Палітра чысціні і настальгіі

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Ён не дажыў да гэтага свайго юбілею амаль 14 гадоў: 27 снежня 2011-га яму споўнілася б — 80. З гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся вечар яго памяці. Гаворка — пра цудоўнага чалавека і патрыёта сваёй Радзімы, былога дырэктара музея, мастака і мастацтвазнаўцу, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Юрыя Аляксандравіча Карачуна.

/i/content/pi/cult/358/6850/9-4.jpeg

У вечары прынялі ўдзел вядомыя майстры выяўленчага мастацтва, музейшчыкі, культуролагі, крытыкі, грамадскія дзеячы, блізкія і родныя творцы. І, канешне ж, галоўнай падзеяй стала мемарыяльная выстаўка работ Юрыя Карачуна. Больш за 50 акварэлей, малюнкаў, накідаў, жывапісных экзерсісаў з фондаў музея і калекцыі яго сям'і прадстаўлена ў экспазіцыі: пачынаючы ад ранніх, 1940-х гадоў, - і да 1997-га, апошніх месяцаў жыцця мастака.

А я памятаю яго першую выстаўку 1982 года: у залах тагачаснага будынка Беларускага саюза мастакоў, там, дзе цяпер - станцыя метро "Кастрычніцкая". Пасля вернісажу ён паскардзіўся на "катастрафічную нястачу часу": "Ведаеш, Бора, вельмі хочацца сур'ёзна заняцца жывапісам і мастацтвазнаўствам, рэалізаваць нейкія праекты ў графіцы, але што рабіць? Праца ў музеі вымагае шмат часу і сіл, хаця, па вялікім рахунку, я - як бы на сваім месцы і адчуваю, што магу на гэтым поле дзейнасці прынесці рэальную карысць нашай культуры..."

Так, ён і сапраўды, узначальваючы цягам дваццаці гадоў галоўную духоўную скарбніцу краіны, унёс выдатны ўклад у жыццё і росквіт музея, тым самым дастойна прадоўжыўшы справу сваёй папярэдніцы - легендарнай Алены Васільеўны Аладавай. Але і ў іншых сферах культуры паспеў зрабіць шмат важнага і цікавага: у мастацтвазнаўстве пакінуў нам альбомы пра творчасць В.Бялыніцкага-Бірулі і Я.Зайцава, пра Янку Купалу і Якуба Коласа, як іх пабачылі беларускія мастакі, таксама - артыкулы і каталогі; у сферы графікі - кніжныя ілюстрацыі, малюнкі, акварэлі, пастэлі, эцюды з адлюстраваннем любімай пары года - цёплага лета... Прафесійная школа ў яго была цудоўная: ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча - на той час адзіную мастацкую навучальную ўстанову ў краіне, дзе займаўся разам з М.Савіцкім, Л.Шчамялёвым, Г.Паплаўскім, В.Грамыкам; потым быў Маскоўскі паліграфічны інстытут і навучанне ў вучня У.Фаворскага - Андрэя Ганчарова, які канчаткова сфарміраваў яго погляды на мастацтва графікі.

Аднак Юра з-за сваёй сціпласці ніколі не прэтэндаваў на званне "вядучага майстра", "вядомага мастака", (ох, гэтыя мастацтвазнаўчыя тэрміны!), сярод калег ніколі не лез па галовах у "мэтры", нікому не зайздросціў і да т. п. Ён, проста, рысаваў тое, што яму спадабалася, што ён бачыў вакол сябе, што яго хвалявала ў прыродзе і ў людзях. Бо не рысаваць, не маляваць Юрый не мог. І калі яму ўдавалася вырвацца на "волю" - у адпачынак ці на дачу, адчуваў сябе разняволеным, свабодным, і ягоная "палітра" налівалася чыстымі жывымі сокамі паэзіі, гармоніі, радасці, праніклівых роздумаў "пра час і пра сябе". Ён не пісаў фігуратыўных карцін, не захапляўся цыкламі эстампаў - у сваёй "камернай" творчасці ён ствараў свой, асабісты, рэальны свет, поўны чысціні, празрыстасці і настальгіі...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"