КАРОНА З КАХАННЯ. Янка Купала і Паўліна Мядзёлка. Версія

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Лірычная драма па матывах кнігі Паўліны Мядзёлка “Сцежкамі жыцця”.

/i/content/pi/cult/358/6833/10_1.jpegСёння прапануем вашай увазе тэатральную «старонку з працягам» ад нашага традыцыйнага ўкладыша "Куфар-радца". Мы пачынаем друкаваць "версію" гісторыі сустрэч ды расстанняў народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, чыё 130-годдзе адзначаецца сёлета, і Паўліны Мядзёлкі - першай выканаўцы ролі Паўлінкі ў аднайменным спектаклі. У лірычнай драме вядомага драматурга Анатоля Дзялендзіка, якая нарадзілася пад уражаннем ад успамінаў і дакументаў, звязаных з гэтымі асобамі, перапляліся рэальныя падзеі, апісаныя Паўлінай Мядзёлка ў сваёй кнізе, а таксама мастацкі вымысел. Дарэчы, п'еса яшчэ не займела сваёй сцэнічнай версіі, таму перад вамі - сапраўдны эксклюзіў.

 

 

Анатоль ДЗЯЛЕНДЗІК

Пры неабходнасці, вершы Янкі Купалы могуць быць ужыты ў п'есе рэжысёрам дадаткова.

Дзейныя асобы:

Янка Купала;

Паўліна Мядзёлка;

Уладзіслава Станкевіч;


Эпізадычныя асобы:

Максім Горкі, Генрых Ягода, Мікалай Яжоў ды іншыя.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

У цемры - асляпляльная ўспышка святла. Чуваць, як з вялікай вышыні падае цела. Жудасны крык жанчыны.

ГОЛАС ЯНКІ КУПАЛЫ. Вось і ўсё. Мяне больш няма. Жыццё скончана. У шэсцьдзесят гадоў. Рана. Яшчэ столькі не паспеў зрабіць!..

ГОЛАС ПАЎЛІНЫ МЯДЗЁЛКА, ЖАНЧЫНЫ Ў ГАДАХ. Было гэта ці не было? І ці так было? Апошнім часам памяць мяне падводзіць: блытаюцца імёны, падзеі, даты... Колькі давялося перажыць! Польскія турмы, дэфензіва, Лубянка, Бутырка, псіхіятрычная клініка ў Казані... Няўжо не паўплывала? Не, што было, тое было. І нікому я гэта не аддам, маё. Пачалася гэтая гісторыя амаль сто гадоў таму...

КУПАЛА (гледачам). Так хораша пачыналася! 1912 год. Пецярбург. Я запрасіў Паўліну Мядзёлка, добрую знаёмую, у кафэ. (Паўліне.) Дзе сядзем? Гэты столік даспадобы?

ПАЎЛІНА. Так. Не так блізка да аркестра. Можна пагаварыць.

КУПАЛА. Калі ласка, пані. (Бярэ крэсла, дапамагае сесці.)

ПАЎЛІНА. Дзякую пану.

КУПАЛА (садзіцца сам). Мядзёлка, Мядзёлка... Адкуль такое салодкае прозвішча? Звязана з мёдам?

ПАЎЛІНА. А вось і не. З возера Мядзел выцякае рака Мядзёлка. Лічы, я нарадзілася ў водах гэтай ракі...

КУПАЛА. Значыць, любіш купацца?

ПАЎЛІНА. Вельмі! Плывеш, а вакол - белыя лілеі, жоўтыя гарлачыкі... Памятаеш, як пахнуць?

КУПАЛА. А як жа!

ПАЎЛІНА. Побач плывуць вужы...

КУПАЛА. Не страшна?

ПАЎЛІНА. Яны ж добрыя. Я бяру іх на рукі, вешаю на шыю. Хлапчукі - у розныя бакі!

КУПАЛА. Я пабег бы першым!

ПАЎЛІНА. Люблю плысці пад вадой. Рыбы дзівяцца: "Ты хто?" - "Я ваша, рыба..." А яшчэ люблю, калі навальніца, гром, бліскаюць маланкі! А я бягу па лужынах, па траве!

КУПАЛА. Ты ж змокнеш!

ПАЎЛІНА. Я скідваю сукенку.

КУПАЛА (уражаны). Вось чаго не хапае гераіні маёй п'есы!

ПАЎЛІНА. Я так люблю ваду! Можа, таму, што маці нарадзіла мяне ў вадзе.

КУПАЛА. Дзе-дзе?

ПАЎЛІНА. Напярэдадні родаў пераязджалі рэчку на лодцы, поўнай сена, ды перакуліліся...

КУПАЛА. Вы ж маглі патануць!

ПАЎЛІНА. Добра, што там было неглыбока.

КУПАЛА. Вось чаму ты такая!

