Вальціжоры з Пляца Напалеона

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Атмасфера Мінска ў 1812-м у музеі

/i/content/pi/cult/358/6836/IMG_0214_opt.jpeg

Адзін з першых айчынных выставачных праектаў, прысвечаных ваенным падзеям дзвюхсотгадовай даўніны, распачаўся ў Нацыянальным гістарычным музеі. У некалькіх залах дэталёва адлюстраваны драматычныя старонкі вайны 1812-га ў гісторыі Мінска. Пры гэтым, як адзначыў дырэктар установы Сяргей Вечар, многія з прадстаўленых у экспазіцыі прадметаў дэманструюцца ўпершыню.

Варта адзначыць, што ўдзельнікамі выставачнага праекта з'яўляюцца таксама Віцебскі і Магілёўскі абласныя краязнаўчыя музеі, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава, а таксама Нацыянальны гістарычны архіў і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Як аказалася, вайна 1812 г., нягледзячы на яе маштаб і значнасць для нашай краіны, на жаль, да канца так і не асэнсавана шырокай грамадскасцю. Больш за тое: многія нашы суайчыннікі працягваюць звязваць гэтую вайну выключна з Расіяй і Францыяй. У той жа час, па словах дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыні апякунскага савета Нацыянальнага гістарычнага музея Вячаслава Даніловіча, падзеі 1812-га непасрэдна звязаны з айчыннай мінуўшчынай.

На думку беларускіх гісторыкаў, літаральна з першых дзён вайны паміж военачальнікамі рускай і французскай армій - П.I. Баграціёнам і маршалам Л.Н. Даву - разгарнулася нежартоўнае змаганне за Мінск. А як інакш? Праз горад праходзіў адзін з самых кароткіх шляхоў, па якім Баграціён збіраўся выйсці на злучэнне з 1-й Заходняй арміяй Барклая дэ Толі. Каб не дапусціць гэтага, Напалеон накіраваў з Вільні зборны корпус пад камандаваннем свайго лепшага маршала, авангард якога ўжо 8 ліпеня (па новым стылі) без бою ўзяў Мінск.

Як аказалася, у горадзе не чакалі настолькі хуткага наступлення. У выніку значныя запасы мукі, аўса, пораху, рыштунку, а таксама вялікая колькасць шпітальнай маёмасці трапілі ў рукі французаў. Але быў і свой пазітыў. Напрыклад, пад час знаходжання Даву ў Мінску гараджане сталі сведкамі даволі незвычайнага ваеннага параду. У ходзе агляду войскаў маршал, раз'юшаны тым, што ў шэрагах 33-га лёгкага пяхотнага палка было больш за ўсё адстаўшых, у якасці пакарання загадаў палку прадэфіліраваць пад музыку ваеннага аркестра па плошчы Верхняга рынка, трымаючы ружжы прыкладамі ўгару, што ў французскай арміі лічылася вялікай ганьбай. Цікава, што за некалькі гадзін да гэтага па загадзе таго ж маршала былі расстраляны трынаццаць французскіх кірасіраў, злоўленых пры спробе разрабаваць суконную лаўку...

Усяго ж, па звестках паручніка Ф.Гаеўскага, у Мінску Даву пакараў дзве тысячы марадзёраў. Паводле самых сціплых падлікаў, у перыяд з ліпеня па лістапад 1812-га праз Мінск прайшло больш за 80 тысяч салдат французскай "Вялікай арміі".

/i/content/pi/cult/358/6836/IMG_0218_opt.jpegЯк ні дзіўна, але, па сведчанні архіўных дакументаў, у першыя месяцы вайны гарадское жыццё праходзіла ў настроі эйфарыі. У прыватнасці, 15 жніўня ў Мінску ўрачыста адзначалі дзень нараджэння Напалеона. З гэтай нагоды плошчу Верхняга рынка было вырашана перайменаваць у Пляц Напалеона. У гарадскім садзе былі арганізаваны спаборніцтвы па бегу, а пяхота і кавалерыя далі паказальнае выступленне па дакладнасці ў стральбе. Тут жа, у раёне гарадскога сада, быў запушчаны паветраны шар, упрыгожаны віншавальнымі плакатамі. Кульмінацыяй жа ўрачыстасцей стала тэатральная пастаноўка па п'есе Яна Ходзькі "Вызваленне Літвы, або Пераход праз Нёман".

І тым не менш, для Мінска наступствы вайны 1812 года мелі катастрафічны характар. У выніку ваенных дзеянняў, рэкруцкіх набораў, голаду і хвароб насельніцтва Мінска з 11 тысяч чалавек у 1811-м усяго праз некалькі месяцаў скарацілася больш чым у тры разы!..

Як жа ілюструюцца ўсе гэтыя факты ў Нацыянальным гістарычным музеі? Так, у адным з раздзелаў выстаўкі - у так званай уводнай частцы - адлюстравана жыццё Мінска ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. Атмасферу горада ствараюць рэпрадукцыі з акварэлей тагачасных мастакоў, даўнія планы горада, а таксама партрэты мінскіх губернатараў. Акрамя таго, у рамках адной з цэнтральных частак экспазіцыі прадстаўлена падрабязная інфармацыя пра расійскую армію. У прыватнасці, дэманструюцца арыгіналы архіўных дакументаў, што сведчаць пра падрыхтоўку царскімі ўладамі да вайны з арміяй Напалеона, а таксама рэканструкцыі і аўтэнтычныя прадметы абмундзіравання, галаўныя ўборы, разнастайныя ўзоры тагачаснай зброі.

Варта звярнуць увагу і на адзін з унікальных экспанатаў выстаўкі - сурдут Аляксандра I з зялёнага сукна з шаўковай падкладкай. Гэтую вопратку будучы цар насіў пад час службы ў Екацерынаслаўскім грэнадзёрскім палку. Акрамя гэтага, вялікую гістарычную каштоўнасць маюць прадстаўленыя гетры брата цара - Канстанціна Паўлавіча.

Не менш цікава пазнаёміцца і з тым, што адбывалася ў Мінску пад час захопу горада французамі. Да прыкладу, у раздзеле "Пляц Напалеона" экспануюцца партрэты членаў камісіі Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага, копіі выдадзеных ёй загадаў, а таксама некаторыя нумары "Мінскай часовай газеты". Асобная ўвага стваральнікаў выстаўкі нададзена ўзброеным сілам, што былі створаны Напалеонам на тэрыторыі нашага краю. У прыватнасці, цэнтральны раздзел выстаўкі займае рэканструкцыя вальціжора 22-га пяхотнага палка войск ВКЛ.

На думку Вячаслава Даніловіча, прадстаўленыя прадметы змогуць зацікавіць не толькі аматараў нашай гісторыі, але і прафесійных даследчыкаў. Не выпадкова, бадай, асноўнай задачай выставачнага праекта стала адлюстраванне аб'ектыўнай - гістарычна дакладнай і рознабаковай - карціны драматычных падзей праз прызму паўсядзённасці на прыкладзе Мінска.

Акрамя таго, варта адзначыць, што напярэдадні быў створаны Рэспубліканскі камітэт, прысвечаны ўшанаванню падзей вайны 1812 года. Запланавана правядзенне шэрагу разнастайных мерапрыемстваў у межах усёй краіны. А іх годным падсумаваннем стане буйная міжнародная навуковая канферэнцыя на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да таго ж, мяркуецца, што сёлета выстаўка, пасля завяршэння працы ў Мінску, будзе экспанавацца ў рэгіянальных музеях.

На здымках: фрагменты выстаўкі ў Нацыянальным гістарычным.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"