“Кліпавы” палёт думак

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Днямі знакаміты паэт-песеннік Алег ЖУКАЎ, чые хіты спяваюць не толькі беларускія зоркі, быў адзначаны найвышэйшай узнагародай Міністэрства культуры нашай краіны — нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

/i/content/pi/cult/358/6848/8-2.jpeg

Яго песня "Беларусы" стала "візітоўкай" аднайменнай арт-групы на чале з Валерыем Шматам, а "Ліпеньскія кветкі" з музыкай Леаніда Захлеўнага - неад'емнай часткай адразу двух самых буйных форумаў: "Славянскага базару ў Віцебску" і, пад назвай "Чэрвеньскія кветкі", Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечне. А колькі такіх "візітовак" у салістаў і ВІА за межамі Беларусі! Са сваімі канцэртамі Жукаў аб'ехаў усю Беларусь: спявае, расказвае, танчыць. І толькі тое, што многія хіты вядомыя ўжо з 1970-х, хаця б крыху выдае яго ўзрост. На выгляд - максімум пяцьдзясят, а насамрэч - усе 75! Можа, разгадка ў тым, што ягоны дзень нараджэння прыпадае акурат на Новы год? Але сам Алег Уладзіміравіч ставіцца да гэтага па-філасофску:

- На адно свята ў мяне, вядома, менш. Затое ёсць эканамічная выгода! Яшчэ адзін плюс: ніхто з сяброў пра мой дзень нараджэння забыцца папросту не можа! А каго яшчэ, скажыце, без усялякай асцярогі віншуюць а другой ці трэцяй гадзіне ночы? І пры гэтым дадаюць: маўляў, мы ўжо едзем, сустракай! Увогуле ж, свята - гэта стан душы, а не знешнія падзеі. Калі ёсць настрой, можна адзначаць... ну, хаця б Дзень сыходу камароў.

- Ці Дзень напісання новай песні. У вас іх больш за тры сотні, і літаральна кожная - лепшая. Шараговых, "прахадных" папросту не бывае. У тэксце кожнай - свая "разыначка": цікавая гісторыя, яркія вобразныя параўнанні, але ўсё гэта расказана простай, бадай побытавай мовай, без залішніх "наваротаў". Дзе шукаеце натхненне?

- Наўмысна не шукаю, але запісваю ўсё, што прыходзіць у галаву. І вам таксама раю! Бо нейкая цікавая думка, эпітэт, радок спасцігаюць у самы, здавалася б, непадыходзячы момант. Ты кудысьці спяшаешся, думаеш зусім пра іншае, і раптам, пасярод гэтых будзённых клопатаў, - цуд! Ці ж даравальна будзе яго не захаваць? А потым, праз час, пагартаеш свае запісы - і знойдзеш тое, што трэба.

- Дык вы, аказваецца, пры ўсёй сваёй "палётнасці" і няўрымслівасці, - чалавек дастаткова арганізаваны?

- Надзвычай. Іначай нічога не паспяваў бы. Як усялякі Казярог, я імкнуся палепшыць, удасканаліць свет. І бачу ў гэтым сваю місію.

- Гэткі яшчэ адзін варыянт дон-кіхоцтва? Не, на вас не падобна. Вы не толькі не адарваны ад жыцця - наадварот, заўсёды знаходзіцеся ў цэнтры падзей...

- Так, нясе мяне плынь, дый я сам тэмпаў не сцішваю... Але справа не ў гэтым. Кожны творца - бы пасланнік, які павінен данесці да людзей любоў і цеплыню, адагрэць імі душы. Менавіта ў гэтым наша місія!

- А як жа "глаголом жечь сердца людей"?

- Каб сагрэць, не заўсёды трэба спальваць. Калі чалавек пачувае сябе шчаслівым, ён і іншым дорыць часцінку свайго шчасця. І наадварот. Гэта я ў Ізмаіла Капланава "падгледзеў". Ён заўсёды так цудоўна вёў свае канцэрты! З жартачкамі, аповедамі пра песні. А колькі ўсяго паспяваў! Апошнім часам, дарэчы, прыдбаў сабе дыктафон і "насвістваў" на яго мелодыі, фразы, нязбітыя інтанацыі - творчая фантазія ў яго папраўдзе фантанавала. Дый ад самога яго такое святло сыходзіла... Калі людзі ўносяць дадому цяпло, атрыманае на канцэртах, калі пачуваюць сябе шчаслівымі, бо разам з песнямі свайго юнацтва нібыта перанесліся ў маладосць, свет робіцца лепшым. Бо ў ім больш становіцца пазітыву!

- Вось і формула шчасця: навакольны свет - гэта мы. А што тады, паводле Жукава, песенны тэкст? У вас ёсць формула яго поспеху? Адзін з сакрэтаў я, здаецца, ведаю: пісаць так, каб не сорамна было спяваць самому...

- Спяваю я з дзяцінства. Бабуля мая на гітары грала, дзед быў рэгентам царкоўнага хору, маці і дзядзька ў тым хоры спявалі. Бацьку майго рэпрэсіравалі, так што, можа, толькі спевы і выратоўвалі. У сямейныя святы мы спявалі на некалькі галасоў. А потым я вучыўся у... Фрэнка Сінатры. "Завочна", вядома. Граў на бас-гітары - і трапіў у ансамбль "Тоніка", які акампанаваў Віктару Вуячычу. Там пазнаёміўся і з Юрыем Антонавым: той на клавішах граў... А наконт формулы. Гэта не формула, а, хутчэй, развагі: пра тое, што ўсе словы, якія могуць быць выкарыстаны ў песні, існуюць у паўсядзённым жыцці. Таму песенны тэкст трэба рабіць не толькі паэтычным, у самым высокім сэнсе слова, але і простым. Ды не спрошчаным! Уся яго паэтыка павінна быць выказана на размоўнай мове, зразумелай кожнаму.

Але ж песні могуць быць не толькі танцавальнымі! Заўважаю, што апошнім часам моладзь зноў пацягнулася да такіх, што вымушаюць задумацца. Да мяне прыходзяць маладыя музыканты, якія хочуць атрымаць прафесійны тэкст, а не "вершасплятанне". І праславутае "кліпавае мысленне" - зусім таму не перашкода. Чамусьці прынята лічыць, што "кліпавае мысленне" сучаснай моладзі - гэта вельмі дрэнна. Я ж лічу: наадварот! Бо сапраўдная "кліпавасць" - гэта ўменне бачыць свет сваімі вачыма. І з хаатычна раскіданых рэчаў і падзей складаць агульную мазаіку жыцця, дзе кожная дробязь будзе на сваім месцы. Атрымліваецца, заўважу, таксама стваральны, а не разбуральны працэс. Усё насамрэч так проста! Чым больш мы будзем радасна здзіўляцца свету, тым больш свет будзе здзіўляць і радаваць нас. Жыццё - цудоўная рэч, якую мы часам папросту недаацэньваем...


Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"