ПАЎЛІНА. А аднойчы я коўзалася на драўляных каньках - лёд праваліўся... Уяўляеш? Як я выбралася, бог яго ведае!..

КУПАЛА. Жудасна! Навошта ты расказваеш мне такія жахі на ноч? Я ж не буду спаць! (Звярнуў увагу на медальён на шыі.) Што гэта ў цябе?

ПАЎЛІНА (паказвае). Абразок Будслаўскай Багародзіцы. Яна абараняе мяне ад ўсяго ліхога і дапаможа шмат чаго дабіцца ў жыцці.

КУПАЛА. Дай бог! (Разглядае.) Прыгожы.

ПАЎЛІНА. Мая мара - пабываць на цёплым моры, паплаваць у шторм! Паслухаць музыку хваляў...

КУПАЛА. У гэтым я табе дапамагу.

ПАЎЛІНА. Якім чынам?

КУПАЛА (не адразу). Улетку разам паедзем на мора.

ПАЎЛІНА. Фантазёр!

КУПАЛА. Навучыш плаваць?

ПАЎЛІНА. Пан не ўмее?

КУПАЛА. Не надта. Але лепш, чым сякера.

ПАЎЛІНА. А мяне ўвесь час цягне ў ваду. У вадзе я нарадзілася, відаць, у вадзе і скончу свой шлях...

КУПАЛА. Не кажы абы-што! Ты будзеш жыць і жыць! Больш да вады я цябе адну не пушчу! (Гартае меню.) Пані, якое віно будзем піць?

ПАЎЛІНА. Люблю сырадой, з-пад каровы, з шумком. З духмяным хлебам. Даведайся, ці ёсць у іх сырадой.

КУПАЛА. Яшчэ лепш ад казы, так?

ПАЎЛІНА. Калі была малая, брала ў рот глыток малака, скакала, бегала, спадзеючыся, што атрымаецца кавалачак масла...

КУПАЛА. І што?

ПАЎЛІНА. Нічога! Не ставала цярпення, глытала...

За суседні столік, спінай да іх, незаўважна садзіцца чалавек у шэрым капелюшы, разгортвае газету, пачынае чытаць. Купала прыпадняўся, з усмешкай пакланіўся. Той зрабіў выгляд, быццам не заўважыў.

Знаёмы пана?

КУПАЛА (усміхнуўся). Дужа!

ПАЎЛІНА. А ты што любіш?

КУПАЛА. Што я люблю, што не люблю, прачытаеш у маіх вершах.

Непрыкметны чалавек насцярожыўся.

ПАЎЛІНА. Чытала, пясняр Купала. (Усміхнулася.) Купалле, свята Івана Купалы, назвалі ў твой гонар?

КУПАЛА. А то! Ведаеш, як гуляюць у Вязынцы?

ПАЎЛІНА. На тваёй радзіме?

КУПАЛА. Катаюцца на лодках. Хлопцы скачуць праз вогнішча, дзяўчаты ў вышываных сукенках спяваюць, танчаць, кідаюць вянкі ў ваду, варожаць. А потым усе ідуць у лес: шукаць папараць-кветку...

ПАЎЛІНА. У змроку ловяць, хто каго можа, і кахаюць... Ты знайшоў сваю кветку шчасця?

КУПАЛА. Здаецца, знайшоў... (Удумліва паглядае.) "И погиб казак, не видать ему синего Дона..."

ПАЎЛІНА. Адкуль гэта?

КУПАЛА. Не чытала Гогаля? "Тарас Бульба". Андрый пакахаў польскую паненку. І як пакахаў! Гэта каштавала яму жыцця... Ведаеш, чаму я назваў п'есу "Паўлінка"?

ПАЎЛІНА (весела, з іроніяй). Ты ведаў, што мы сустрэнемся!

КУПАЛА. Так і ёсць! Прадчуваў. Ты будзеш іграць галоўную ролю.

ПАЎЛІНА. Паўлінку?! Не. Каханенькі-родненькі, я не актрыса - настаўніца малодшых класаў.

КУПАЛА. Шляхетная паненка, не святыя гаршкі лепяць. Вобраз гераіні ты ўзбагаціш рысамі, якія я не дапісаў.

ПАЎЛІНА. У гімназіі акцёрскаму майстэрству мяне не вучылі.

КУПАЛА. Рэжысёр табе раскажа, растлумачыць, пакажа.

ПАЎЛІНА. Не, не. Давядзецца з героем цалавацца...

КУПАЛА. Ну і што? Гэта ж тэатр, гульня.

ПАЎЛІНА. Янка, шукай іншую. Пецярбург вялікі.

КУПАЛА. У гэтай ролі я бачу толькі цябе. (На сурвэтцы хутка нешта піша, перадае.) Паўліна Вікенцьеўна, гэты верш - толькі для цябе. Пагаджайся. (Становіцца на калена, цалуе руку.)

ПАЎЛІНА. Што ты робіш?! На нас глядзяць!

