Не навагодні “Вій”

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Чым страшная помста?

/i/content/pi/cult/359/6868/8-3.jpegСнежаньскую прэм'еру ў Гродзенскім абласным тэатры лялек - спектакль "Вій. Страшная помста" паводле знакамітага гогалеўскага твора ў пастаноўцы Алега Жугжды - складана назваць навагодняй.

Сучасныя тэатральныя рэаліі апелююць вялікай колькасцю аўтарскіх інсцэніровак і трактовак знакамітага твора пра Хаму Брута і Панначку. У гродзенскай версіі ў якасці інсцэніроўшчыка выступіў сам рэжысёр. Алег Жугжда кажа, што над гогалеўскім тэкстам, які ўразіў яго яшчэ з дзяцінства, ён працаваў цягам васьмі гадоў, так што ў выніку першапачатковая ідэя ўвасаблення гісторыі праз прызму вярцепнага прадстаўлення бурсакоў значна змянілася і мадыфікавалася.

Сцэнаграфію і лялькі да новага спектакля стварыў Валерый Рачкоўскі, з якім, па словах рэжысёра, яны плённа супрацоўнічаюць амаль чвэрць стагоддзя. І ў новым спектаклі знакаміты "стыль Жугжды" - з выкарыстаннем рознавялікіх лялек, масак, супастаўлення жывога ды ўласна лялечнага планаў і насычанасці пастаноўкі не спецэфектамі, а тэатральнымі трукамі - застаецца пазнавальным. Ролю Хамы Брута ў жывым плане выконвае малады акцёр тэатра Аляксандр Рацько, і ён, бадай, адзін з персанажаў спектакля - жывы, рэальны.

Да слова, "Вій. Страшная помста" - сотая і, верагодна, апошняя на пэўны час прэм'ера, створаная гродзенскімі лялечнікамі ў старых сценах самага старадаўняга тэатральнага будынка нашай краіны - Тэатра Антонія Тызенгаўза, узведзенага яшчэ ў 1760-х - 1780-х гадах. У бягучым сезоне гэты будынак зачыняць для правядзення комплекснай рэканструкцыі, на час якой гродзенскія лялечнікі атрымаюць "прапіску" на Малой сцэне Гродзенскага драмтэатра. У ім, дарэчы, цягам доўгага часу таксама ішла пастаноўка паводле знакамітага гогалеўскага сюжэта - спектакль "Панначка" па п'есе Ніны Садур.