканал “Культура”. “Другое месца на Усерасійскім конкурсе маладых кампазітараў імя Андрэя Пятрова ў намінацыі “Эстрадная песня і раманс” заняла малады кампазітар з Беларусі Кацярына Параніна”, — сціпла прагучала ў праграме “Навіны культуры”. “Вось табе і малады кампазітар Кацярына!” — падумалася мне. Прайшло некалькі дзён, і я асабіста распытваю “ўсерасійскага лаўрэата” аб усіх падрабязнасцях жорсткага спаборніцтва, частуючыся смачнай гарбатай ад дырэктара Добрушскай школы мастацтваў Галіны КАСЦЯНАВАЙ. Галіна Андрэеўна паказвае мне стосы дыпломаў, якія заваявалі выхаванцы яе школы, і зноў і зноў просіць Кацярыну паставіць на магнітафоне пераможную песню.

 /i/content/pi/cult/132/688/Nastaunica muzyki.jpg
 Педагагічны калектыў Добрушскай школы мастацтваў.

— Спачатку кампазіцыя называлася “Пірацкі блюз”, — распавядае Кацярына, — але потым было вырашана перайменаваць яе ў “Мой сябар”.
— Дарэчы, “Пірацкі блюз” Кацярыны прынёс перамогу не толькі самому аўтару, — дадае дырэктар. — Адна наша вучаніца выконвала гэты твор на конкурсе выканальніцкага майстэрства і стала ўладальніцай дыплома І ступені.
Песні Кацярыны выконвае і цудоўны вакальны ансамбль нашай школы “Медыянта”, які толькі што атрымаў Гран-пры на конкурсе-фестывалі “Шоу Беларусь — 2007”…. Адным словам, карыстаюцца попытам творы маладога кампазітара Паранінай. Пад гукі заваднога “Пірацкага блюза” Кацярына раскрывае сакрэты свайго поспеху:
— Нічога незвычайнага: знайшла конкурс, адправіла песні.
А потым высветлілася, што з прысланых на спаборніцтва 400 кампазіцый і рамансаў у фінал патрапілі дзве мае песні. Гэта проста неверагодна! Згодна з умовамі конкурсу, усе творы былі ў пранумераваных канвертах, аніякіх імёнаў і прозвішчаў, каб журы максімальна аб’ектыўна ацэньвала канкурсантаў. Творы дасылалі ўсе: славутыя кампазітары, вядомыя артысты, студэнты кансерваторый... Конкурс быў неверагодны. Арганізатары мне потым распавядалі: “Канчатковы тур, журы выбрала шаснаццаць “ананімных” кампазіцый, адкрываем адзін канверт, — а там Параніна з Добруша, другі — зноў яна! Што такое, думаем, хто куды глядзеў?”
— Потым усё ж другая мая песня, — працягвае распавядаць Кацярына, — сышла з барацьбы, а вось “Пірацкі блюз” прабіўся ў прызёры. Улічваючы тое, што Першую прэмію з кампазіцыяй “Без цябе” заваяваў Анатоль Кальварскі — вядомы піяніст-імправізатар, аранжыроўшчык, лаўрэат шматлікіх джазавых і песенных конкурсаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, — мяркую, для Кацярыны Паранінай другое пачэснае месца — больш чым прыстыжная ўзнагарода.

— Кацярына, вы, напэўна, пасля такой перамогі сталі героем сваёй школы? — пытаюся ў тытулаванага настаўніка.

— Канешне, — пацвярджае Галіна Андрэеўна, — адна справа, калі пра нашу Кацярыну ведае Добрушская школа мастацтваў, і зусім іншая — калі ўся Беларусь.
— У маіх дзяўчат-вучаніц імгненна вочы “загарэліся”, як толькі яны даведаліся пра поспех настаўніцы на конкурсе,— дадае сама лаўрэатка. — Маўляў, “так сама хачу”. Калі твае выхаванцы становяцца гэткімі ж апантанымі, гэта, канешне ж, прыемна.

 ххх

Пакінуўшы кабінет дырэктара, мы з Кацярынай ідзём у яе клас.

 /i/content/pi/cult/132/688/Nastaunica muzyki2.jpg
 Кацярына Параніна і яе вучаніцы Карына Чабурка і Таццяна Аўраменка.

— Вы пытаецеся, што прымушае мяне імкнуцца наперад? — адказвае яна на пытанне. — А як жа інакш? Калі не развівацца — гэта значыць стаяць на месцы. Вось наша Галіна Андрэеўна толькі таму, што ішла наперад, дамаглася таго, што ў нас адкрылі харэаграфічнае аддзяленне. У нас была старая, не прыстасаваная ані для якіх патрэб, прыбудова. Вось яна! — Кацярына паказвае вучэбныя класы, якія нічым не адрозніваюцца ад астатніх.
— А тут раней была земляная падлога, — дадае педагог, — і дырэктарка ўгаварыла мясцовыя ўлады выдаткаваць на рамонт памяшкання грошы. Ніхто не верыў, што ў яе што-небудзь атрымаецца. Рамонт рабілі ўсёй, як гаворыцца, педагагічнай грамадой, і зараз у нас прыстойныя класы для заняткаў па харэаграфіі.
Тое ж самае адбылося і з касцюмамі для нашага калектыву, у якім я спяваю разам са сваімі былымі аднакурснікамі, — “Медыянта”. Галіна Андрэеўна хадзіла, расказвала пра нашы поспехі, прасіла, — і мы атрымалі сродкі на касцюмы. Калі тут такія настаўнікі, як самому не імкнуцца наперад?
Заходзім у клас, дзе займаецца Кацярына: светлы пакой, на сценах — партрэты кампазітараў, ёсць тэлевізар, відэамагнітафон.
— Так, з дзецьмі глядзім оперы, балет, — каменціруе педагог.

