Лекі “ад усяго”?

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Адна з навамодных тэатразнаўчых тэорый сцвярджае, што павышаная цікавасць да класікі праяўляецца тады, калі раптам узнікае агульная перанасычанасць сучаснай “аднадзённай” драматургіяй. Аднак у дачыненні да творчай спадчыны Аляксандра Астроўскага, як паказвае гісторыя тэатра, падобныя акалічнасці не адыгрываюць аніякай ролі: ён ва ўсе часы быў і застаецца ці не адным з самых рэпертуарных драматургаў. Адзін з сакрэтаў гэтай папулярнасці — глыбокае веданне аўтарам патрэб ды законаў сцэнічнай творчасці і, адпаведна, умелае маніпуліраванне тымі магчымасцямі, якімі валодае (ці, па меншай меры, мусіць валодаць) прафесійная тэатральная трупа.

/i/content/pi/cult/359/6866/8-1.jpegНе выпадкова і тое, што нярэдка для свайго глыбокага і глыбіннага творчага знаёмства з акцёрскім калектывам рэжысёры абіраюць менавіта гэтага аўтара. Так, прынамсі, было, калі ў свой час, заступіўшы на пасаду галоўнага рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, рэжысёр Рыд Таліпаў звярнуўся да "Мудрацоў" Астроўскага. Ды і цяперашні кандыдат на гэты статус - рэжысёр Юрый Пахомаў - таксама не абмінуў тых патэнцыйных магчымасцей, што дае драматургія Астроўскага, і паставіў спектакль "Банкрут", прэм'ера якога адбылася зусім нядаўна.

Творчы почырк Юрыя Пахомава быў знаёмы коласаўцам і па ранейшых пастаноўках у гэтым тэатры. Ды ўсё ж работа ў якасці запрошанага рэжысёра-пастаноўшчыка, чыя асноўная задача - выдаваць у пэўныя тэрміны ў якасным выглядзе загадзя абгавораны тэатральны прадукт, значным чынам адрозніваецца ад тых задач, якія стаяць перад галоўным рэжысёрам. У кампетэнцыі апошняга - і фарміраванне агульнай рэпертуарнай палітыкі тэатра, і збалансаванае развіццё ды раскрыццё яго акцёрскага складу, ды і шмат іншых клопатаў, дзе дамінуе не ўласнае творчае самавыяўленне, а найперш - праца на агульны імідж усяго калектыву. І з гэтых пазіцый вельмі часта ў новым статусе не шкодзіць і новае "знаёмства" нават са старымі праверанымі кадрамі. Аднак рэжысёр такога шанцу сваёй новай пастаноўкай не даў. Найперш таму, што віцебскі "Банкрут" стаўся трэцім зваротам Юрыя Пахомава да гэтага твора. Прычым, мяркуючы па фотаздымках, - амаль клонам яго папярэдніх работ, у тым ліку і на сцэне Іванаўскага абласнога драматычнага тэатра, дзе з гэтага сезона Пахомаў працуе ў статусе галоўнага рэжысёра. І хаця сама па сабе практыка пераносу спектакляў дастаткова распаўсюджана, у дадзеным выпадку ўзнікае пытанне: жадаў рэжысёр насамрэч убачыць, раскрыць для сябе патэнцыял Коласаўскай трупы, альбо чарговы раз прапанаваў акцёрам "выканаць уласнымі сіламі" ўжо гатовую пастаноўку. Пішу "чарговы раз", бо пераважная большасць папярэдніх работ Пахомава на Коласаўскай сцэне (за выключэннем хіба толькі спектакля "Млын" па п'есе Аляксея Дударава) і былі менавіта такімі пераносамі пастановак, створаных рэжысёрам для іншых тэатраў ды іншых акцёраў. І ў гэтым кантэксце драматургія Аляксандра Астроўскага таксама падаецца бы "ўніверсальны рэцэпт", які прапаноўвае рэжысёр і для Коласаўскага тэатра. Але ж ці бываюць у рэальнасці лекі "для ўсіх ды ад усяго"?

