Прыгоды Рэдактара

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Дубль 2. У пошуках Бураціна

"К" працягвае знаёміць чытачоў з малавядомымі старонкамі стварэння шырока вядомых стужак Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". У гэтым нумары мы працягваем расповед Ізольды КАВЕЛАШВІЛІ, якая звязана з айчынным кіно з 1968 года і ўдзельнічала ў якасці рэдактара ў стварэнні шэрагу вядомых карцін. Сённяшні расказ прысвечаны, бадай, самай папулярнай стужцы ў гісторыі нашага дзіцячага кіно...

 

Сапраўдныя прыгоды "Бураціна"

- "Прыгоды Бураціна" Леаніда Нячаева сталі адной з "візітовак" нашай студыі, але мала хто ведае, якім чынам з'явіўся на свет гэты фільм. Сцэнарый яго ствараўся з велізарнымі цяжкасцямі: наспяваў час мастацкага савета, але рэжысёр будучай стужкі Леанід Нячаеў меў вялікія сумненні наконт сцэнарыя Іны Веткінай. Таму перад самым пасяджэннем савета ён узяў сцэнарый старога савецкага мультфільма "Прыгоды Бураціна", замяніў тытульны ліст і... падаў чужы сцэнарый на разгляд! Ніхто з членаў савета не заўважыў падмены - фільм быў запушчаны ў вытворчасць, а сцэнарый Веткіна напісала новы. Але "прыгоды" стужкі толькі пачыналіся...

Цяпер ніхто не ведае, што першапачаткова ў "...Бураціна" здымаліся зусім іншыя акцёры, зацверджаныя мастацкім саветам. На ролю Бураціна не адразу, але знайшлі Дзіму Іосіфава, Ката Базіліа іграў Віктар Паўлаў, а ролю Лісы Алісы выконвала яго тагачасная жонка. Карабаса-Барабаса ўвасабляў Раман Філіпаў, вельмі каларытны акцёр, якога ўсе ведаюць па эпізодзе ў камедыі Леаніда Гайдая "Брыльянтавая рука", дзе ён пытаецца ў герояў,
"...чаму Валодзька збрыў вусы". Тады Філіпаў яшчэ выходзіў на сцэну нашага Купалаўскага тэатра. Дурамара іграў кіеўскі акцёр Леў Пярфілаў - будучы "Грыша 6 на 9" з "Месца сустрэчы змяніць нельга".

Дырэктар студыі Уладзімір Іваноўскі быў проста зачараваны ігрой Філіпава і наогул тым, што датычны да стварэння такога цуду, як казачны кінематограф. Бывала, ён пытаўся ў памочнікаў: "У якім павільёне здымаюць
"...Бураціна?" - і ішоў глядзець на здымкі. У гэты момант ён, амаль не гледзячы, мог падпісаць любую паперу...

Здымкі пачаліся, але нешта нібыта замінала мне, тагачаснай выконваючай абавязкі дырэктара аб'яднання, падпісаць усе неабходныя фінансавыя паперы... Гатовы чарнавы матэрыял мне не спадабаўся, аб чым я адкрыта сказала Леаніду Нячаеву. Ён, зразумела, пакрыўдзіўся. Павёз працоўны матэрыял у Маскву, на Дзяржтэлерадыё - і сапраўды, там яго адразу забракавалі! Наконт матэрыялу і ігры зацверджаных, але да апошняга не аформленых, акцёраў сказалі жорстка: "Правінцыйны ТЮГ!" І ўсё давялося рабіць наноў, у тым ліку падбіраць выканаўцаў. І вось тады ўзніклі ўсе тыя артысты, без якіх мы цяпер не ўяўляем "Прыгоды Бураціна": Уладзімір Этуш, Ралан Быкаў і Алена Санаева, Уладзімір Басаў.

Як Дурамар наведаў Юзіка

- Апошні, дарэчы, як і многія маскоўскія "зоркі", быў чалавекам няпростым. Каб здымацца на "правінцыйнай" студыі, паставіў умову: дагавор падпісвае на дваццаць адзін здымачны дзень, але ўсе мінскія сцэны здымуць з ім за тры... А калі з'явіўся на "Беларусьфільме", то адразу пайшоў у бухгалтэрыю, каб атрымаць ганарар за здымкі ў стужцы Ігара Дабралюбава "Братачка", дзе сыграў крыху раней. Адпаведнай сумы ў наяўнасці адразу не знайшлося, таму Басаў замест павільёна адправіўся праз дарогу "да Юзіка": у вінную краму да прадаўца - інваліда вайны, якога добра ведалі і да якога бегалі ў перапынках сія-тыя супрацоўнікі студыі. Скандалу са зрывам здымак удалося пазбегнуць, імгненна сабраўшы неабходную суму па здымачных групах і аддаўшы яе акцёру, які ўжо ўшчыльную заняўся "дэгустацыяй"...

Што да іншых вядомых кінематаграфістаў, якія працавалі ці маглі працаваць у Мінску, то напрыканцы шасцідзясятых мы запрасілі ў госці на студыю Андрэя Таркоўскага, які тады быў у вымушаным прастоі пасля затрымкі з выхадам на экраны "Андрэя Рублёва". Знакаміты ўжо тады рэжысёр вёў сябе вельмі сціпла і годна адмовіўся ад прапановы зрабіць наступную стужку на тэлевізійным аб'яднанні "Беларусьфільма".

