Дае надзею і мацуе веру

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Народная артыстка Беларусі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Акружная наведала нядаўна Міёрскі і Браслаўскі раёны. Шмат цікавых сустрэч, незабыўных уражанняў засталося ад паездкі і ў актрысы, і ў тых, хто прыйшоў з гэтай цудоўнай жанчынай. Сенатара асабліва цікавілі пытанні культуры, выхавання падрастаючага пакалення, адраджэння духоўнасці.

 /i/content/pi/cult/132/687/Akruzhnaja1.jpg

Святлана Акружная з цацкамі, зробленымі рукамі вучняў Дзісненскай школы-інтэрната.

Першы прыпынак — нядаўна створаны аграгарадок “Цвеціна” Міёрскага раёна, цэнтр СПК “Цітова”. Знаходзіцца гэты населены пункт далёка ад райцэнтра, але звіняць у ім дзіцячыя галасы, будуецца жыллё, прыгажэюць падвор’і. У гэтым — заслуга старшыні сельгаскааператыва Марыі Сцяпанавай — дзелавога кіраўніка і добрага чалавека. Менавіта за кошт гаспадаркі куплены новыя крэслы ў актавую залу сельскага Дома культуры, аформлена сцэна. Дом культуры сапраўды набыў новае аблічча: усё прадумана да дробязей. Тут можна прымаць нават зорак першай велічыні.
А вось аграгарадок “Туркова” — са стажам, ён створаны ў Міёрскім раёне першым, людзі ўжо прывыклі і да новай амбулаторыі з урачом-стаматологам, і да паштовага аддзялення з камп’ютэрам, і да цікавых канцэртаў у Доме культуры, і да міні-кавярні, і да многага іншага.
Прызванне работнікаў культуры — несці прыгажосць людзям. А яна, у чым бы ні праяўлялася, выхоўвае, лечыць душу, дорыць незабыўныя хвіліны зносін з музыкай, жывапісам, іншымі відамі творчасці.
Таму нездарма новае жыццё атрымліваюць народныя промыслы, вялікая ўвага надаецца адраджэнню фальклору і абрадаў. Асабліва гэта характэрна для Дзісненскага рэгіёна, дзе зроблена стаўка на развіццё экатурызму. І ў Доме рамёстваў, і ў гарадскім Цэнтры культуры беражна захоўваюць векавыя традыцыі краю, аднак у кіраўніцтва гэтых устаноў ёсць шмат праблем, якія інакш, як галаўным болем, не назавеш. Дом рамёстваў размешчаны ў будынку былога гарадскога сходу, пабудаваным яшчэ ў ХІХ стагоддзі, яго рамонт вымагае значных капітальных укладанняў. ГЦК мае вострую патрэбу ў “адзенні” для сцэны, а Міёрскі раённы Дом культуры — у асвятленні, капітальнага рамонту патрабуе раённая бібліятэка. Усе гэтыя пытанні былі пастаўлены перад членам

/i/content/pi/cult/132/687/Akruzhnaja2.jpg

Святлана Акружная з удзельнікамі творчага аб’яднання “Ветразь надзеі” на базе адпачынку “Актам” у Мёрскім раёне.

Савета Рэспублікі і мясцовай уладай і людзьмі, з якімі сустракалася Святлана Акружная.
А сустрэч было нямала. З-за сваёй занятасці — работы ў Парламенце, тэатры, удзелу ў Міжпарламенцкай Асамблеі Праваслаўя ёй не так часта ўдаецца выехаць ў глыбінку — раёны, якія дэлегавалі яе ў Верхнюю палату Парламента. Нягледзячы на гэта, сувязь з раёнамі не спыняецца, ні адзін зварот грамадзян не пакінуты па-за ўвагай.
А калі артыстка прыязджае, — раскрываюцца насустрач сэрцы, нябачнай ніткай злучаючы чалавека з чалавекам. У Міёрскай раённай бібліятэцы і аграгарадку “Опса” Браслаўскага раёна актрыса выступіла са справаздачай аб рабоце ў Парламенце, а ў Міёрскай раённай бальніцы і Браслаўскай гімназіі прачытала даклад “Роля жанчыны ў сучасным грамадстве: праваслаўны погляд”, з якім выступала ў 2006 годзе на Міжпарламенцкай Асамблеі Праваслаўя ў Браціславе.
Доўгачаканай госцяй стала народная артыстка для ўдзельнікаў паэтычнага аб’яднання “Ветразь надзеі” ў Опсе, якое ўзначальвае мясцовая паэтэса Тэрэза Крумплеўская. Яна здолела аб’яднаць вакол сябе і захапіць паэзіяй людзей розных узростаў — ад школьнікаў да пенсіянераў.
Пытанні да сенатара былі самыя розныя. Актрыса расказала не толькі пра сваю работу ў Парламенце, але і пра свае тэатральныя ролі, пра калег-акцёраў.
Яна прадстала як асоба, якая прайшла праз шмат выпрабаванняў, але не страціла любові да людзей, да жыцця.
І ў Міёрах, і ў Браславе ўзнікала пытанне пра тое, чаму Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, у якім працуе Святлана Акружная, не выязджае са спектаклямі ў райцэнтры. Людзі сумуюць па тэатральным мастацтве, яны яшчэ памятаюць п’есы з удзелам народных артыстаў Зінаіды Канапелька, Фёдара Шмакава. Гастролі за мяжу — гэта добра, прэстыжна, але хіба простыя працаўнікі не заслужылі цуда сустрэчы з тэатрам? Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што аншлагі будуць гарантаваны, так што гэта можа яшчэ аказацца і прыбыльнай справай, што немалаважна ў сучасных умовах.
Актрыса наведала таксама шэраг праваслаўных і каталіцкіх храмаў.
— Я ўражана цеплынёй, сардэчнасцю, прыгажосцю гэтага краю, — падагульніла сваё знаходжанне ў Міёрскім і Браслаўскім раёнах Святлана Арцёмаўна. — Колькі чысціні, духоўнасці ў храмах, людзях! Колькі талентаў, працавітасці і любові да сваёй зямлі! Гэта дае надзею і мацуе веру ў будучае.

Любоў ДЗЯДЗЮРА
Фота аўтара