Да поўнага кантакту!

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

У апошнія дні 2011-га калектыву Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” было нададзена ганаровае званне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.

У сваім слове да калектыву тэатра міністр культуры краіны Павел Латушка ўзгадаў, як на пачатку 1990-х гадоў спектаклі паказваліся літаральна перад купкай гледачоў, а цяпер тэатр выйшаў на адно з першых месцаў у краіне па пазабюджэтнай дзейнасці, аб'ехаў большую частку беларускіх рэгіёнаў, а на яго пастаноўкі амаль ніколі не хапае білетаў для ўсіх ахвотных.

Таксама міністр падкрэсліў значнасць для адраджэння глядацкай цікавасці спектакля "№ 13" паводле Р.Куні ў пастаноўцы Таццяны Траяновіч. Павел Латушка казаў пра тое, што Міністэрства культуры заўсёды падтрымлівае тэатр, і ў бліжэйшы час дапаможа з арганізацыяй гастролей у Чэхіі са спектаклям "Сродак Макропуласа" паводле К.Чапека.

Затым міністр уручыў Ганаровую грамату Міністэрства культуры шматгадоваму мастацкаму кіраўніку тэатра Аляксандру Яфрэмаву.

Урачыстая частка скончылася выступленнем генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі "Беларусфільм" Алега Сільвановіча, які зазначыў: маўляў, "для нас галоўным мастацтвам застаецца кіно, але Тэатр-студыя кінаакцёра - гэта адна з галоўных кузняў кадраў для студыі, і ўзровень акцёрскай гульні заўсёды добра вывяраецца ў непасрэдным кантакце з гледачом".