Але гэта - знакамітасці.

Колькі слоў пра саундтрэк

- Да слова, запрасіць пісаць музыку да "Прыгод Бураціна" спачатку планавалася Сяргея Картэса: ён быў аўтарам саундтрэка да першай дзіцячай стужкі Леаніда Нячаева "Прыгоды ў горадзе, якога няма". Але потым вырашылі, што Картэс - больш "сур'ёзны" кампазітар, які спецыялізуецца на сімфанічнай музыцы.

Малады маскоўскі кампазітар Аляксей Рыбнікаў на момант пачатку працы над "Прыгодамі Бураціна" сядзеў без справы і без грошай. Рэпутацыя ў яго як творцы была не лепшая, бо да гэтага ўжо прыпынілі працу над мультфільмам, да якога ён пісаў музыку. Але Нячаеў настаяў, каб Рыбнікаў працаваў над яго карцінай. Сапраўды, талент Рыбнікава аказаўся для стужкі Леаніда Нячаева вельмі важным складнікам поспеху. Ужо праз колькі дзён кампазітар праспяваў нам пад свой асабісты акампанемент на фартэпіяна ўсе музычныя нумары з будучай стужкі, і мы адразу "ўбачылі", якой яна павінна быць. Такой у выніку карціна і стала. Зразумела, пытанне, каго з кампазітараў запрасіць пісаць музыку да наступнай карціны Леаніда Нячаева - "Пра Чырвоны Каптурык", - нават не ўзнікала. Але потым шляхі Рыбнікава і Нячаева надоўга разышліся: рэжысёр палічыў, што кампазітар надта выдзяляе сваю ролю ў поспеху стужкі... Таму, калі надышла чарга здымаць "Казку пра Зорнага хлопчыка", творцы паміж сабой амаль не размаўлялі. Ролю "пасрэдніка" зноў давялося выконваць мне. Да таго часу Рыбнікаў ужо стаў вельмі вядомы як аўтар рок-опер, музыкі да іншых кінафільмаў. Хаця... Хто ведае, якім мог бы быць яго шлях да поспеху без удзелу ў працы над дзіцячымі стужкамі беларускай студыі...

Пад сонцам Ялты

- Асноўная частка натурных здымак "Прыгод Бураціна" праходзіла каля Ялты, дзе ў шыкоўнай гасцініцы размясцілася здымачная група. Пасля некалькіх тыдняў я як выконваючая абавязкі кіраўніка аб'яднання паляцела туды, каб даведацца, што група Нячаева паспела зрабіць. Тым больш, ніякіх звестак ад яе не было. У Ялце я была тры дні, група працавала неверагодна інтэнсіўна. Калі потым перагледзела фільм, то мне падалося, што за гэтыя тры дні я прысутнічала пры здымках ці не ўсіх сцэн, што ўвайшлі ў фільм...

Толькі праз 30 гадоў я даведалася, чаму група практычна не працавала некалькі першых тыдняў. Аказваецца, па прыездзе ў Ялту Ралан Быкаў адразу набыў двухтыднёвы круіз па Чорным моры, і ўся група цярпліва чакала яго, а потым пільна захоўвала ад усіх гэтую таямніцу. Да слова, Ралан Быкаў быў неверагодна таленавіты творца, ніводны дубль у яго не быў падобны да іншых, бо ён кожным разам прапаноўваў рэжысёрам новае рашэнне сцэны...

Дарэчы, здымачная група прыводзіла яшчэ адзін аргумент, каб як мага даўжэй заставацца ў экспедыцыі ў Крыме. Справа ў тым, што для здымак вядомай сцэны з Чарапахай Тарцілай было патрэбна возера, якіх у Крыме амаль не было. Пасля некалькіх тыдняў пошукаў я загадала групе вяртацца ў Беларусь і здымаць возера дома. Але тут група праявіла "помслівасць", і за тое, што яе вярнулі з шыкоўнага адпачынку, пачала адмаўляцца ад здымак у тых мясцінах, якія ёй знаходзілі. Нібыта, ім патрэбна возера ідэальна круглай формы, і ўсё тут! Да пошукаў "патрэбнага" вадаёма падключылася нават я. Урэшце, возера знайшлі - не так далёка ад Мінска, - і знялі там усё, што было запланавана па сцэнарыі.

Праз колькі гадоў Ралана Быкава запрасілі на "Беларусьфільм": напісаць сцэнарый іншай стужкі. Той з задавальненнем узяўся за справу, размясціўся ў Доме творчасці пад Мінскам і пачаў пісаць. Але... Кожны раз, даходзячы да сёмай старонкі рукапісу, кідаў яго і пачынаў з пачатку. Прычым тое, што ён паспяваў напісаць, было вельмі цікавым, аднак творца не быў тым задаволены. У рэшце рэшт, праз колькі дзён сцэнарных спроб Быкаў адмовіўся ад супрацоўніцтва і з'ехаў дадому ў Маскву. Цікава, што праз пэўны час, калі фільм за аўтарствам іншых людзей усё-такі выйшаў на экраны, Быкаў пад час нашай сустрэчы ўспомніў пра сваю працу і... папрасіў выплаціць яму ганарар!

Лічу, мне вельмі пашанцавала ў жыцці супрацоўнічаць з такімі таленавітымі людзьмі, як ён ды іншыя творцы, з кім давялося рабіць сапраўднае кіно.