Семінар і варыянты

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Новыя мадэлі: прэзентацыя вопыту

Днямі ў Інстытуце культуры Беларусі прайшоў рэспубліканскі семінар па тэме "Дзейнасць метадычных цэнтраў народнай творчасці па павышэнні якасці культурнага жыцця насельніцтва рэгіёна. Шляхі мадэрнізацыі і рэфармавання варыянтных і інтэграваных устаноў культуры".

Рэктар Інстытута культуры Беларусі Іван Крук распавёў аб прыярытэтных кірунках працы ўстановы на 2012-ы. Адзін з іх - садзейнічанне выкананню "Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый на 2011 - 2015 гады". У адпаведнасці з ёй ствараюцца новыя інтэграваныя варыятыўныя мадэлі і тыпы ўстаноў культуры: аўтаклубы, клубы-музеі, клубы-бібліятэкі, бібліобусы, клубы культурных паслуг, цэнтры фальклору, дамы народнай творчасці...

Аднак далейшаму развіццю асобных устаноў, асабліва сельскіх, замінае недасканаласць нарматыўных дакументаў, што вызначаюць групу па аплаце працы, тыпавыя штаты, рэгулююць паказчыкі дзейнасці, а таксама нявызначанасць статусных характарыстык новых утварэнняў, што ўплывае і на заробак, і на кадравае "насычэнне".

Пра гэта і ішла гаворка на семінары. Пра інавацыйнае сацыякультурнае праектаванне распавёў дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Мікалай Каралёў. Механізмы рэфармавання і прафілізацыі ўстаноў культуры акрэсліла прафесар кафедры псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута культуры Беларусі Алена Макарава... Адбылася і прэзентацыя вопыту работы новых мадэлей, тыпаў сельскіх устаноў. Выступілі загадчык Логвінавіцкай бібліятэкі-клуба Клецкага раёна Галіна Галубовіч, метадыст Акцябрскага РАМЦ Ларыса Казакова, дырэктар Мышкавіцкага СДК Кіраўскага раёна Клаўдзія Кіпрыянава.

Лілія ЖМАЧЫНСКАЯ, намеснік начальніка аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі