Залатая квецень “Залатога шлягера”

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

12 — 14 кастрычніка — літаральна “ў рытме” святкавання Дня работнікаў культуры — адбываецца сёлета Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер — 2007 у Магілёве”. Такое “супадзенне” зусім не выпадковае, бо і лепшыя песні, і лепшыя работнікі культуры, якіх ушаноўвалі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, — гэта папраўдзе наша залатая скарбніца.

 /i/content/pi/cult/132/685/Zalaty shlyager.jpg

Канцэрты з удзелам Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, што з’яўляюцца асновай цяперашняга “Залатога шлягера ў Магілёве”, адкрывае інструментальная кампазіцыя, замоўленая арганізатарамі фестывалю Ізмаілу Капланаву.
— Драматургічным і сэнсавым стрыжнем гэтай фестывальнай уверцюры, — расказаў Ізмаіл Львовіч, — стаў знакаміты матыў Аркадзя Астроўскага “Песня остаётся с человеком”. З яго пачынаецца партытура, ім заканчваецца. Ён увогуле становіцца лейтматывам, бо менавіта праз яго, быццам праз нейкія “пазыўныя”, што гучаць пры пераходзе ад адной тэмы да другой, з’яўляюцца ўсе іншыя мелодыі.
Яны таксама цытаваныя: я ўзгадваю песні “Московские окна” Ціхана Хрэннікава, “Синий платочек” Ежы Пецярбургскага, “Где же ты, мой сад” Васіля Салаўёва-Сядога. Гэта папраўдзе тыя залатыя шлягеры, што складаюць нашу песенную спадчыну. Адны з іх больш пазнавальныя, другія — крыху меней, бо ўсе яны гучаць стылізавана, з элементамі ф’южн. Але ключ да “разгадкі” ўверцюры менавіта ў тым, што “песня застаецца з чалавекам”, бо яна — частка нашага жыцця.
— Вы ўжо не ўпершыню ствараеце кампазіцыі для “Залатога шлягера ў Магілёве”. На мінулых фестывалях, добра памятаю, у якасці не проста ўверцюры, а нават своеасаблівага фестывальнага гімна ўсе ўдзельнікі спявалі “Песні вяртаюцца”. Дый для іншых фестываляў вы неаднойчы складалі цудоўныя песні. Чарговая прэм’ера адбылася на нядаўніх Дажынках. А на апошнім “Славянскім базары ў Віцебску” гучала ажно пяць вашых работ! Увогуле, здаецца, няма ўжо ў нас такога выканаўцы, нават сярод моладзі, каб не было ў яго рэпертуары вашай песні.
І не толькі ў Беларусі! Адзін з вашых хітоў выконвае знакаміты Мікалай Баскаў. Што ж да “Залатога шлягера”, дык вы, на маю думку, можаце без усялякага перабольшвання лічыцца яго знакавай фігурай: вы стаялі ля вытокаў не толькі гэтага фестывалю, але і ўсёй беларускай эстрады.
— Знакавая фігура, хутчэй, Нэлі Багуслаўская. Яна была дыпламантам Першага Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне савецкай эстраднай песні, спявае і зараз.
— А вашы з ёй канцэрты даюць фору многім маладым выканаўцам. Бо вы прапаноўваеце такія маладыя ва ўсіх сэнсах песні (а ёсць сярод іх і тэатралізаваныя песні-сцэнкі), што “заводзяць” любую публіку. Ва ўверцюры да “Залатога шлягера ў Магілёве” таксама маюцца сюрпрызы?
— Задумка галоўнага дырыжора аркестра Віктара Бабарыкіна была ў тым, каб аркестравыя групы ўступалі па чарзе, адна за другой, а потым гучалі разам. Такая ўверцюра будзе выконвацца з тэатральным эфектам — паступовым выхадам на сцэну музыкантаў: рытм-група, струнныя, духавыя. Сааўтарам уверцюры з’яўляецца пастаянны аранжыроўшчык гэтага аркестра — таленавіты музыкант Леў Карпенка.
Так што — не спазняйцеся на канцэрты і да тэлеэкранаў, дзе праз нейкі час будуць трансліравацца фестывальныя выступленні.
Каб не прапусціць залатую прэм’еру!

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