КУПАЛА. Не падымуся, пакуль не дасі згоды!

Аднекуль хтосьці весела апладзіруе. Голас "Брава!".

ПАЎЛІНА. Добра, паспрабую. Але калі не атрымаецца, будзеце шукаць мне замену!

КУПАЛА. Атрымаецца! (Падымаецца.)

Гучыць танцавальная музыка.

Запрашаю паненку на танец!


ПАЎЛІНА. З задавальненнем! Танцы мне даспадобы!

Танцуюць. Непрыкметны чалавек падымаецца, выходзіць.

КУПАЛА. Рэпетыцыі ішлі паспяхова, і даволі хутка мы падрыхтавалі спектакль. Моцна хваляваліся. Але ўсё абышлося. Паўліна іграла цудоўна! Нас прымалі "на ўра"...

Тут можна паказаць фрагмент са спектакля "Паўлінка" ці ўключыць сцэну з радыёпастаноўкі.

Вечар. Недзе гучаць апладысменты, выкрыкі "Брава!", "Паўлінцы - віват!", "Многая лета спектаклю!".

 На вуліцы ні душы. Выходзяць Паўліна з кветкамі і Купала. Час ад часу смяюцца і п'юць шампанскае з адкаркаванай бутэлькі.


КУПАЛА. Сёння можна дазволіць сабе ўсё!

ПАЎЛІНА. Згодная! Гэта вялікае свята! Колькі разоў выклікалі аўтара - я нават не ўзгадаю!

КУПАЛА. А я браў цябе за руку і выводзіў да гледачоў.

ПАЎЛІНА. Пакажы гадзіннік, які яны падарылі.

КУПАЛА (вымае з кішэні гадзіннік, паказвае). "Бацьку "Паўлінкі" ад беларускіх студэнтаў". (Падымае вечка - гучыць музыка.)

ПАЎЛІНА. Якая прыгажосць!

КУПАЛА. Бяры. Гэта табе.

ПАЎЛІНА. Не, не!

КУПАЛА. Бяры! Калі я "бацька" "Паўлінкі", то ты... "маці".

ПАЎЛІНА. Дзякуй. (Цалуе яго ў шчаку.)

Непадалёк шпацыруе непрыкметны чалавек у кепцы, назірае за імі і прыслухоўваецца да іх размовы.

КУПАЛА. Ашаламляльны поспех!

ПАЎЛІНА. Па шчырасці, не чакала! (Любуецца гадзіннікам.)

КУПАЛА. А то!

ПАЎЛІНА (з усмешкай назірае). Ці той гэта Купала, які напісаў: "А хто там ідзе, а хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?" - "Беларусы..."

КУПАЛА (убачыў непрыкметнага чалавека). Той самы.

ПАЎЛІНА. «Але хоць колькі жыць тут буду, як будзе век мой тут вялік, ніколі, браткі, не забуду, што чалавек я, хоць мужык..." Геніяльна!

КУПАЛА (жартаўліва). Усё, што я пішу, геніяльна!

Непрыкметны чалавек выняў блакнот, зрабіў запіс.

(Паглядзеў на яго).
Стоп! Ты ўвесь вечар будзеш чытаць вершы? Вып'ю адзін!

ПАЎЛІНА. Напужаў! (П'е шампанскае.)

КУПАЛА. Я буду пісаць п'есы, а ты - іграць галоўныя ролі!

ПАЎЛІНА. Ой, не заракайся!

КУПАЛА (прыжмурыўшы вока, усміхаецца). Паўліна, няўжо пасля такой гучнай прэм'еры актрыса не павінна аддзячыць аўтару?

ПАЎЛІНА (далікатна цалуе яго у шчаку). Шчыры дзякуй.

КУПАЛА (расчаравана). І гэта усё?!

ПАЎЛІНА. Няўжо аўтар не павінен аддзячыць актрысе, якая дала жыццё яго гераіні? (Падстаўляе шчаку для пацалунку.)

КУПАЛА (цалуе). Я гатовы на ўсё.

ПАЎЛІНА. Але я не гатова. Ой, набралася як бэля... Так кажуць дворнікі? Не, шаўцы!

КУПАЛА. Паўліна, мілая, вецер, халодна. Калі застужуся і памру, чалавецтва табе ніколі гэтага не даруе. (Прытворна кашляе.) Пайшлі да цябе.

ПАЎЛІНА (марудзіць). Сапраўды?

КУПАЛА. Там разбяромся, хто каму вінен...

ПАЎЛІНА (няўпэўнена). Ты гэтага хочаш?

КУПАЛА. Вельмі! (Кінуў погляд на непрыкметнага чалавека, нягучна.) Прачытаю табе новыя вершы.

ПАЎЛІНА. Пайшлі. (Бярэ яго пад руку, пахістваючыся, сыходзяць.)

Непрыкметны чалавек накіроўваецца следам.

(Працяг будзе.)