Адной з яркіх рыс рэжысёрскага почырку Юрыя Пахомава можна назваць падкрэсленую дэкаратыўнасць яго спектакляў. Яна яскрава выявілася і гэтым разам: у выглядзе напластавання знакаў-абазначэнняў мяшчанства розных эпох - ад знакамітай "Купчыхі за чаем" на задніку ды паркавага Амура з лукам і стрэламі і да "саладжавых" інтэр'ераў у выглядзе гіганцкай садавіны-гародніны, якія нібыта працягваюць кустодзіеўскі настольны нацюрморт ужо на планшэце сцэны і ў якіх жывуць-валтузяцца маленькія чалавечкі (сцэнаграфія - Андрэя Проніна). Так што складваецца ўражанне, быццам вачыма намаляванай купчыхі, чыё аблічча цягам спектакля некалькі разоў высвятляецца-акцэнтуецца з дапамогай тэатральнага святла, глядзіць на ўсю гісторыю, якая разгортваецца перад намі, сам рэжысёр, успрымаючы і персанажаў "Банкрута" быццам займальнае відовішча кшталту таго, за якім назірала ў Залюстэраччы кэралаўская Аліса.

На жаль, ідэя прасочвання перамяшчэння праз стагоддзі мяшчанства, пра якое пісаў Астроўскі, і трансфармацыя яго ў сучасную культуру гламуру засталася на ўзроўні візуальнага рашэння сцэнічнай прасторы і касцюмаў персанажаў ды перамяшчэння другой дзеі спектакля ў "наш час". І адбылося гэта з прычыны таго, што акцёрскія работы на фоне яркага "антуражу" аказаліся надзвычай бляклымі. Прытым, што драматургія Астроўскага заўсёды славілася багатымі перспектывамі для выяўлення індывідуальнасцей, скарочаная пастаноўшчыкам да ступені схемы-шкілету драматургічная аснова спектакля ператварылася ў своеасаблівы канспект для тых, хто знаёміцца з жыццём: проста ў лоб, сцісла, без залішняга "размусольвання" і так, каб гледачам усё было зразумела ўжо нават на ўзроўні тэксту, без "залежнасці" ад акцёрскай ігры.

Калі падрабязна звярнуць увагу на акцёрскія работы ў гэтым спектаклі, становіцца відавочным, што рэй вялі мужчыны. Калі роля Рыспаложанскага ў выкананні Георгія Лойкі ўяўляла з сябе шэраг акцёрскіх трукаў-"лаццы", вымагаючы ад выканаўцы трымаць малюнак ролі, бы эквілібрыст, дык Бальшоў, сыграны Вячаславам Грушовым, ад абстрактна-абагуленага вобраза купца ў першай дзеі, у другой выйшаў на ўзровень насамрэч трагічнага асэнсавання здрадніцтва самых блізкіх людзей і татальнага культу не чалавечых, але фінансавых узаемаадносін. Ну, а Павел Давыдоўскі ў ролі Лазара Падхалюзіна прадэманстраваў бліскучы тэмперамент, дзякуючы якому здолеў адчуць розныя бакі свайго героя ў дыяпазоне ад ліслівага нізкапаклонства, самазахапляльнага авантурызму, пераканальна-пралічанага цынізму да нечаканых праяў шкадавання і нават абуджанага сумлення ў дачыненні да сваёй ахвяры...

Зрэшты, галоўнае, чаго дамаглася пастаноўка, - рэакцыі залы, якой надзвычай лёгка было пазнаць у сцэнічных героях да перыпетыях іх лёсу "сюжэты" з нашага сучаснага жыцця. І няхай сабе драматургія Астроўскага на сцэне "не вырашыць усіх праблем", аднак гісторыя паказвае: дакладная і правільная пастаноўка дыягназу часта аказваецца не менш важнай за факт самога лячэння.

На здымку: Падхалюзін - Павел Давыдоўскі, Ліпачка - Ульяна Ацясава.

Фота Ганны ЖЫГУР