Прачытанне Максіма Кніжніка

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

11 студзеня ў мінскім Доме дружбы было вельмі мнагалюдна, чулася такое шматмоўе, што здавалася, нібыта апынуўся ў міжнародным аэрапорце. А тлумачыцца гэта вельмі проста: праходзіла прэзентацыя “трохкніжжа” Максіма Багдановіча, кожны з томікаў якога змяшчаў толькі адзін верш класіка на дзесяці мовах. Асобных тамоў, нагадаем, удастоіліся “Раманс”, “Пагоня” і “Слуцкія ткачыхі”.

Трохкніжжа, пра выхад якога пісала ўжо "К", было выдадзена Беларускім фондам культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На прэзентацыі ж кніг прысутнічаў намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі, прадстаўнікі БФК і дыпламатычных місій шматлікіх дзяржаў.

Тадэуш Стружэцкі падкрэсліў, што 2011-ты для беларускага грамадства сапраўды быў Годам Багдановіча, калі адзначалася 120-годдзе з дня нараджэння класіка. Эстафету святочных дат працягваюць юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Намеснік міністра з задавальненнем прачытаў некалькі любімых вершаў Максіма Кніжніка.

Потым эстафету чытання вершаў Багдановіча падхапіў Тэатр аднаго акцёра "Зніч", які зрабіў з твораў класіка невялікі мюзікл. А далей прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, кожны - на сваёй мове, прачыталі неўміручыя вершы: на літоўскай, французскай, нямецкай, украінскай, англійскай, балгарскай... І на кожнай з іх словы паэта гучалі па-іншаму, але нязменна кранальна. Бо Багдановіч, сапраўды, - не толькі беларуская, а агульнасусветная постаць.