Канал "АНТ" пакажа на стары Новы год стужку, што была знята рэжысёрам Іванам Паўлавым па сцэнарыі ягонага ўжо сталага творчага партнёра Ігара Тарацько адмыслова пад тэлефармат.
У гэтай амаль казачнай гісторыі перапляліся рэальнасць і магчымасць здзяйснення цуду, самых запаветных жаданняў. І, вядома ж, - пошукі героямі стужкі свайго сапраўднага кахання. А галоўныя ролі ў амаль чатырохгадзіннай тэлестужцы выконваюць нашы акцёры - народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў, заслужаны артыст краіны Ігар Сігоў, вядомыя майстры сцэны і экрана Паліна Сыркіна, Павел Харланчук, Алеся Пухавая, Святлана Зелянкоўская, Анатоль Кацянёў, Святлана Бароўская, Святлана Нікіфарава, - а таксама расіянін Ягор Бяроеў.
Дарэчы, як заўважыў, магчыма, уважлівы чытач, творчы лёс многіх з названых вышэй артыстаў шчыльна пераплецены з Тэатрам-студыяй кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". І акурат гэтымі днямі трупа дае своеасаблівую справаздачу пра ўласныя дасягненні не зусім у звычайным фармаце - музейным. У філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры "Гасцёўня Уладзіслава Галубка" прадстаўлены праграмкі да пастановак, касцюмы, рэквізіт спектакляў, фотаматэрыялы.