Не забаўляльнікі — ідэолагі!

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

На пытанні “К” адказвае старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Мікалай ШАЎЦОЎ.

 /i/content/pi/cult/132/684/Prafsajuz.jpg

— Мікалай Міхайлавіч, пабывалі мы днямі ў Нараўлянскім раёне — артыкул друкуецца ў гэтым нумары. Старшыня мясцовага райвыканкама Валерый Шляга, які развіццю культуры надае першарадную ўвагу, выказвае вам шчырую ўдзячнасць за матэрыяльную і маральную падтрымку рэгіёна, пацярпелага ад Чарнобыльскай бяды… Кабінетным работнікам, напэўна, сябе не лічыце?

— Безумоўна! Сваім абавязкам лічу менавіта такі падыход да справы, на гэта скіроўваю і супрацоўнікаў апарата: выезды ў рэгіёны, аказанне канкрэтнай дапамогі — метадычнай і практычнай. Гэта — сістэма. А паколькі прыклад падначаленым ва ўсім павінен паказваць кіраўнік, дык рэгулярна наведваю прафсаюзныя арганізацыі, прымаю ўдзел у мерапрыемствах. Быў, да прыкладу, і ў Нараўлянскім раёне, дзе ладзілася летам свята горада. Натуральна, прыехаў не з пустымі рукамі: школа мастацтваў атрымала музычны цэнтр. Згодна з пастановай нашага Прэзідыума, была аказана дапамога і шматдзетнай сям’і Купрыенкаў. Карацей, узялі Нараўляншчыну пад гэткі шэфскі нагляд.
Ці варта казаць пра тое, што сістэматычныя рабочыя візіты ў глыбінку дапамагаюць знаёмству з кадрамі не па канцылярскіх спісах, а па канкрэтным стылі работы, па канкрэтным яе плёне.
Таму невыпадкова колькасць узнагароджаных культасветработнікаў за апошні час значна павялічылася. Калі на ўласныя вочы бачыш высокую прафесійнасць і самаахвярнасць дырэктараў клубаў, загадчыкаў бібліятэк, дзеячаў культуры і мастацтваў, дык не вагаешся наконт таго, што на гэтай няпростай дзялянцы працы — нямала годных людзей, вартых ушанавання… З 27 чэрвеня 2005 года, з моманту, калі праходзіў з’езд Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, мы па рэспубліцы ўзнагародзілі ганаровымі знакамі і граматамі 239 лепшых прадстаўнікоў нашай сферы.

— Асноўная мэта ЦК, абкамаў, райкамаў, каля тысячы пярвічных арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў культуры — ахова сацыяльна-працоўных і законных інтарэсаў звыш чым ста тысяч членаў прафесійнай суполкі. Якімі намаганнямі яна ажыццяўляецца?

— Красамоўных прыкладаў шмат… Маладыя спецыялісты размеркаваліся ў адну з абласцей, а бухгалтэрыя па месцы працы адмовілася выплачваць ім грашовую дапамогу. І матывацыя была дзіўная: маўляў, вырашыце пытанне з прапіскай, тады і пад’ёмныя патрабуйце. А згодна з заканадаўствам, прымаючы бок павінен быў забяспечыць і прапіску, і жыллё для маладых спецыялістаў. Высвятленне адносін яўна зацягнулася, пакрыўджаныя выпускнікі звярнуліся ў прафсаюз. Праблема вырашылася за дзень… Нашы юрысты, прававыя інспектары працы рэгулярна ладзяць праверкі прафсаюзных арганізацый. Зрэшты, словы “праверка” і “інспекцыя” з нашага прафесійнага лексікону зніклі. Гаворка не столькі пра кантроль, колькі пра канкрэтную і дзейсную дапамогу, у выніку якой ні наймальнікі, ні шараговыя члены прафсаюза заканадаўства не парушаюць.

— На ваш погляд, Мікалай Міхайлавіч, ці ўзрастае прэстыж прафесіі культасветработніка?

— Комплексная праграма Міністэрства культуры, скіраваная на развіццё нацыянальнай духоўнасці, Дзяржпраграма адраджэння беларускага сяла, неаспрэчна, прыносяць плён. Работнік культуры стаў запатрабаваным і ў горадзе, і на сяле. Усё больш моладзі паступае ў ВНУ галіны, усё большая ўвага надаецца маладым спецыялістам з боку кіраўніцтва рэгіёнаў. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці быў створаны ЖСК работнікаў культуры і пабудаваны для іх 86 кватэр. Дый роля культасветработнікаў павялічылася ў сучасных умовах неймаверна. Гэта ўжо не забаўляльнікі, а ідэолагі, якія дапамагаюць гаспадарнікам працаваць не з тэхнікай, механізмамі і сельгасугоддзямі, а з чалавекам, яго датклівай душой. Хіба ж гэта не прэстыжна?! І Палац Рэспублікі апошнім часам прымае з гатоўнасцю не толькі сталічныя калектывы, але і ансамблі з рэгіёнаў, — таксама цудоўны паказчык таго, што прэстыж і запатрабаванасць нашай культуры павялічыліся значна. Не дзіва, што менавіта рэгіёны сёння дораць нам зорак выканальніцкага мастацтва.

— Вы ведаеце праблемы культуры, так бы мовіць, знутры. Працу пачыналі дырэктарам Зашырскага СДК Ельскага раёна на Гомельшчыне, скончылі Ленінградскі дзяржаўны інстытут культуры. У чым вам бачыцца генеральны накірунакдзейнасці галіновага прафсаюза?

— Дарэчы, вельмі радуюся, што Зашырскі СДК — на добрым рахунку і па сёння… А накірунак дзейнасці, зразумела, адзіны — усебаковая падтрымка работнікаў культуры. Таму вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаем са сваім сацыяльным партнёрам — Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Заключана тарыфнае пагадненне, у якім агавораны ўсе пачынанні сацыяльнай аховы. Сумесна праводзім і Дзень работнікаў культуры. А наша спартыўная база “Алімпіец” прымала спартакіяду, у якой актыўны ўдзел бралі прадстаўнікі галіны культуры. Яркія спартыўныя мерапрыемствы прайшлі тут і ў 85-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі… Такое ўзаемадзеянне, неаспрэчна, будзе доўжыцца і надалей…

— Напрыканцы 1990-х, Мікалай Міхайлавіч, вы былі старшынёй Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Наколькі ведаю, менавіта тады былі прыняты асноўныя законы — аб бібліятэках, музеях і музейнай справе, аб творчых саюзах, згодна з якімі развіваецца культура Бацькаўшчыны… З якім пачуццём сустракаеце прафесійнае свята?

— З пачуццём вялікай удзячнасці тым людзям, якія ў гарадах і вёсках тыя законы выконваюць як мае быць. Гэта сумленныя і самаахвярныя носьбіты нашай культуры, якія, не зважаючы на занятасць у выхадныя дні і не надта пакуль высокія заробкі, спраўна выконваюць свой прафесійны абавязак. Напярэдадні Дня работнікаў культуры жадаю калегам здароўя, дабрабыту і творчасці!

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ

На здымку: старшыня ЦК Беларускага прафсаюза
работнікаў культуры Мікалай Шаўцоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА