Электронны старт аўтографаў

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

12 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага года нашага славутага Песняра. У рамках падзеі прайшла прэзентацыя ўнікальнага каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”, выдадзенага не толькі ў друкаваным, але і ў электронным варыянтах.

Пад час прэзентацыі міністр культуры краіны Павел Латушка падкрэсліў, што Янка Купала - выключная постаць для беларускага народа, нашай культурнай спадчыны. Ён вызначыў шляхі развіцця роднай мовы і культуры, але самае галоўнае - акрэсліў нацыянальную ідэнтычнасць, задаў духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню нашых суайчыннікаў.

Павел Латушка адзначыў: Указам Прэзідэнта нашай краіны зацверджаны шэраг мерапрыемстваў, культурных акцый, прысвечаных паэту, як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Акрамя таго, запланавана стварэнне тэматычных літаратурна-мастацкіх зборнікаў, правядзенне Рэспубліканскага свята паэзіі ў гонар Янкі Купалы.

А прэзентаваная калекцыя аўтографаў Песняра з'яўляецца велізарным здабыткам і мае сусветнае значэнне для папулярызацыі творчасці Янкі Купалы ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы. На думку міністра культуры, публікацыя рукапісаў захавае іх для будучых пакаленняў, і акрамя таго, выдадзены каталог стане значным унёскам у беларускае музеязнаўства і літаратуразнаўства.

Калекцыя рукапісаў Янкі Купалы ўяўляе з сябе ўзор творчай лабараторыі вялікага паэта і адносіцца да разраду ўнікальных культурных каштоўнасцей. У выданні прадстаўлены сапраўдныя рарытэты, у тым ліку рукапісны зборнік "Шляхам жыцця", які раней захоўваўся ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, аўтографы паэм "Сон на кургане", "Бандароўна", камедыі "Паўлінка", ранніх вершаў паэта на беларускай і польскай мовах...

Вялікая роля ў стварэнні дыска належыць Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO. Яе старшыня Уладзімір Шчасны падкрэсліў, што выданне стала працягам унікальнай серыі, якая зрабіла даступнымі для шырокай грамадскасці выданні бібліятэкі Храптовічаў, адметныя ўзоры партызанскага і падпольнага друку, спадчыну роду Радзівілаў. На думку Уладзіміра Шчаснага, выданне, выкананае на прафесійным узроўні, высока ацэняць не толькі айчынныя даследчыкі беларускай літаратуры, але і іх замежныя калегі.