“Любімая Беларусь…” у Кітаі

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

У кітайскім горадзе Цяньцзіне адбылося адкрыццё фотавыстаўкі былога Пасла КНР у Беларусі Юй Чжэньцы пад назвай “Любімая Беларусь і іншыя краіны ў фокусе”. Пра гэта паведаміла Пасольства нашай краіны ў Кітаі.

/i/content/pi/cult/359/6859/3-3.jpegЮй Чжэньцы пачаў працаваць прафесійным дыпламатам напрыканцы 80-х гадоў: быў часовым павераным у справах КНР ва Украіне, саветнікам у рангу пасланніка ў Расіі, а затым паслом у Беларусі і Балгарыі. Ён нямала зрабіў для ўмацавання дружбы кітайскага народа з народамі краін СНД.

Як Пасол КНР у Беларусі Юй Чжэньцы арганізаваў у свой час персанальную фотавыстаўку ў Мінску. За вялікі асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў жніўні 2005 года ён быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Экспазіцыя прысвечана 20-й гадавіне ўсталявання дыпламатычных адносін паміж КНР і Беларуссю і арганізавана па ініцыятыве Цяньцзінскага народнага таварыства дружбы з замежжам і Кітайскага фонду міжнародных даследаванняў, віцэ-прэзідэнтам якога з'яўляецца Юй Чжэньцы.

На фотавыстаўцы прадстаўлена больш за 80 здымкаў, якія адлюстроўваюць прыгожыя пейзажы і cамыя розныя аспекты жыцця Беларусі ды іншых краін СНД.