23 студзеня ў Мінску адбудуцца завяршальныя мерапрыемствы праекта "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011".
Як паведаміў "К" начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім Шчэрбіч, у Нацыянальным мастацкім музеі гэтым днём запланавана адкрыццё выстаўкі старадаўніх фаліянтаў з фондаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна і Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Шклярава. Мерапрыемства пройдзе ў рамках абвешчанага ў нашай краіне Года кнігі.
Таксама, па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Вольгі Антоненка, 23 студзеня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры запланавана правядзенне яшчэ дзвюх знакавых выставак. У час адной з іх жыхары і госці Мінска пазнаёмяцца з вырабамі майстроў народнай творчасці Гомельшчыны, а на другой будуць экспанавацца фотаздымкі культурных мерапрыемстваў, што прайшлі летась у Гомелі. Таксама ў панядзелак у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры пакажуць спектакль Гомельскага абласнога драматычнага тэатра "Хросная маці" паводле п'есы Максіма Горкага "Васа Жалязнова".
А ўвогуле, як адзначыла Вольга Антоненка, пад час акцыі "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011" у абласным цэнтры адбылося звыш 200 культурных мерапрыемстваў, што наведалі як жыхары Беларусі, так і госці з блізкага і далёкага замежжа.
Таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі ў панядзелак адбудзецца і прэс-канферэнцыя з нагоды завяршэння акцыі "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011".
На здымку: Палац Румянцавых
і Паскевічаў у Гомелі цягам 2011-га з'яўляўся адным з цэнтраў акцыі "Культурная сталіца
Беларусі і СНД".