Інкубатар ідэй пад трайным брэндам

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва сёлета асабліва не акцэнтаваў увагу на калядна-навагодняй тэматыцы, але ж прапанаваная ім на гэты час выстаўка, якая адкрылася 3 студзеня, мае выразны святочны easy-фармат. Мабыць, менавіта ён лучыць у адну кампанію такіх аўтараў, як Уладзімір Цэслер (чыё імя было вынесена ў загаловак праекта), Мікалай і Алена Байрачныя ды Віктар Мінько. Іншы фактар “кампанейскасці” — таксама навідавоку: гэта спелы прафесіяналізм кожнага са згаданых творцаў.

/i/content/pi/cult/358/6849/9-2.jpeg"Перад намі - вельмі таленавітыя, крэатыўныя мастакі, Мастакі з вялікай літары, - адзначыў пад час вернісажу міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. - Перакананы, што ў нашай краіне будзе рабіцца ўсё для пашырэння магчымасцей самавыяўлення такіх крэатыўных людзей..."

На адкрыцці выстаўкі Уладзімір Цэслер быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры "За ўклад у развіццё культуры Беларусі". З такой фармулёўкай цяжка не пагадзіцца. Цэслер - гэта ўжо брэнд. Часам нават большы, чым тыя брэнды, візуальнае аблічча якіх ён распрацоўвае.

 І стаўшы "параходам", ён не перастае быць жывым чалавекам. Канцэптуальнасць і надзённасць, філасафічнасць і далікатнае хуліганства, элітызм і масавасць - усе гэтыя супрацьлеглыя якасці арганічна спалучаюцца ў яго дызайнерскіх работах. Яны камунікуюць з гледачом на самых розных узроўнях. Хтосьці з іх нагоды вымавіць "Крута!", а хтосьці - сфармулюе тэму для доктарскай дысертацыі.

Гэтым разам мастак, на жаль, не парадаваў новымі хітамі, не стаў ён і рабіць "справаздачы за пражытыя гады". Затое ў сваёй частцы экспазіцыйнай прасторы гэты аўтар праявіў самыя розныя грані ўласнай асобы - нібыта кіруючыся тым самым прынцыпам "спалучэння неспалучальнага". І побач з дасціпнымі ды багатымі на канататыўны змест узорамі дызайну былі змешчаны і абсалютна фармалістычныя творы, выкананыя ў стылістыцы ап-арта.

Калі прызнаны мастак раптам дэбютаваў у такой зусім новай для сябе іпастасі, гэта выклікала заканамерны скепсіс. Аднак самі работы імкліва яго развеялі. Нават цяжка паверыць, што простыя спалучэнні чорных і белых палосак здатныя спараджаць такое моцнае ўздзеянне на гледача, адчувальнае нават на фізіялагічным узроўні - ажно да рэзі ўваччу! Што ні кажы, але майстар ёсць майстар...

Не сакрэт, што многія творы мастацтва, замоўленыя для аздаблення інтэр'ераў, сталі сапраўднымі "ўзорамі стылю". Магчыма, такі лёс чакае і скульптуры Мікалая Байрачнаг/i/content/pi/cult/358/6849/9-3.jpegа. Падаецца, многія яго героі куды больш арганічна глядзеліся б у прыватным кабінеце або офісе, чым у музейнай прасторы. І, хочацца верыць, неўзабаве яны туды і "пераселяцца", засведчыўшы, што аздабляць паўсядзённы побыт могуць не толькі размаітыя ўзоры кіча, але і папраўдзе густоўныя і дасканала выкананыя творы мастацтва. Апошняя якасць асабліва заўважная ў скульптурнай "рэканструкцыі" вобразаў мінуўшчыны - прыкладам, знакамітых "крылатых гусараў". Тут аўтар надта не фантазіруе, аддаючы перавагу датклівай гістарычнай дакладнасці, пачэрпнутай з навуковых крыніц.

Своеасаблівы працяг тэмы - калекцыя лялек, якія дэманструюць гістарычныя строі розных народаў, падрыхтаваная Аленай і Мікалаем Байрачнымі. Па сутнасці, яна стала асобнай экспазіцыяй у рамках гэтай выстаўкі, заняўшы ўвесь другі паверх вялікай залы музея. Без сумневу, крытэрыі пры ацэнцы гэтых твораў мусяць быць зусім іншымі, чым у выпадку з аўтарскімі задумамі: перадусім, гэта дакладнасць, высокі ўзровень выканання, а таксама прывабная падача матэрыялу. Падаецца, што ва ўсіх намінацыях аўтары справіліся сапраўды "на выдатна".

Творы скульптара Віктара Мінко, якія, па сутнасці, і адкрываюць выстаўку, дэманструюць добры ўзровень айчыннай акадэмічнай школы, спалучаючы і выдатную тэхніку выканання, і пошукі ўласнай вобразнасці, і ўменне не проста перакладаць "на сваю мову" глыбокія думкі, а літаральна мысліць пластыкай. Таму і мы ўстрымаемся ад інтэрпрэтацыі гэтых работ: іх лепш убачыць.

Параметры ўсіх прадстаўленых на выстаўцы твораў - даволі камерныя, "музейныя". Але многіх з іх вельмі лёгка ўявіць і ў манументальным фармаце - ды, адпаведна, у грамадскай прасторы. Калі б у адным з мінскіх паркаў з'явіўся бронзавы гібрыд крэсла і чалавека (скульптура Віктара Мінко "Восень патрыярха"), ён бы вокамгненна стаў гарадской адметнасцю, здатнай не толькі разнастаіць вока, але і выклікаць у мінакоў нязмушаныя філасофскія рэфлексіі. Як і крэсла з жаночымі ножкамі ў выкананні Цэслера.

/i/content/pi/cult/358/6849/9-1.jpegАбо мілыя ды сентыментальныя мышкі Байрачнага, якія радуюць не арыгінальнасцю ідэі, а папраўдзе выкшталцоным яе ўвасабленнем у матэрыяле. Натуральна, іх павелічэнне ў памеры спарадзіла б мутантаў, але... для гарадской скульптуры маштабнасць - зусім не канон. Прыкладам, адной з галоўных адметнасцей Вроцлава з'яўляюцца сотні мініяцюрных бронзавых гномікаў, якіх можна сустрэць у самых неспадзяваных месцах. Іх пошукі сталі ўлюбёным заняткам турыстаў.

...Уласна, гэтую тэму мы закранулі толькі з той нагоды, што пад час вернісажу Уладзімір Цэслер звярнуў увагу на праблемны стан эстэтыкі нашага грамадскага асяроддзя. Зрэшты, не ён першы...

Як засведчыла выстаўка, "інкубатар ідэй і вобразаў" працуе спраўна. Застаецца толькі вынесці іх з цесных залаў майстэрняў ды галерэй "на шырокі і вольны прастор".

Фота Юрыя ІВАНОВА