— Кацярына, а якія прадметы вы выкладаеце?

— Сальфеджыо, музычную літаратуру, спецыяльнасць. Гэта тут. А ў Гомельскім вучылішчы мастацтваў імя Сакалоўскага (там я працую па сумяшчальніцтве) — гармонію, сальфеджыо, тэорыю, аналіз музычных твораў, кампазіцыю...

— І калі ж вы паспяваеце сачыняць?

— Гэта сапраўды складана. Часам вяртаешся дадому — і проста падаеш. Сачыняю я ў вольны час, калі ніхто і нішто не перашкаджае, калі застаешся сам-насам з сабой і з музыкай. Настрой вельмі важны. Па сутнасці, ён і вызначае, якім будзе твор, — вясёлы ці лірычны, складаны ці просты.

— Кацярына, хто паўплываў на ваша стаўленне як кампазітара? Хто былі, ёсць вашы настаўнікі?

— Маё сяброўства з Санкт-Пецярбургам зусім не выпадковае. Я скончыла Санкт-Пецярбургскі універсітэт культуры і мастацтва.Мае педагогі — Ада Бенедыктаўна Шнітке, Алена Аляксандраўна Спіст, Вадзім Давідавіч Біберган — па сутнасці, зрабілі з мяне музыканта. І чалавека. І гэта, трэба сказаць, нельга размяжоўваць. Канешне, мне хочацца адзначыць і маю настаўніцу музыкі тут, у Добрушскай школе — Святлану Віктараўну Ходас.
Увогуле, наша школа славіцца музычнымі дынастыямі.
Зараз вось і я працую ў сваёй музычнай школе.

— Прызнайцеся, няўжо вам не хацелася паспрабаваць сябе ў сталіцы? У Санкт-Пецярбургу? Маючы такую школу, гэта больш чым магчыма…

— У мяне ніколі не было мэты ехаць у вялікі горад і там заставацца. Мне больш цікава прыехаць, перамагчы — і вярнуцца дадому. У вялікіх гарадах шмат мітусні, а тут у мяне ціхае, утульнае месца, дзе я магу сабрацца з думкамі, штосьці зрабіць — і ўжо з гэтым “штосьці” выходзіць “у людзі”. Я часта чую ад сваіх педагогаў: “Давай да нас, у Піцер!”, але, хоць мне і ўтульна ў паўночнай сталіцы Расіі, усё роўна цягне ў родныя мясціны.

— Магчыма, гэта адбываецца і таму, што тут вы можаце многае змяніць…

— Многае, напэўна, не, але штосьці… Вось “Медыянта” выконвае мае творы, у маі ў школе быў зроблены мой творчы вечар, невялічкі — як кажуць, сабраліся “вузкім колам”, але ўжо творчы вечар. Таксама новае пакаленне падрастае, ім гэта ўсё цікава.

— А над чым вы зараз працуеце?

— Ідэй некалькі. Але менавіта зараз працую над мюзіклам. На марскую тэматыку. У мяне адзін час усё былі купальскія апрацоўкі, потым перыяд казак, а вось зараз пайшла марская тэма. Ёсць у мяне і літаратурная аснова, але мюзікл хутчэй атрымаецца “па матывах”.
Люблю спрабаваць сябе ў розных формах: заўжды шукаю новыя тэмы, вершы незвычайныя, якія б дапамагалі музычнаму твору, не збяднялі яго.
І з гэтым — з сучаснай паэзіяй, на маю думку, у нас праблемы. Так што прыходзіцца вельмі часта пісаць вершы самой.

— А што б вам хацелася змяніць тут, у Добрушскай школе мастацтваў?

— Мне не падабаецца новая праграма, па якой мы вучым дзяцей. Згодна з ёй, у вучняў музычнай школы на тыдзень 8 урокаў хору і толькі 1 — сальфеджыо. Гэта мне вельмі хацелася б выправіць. А яшчэ я б адмяніла адзнакі. На выпускных экзаменах няхай застаюцца, а падчас працэсу навучання яны зусім не патрэбны. Перш за ўсё павінна гучаць музыка. Галоўнае, каб чалавек сэрцам адчуваў яе. Пра педагогаў часам гавораць: “Выхаванцы душ чалавечых”. Выхаваць душу дзіцяці — нашмат складаней, чым паставіць яму адзнаку.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ,
наш спецкар.

Мінск — Добруш — Мінск
Фота аўтара