За чвэрць стагоддзя аркестр праславіўся не толькі ў краіне, але і за яе межамі, былі напрацаваны шматлікія міжнародныя кантакты, і цяжка знайсці такі куток Еўропы, дзе б не выступаў Нацыянальны акадэмічны. Аркестр з поспехам захоўвае і развівае беларускія выканальніцкія традыцыі, адраджае нацыянальную музычную спадчыну.
Як паведамілі "К" у дырэкцыі аркестра, цяпер ідзе праца па фарміраванні планаў на бягучы год, ствараюцца новыя праграмы. А бліжэйшым часам - з 23 па 25 студзеня - пройдзе традыцыйны, ужо XXIII Фестываль "Мінскі джаз-2012". У першыя два дні яго будуць выступаць маэстра Фінберг з біг-бэндам аркестра, а на завяршэнне мінчан чакае праграма "Еўрапейскі джаз" у выкананні "Новага літоўскага біг-бэнда" пад кіраўніцтвам Яраслава Ціхановіча.
У лютым аркестр правядзе ХІІ Свята музыкі "Заслаўе-2012", а канец сакавіка расквеціць V Мастацкі праект "Шлягеры на ўсе часы", у рамках якога пройдуць канцэрты "Людміла Гурчанка. "Калі мы былі маладыя...", "Песні кіно, радыё і тэлебачання", "Новы шансон" і юбілейны канцэрт "Міхаіл Фінберг і аркестр". Праграма бенефісу фарміруецца якраз гэтымі днямі.