Доўгае падарожжа ад Лагойска і Радзівілімонтаў

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Артур Бартэльс: некарыкатурны лёс карыкатурыста

/i/content/pi/cult/358/6831/15_1.jpegТак ужо часта бывае: біяграфіі і жыццёвыя шляхі-дарогі адных знакамітых асоб (я маю на ўвазе мастакоў) мы ведаем дасканала, іншых жа - зусім мала, бо на іх шляхах - спрэс "белыя плямы". І цяжка сказаць, хто ў гэтым вінаваты: сучаснікі той асобы, якія не зрабілі ласку пакінуць пра яе ўспаміны ці ажыццявіць нейкія даследаванні творчасці мастака, а можа, і сама гэтая асоба не хацела быць на вачах ва ўсіх - з-за празмернай сціпласці характару... Усе гэтыя ды іншыя акалічнасці, разам узятыя, на вялікі жаль, і адыгралі сваю негатыўную ролю: пра жыццё такіх дзеячаў айчыннай культуры мы сёння ведаем вельмі мала. Прытым, што жылі і працавалі яны не ў якія-небудзь старадаўнія часы, пакрытыя пацінай, а 150 - 200 гадоў таму.

Да такіх вось асоб адносіцца і наш сённяшні герой - таленавіты рысавальшчык, унікальны карыкатурыст, паэт-песеннік і падарожнік Артур Бартэльс. Канешне, мала хто ў Беларусі чуў гэтыя не вельмі звыклыя для нас імя і прозвішча. Праўда, павінен сказаць, што восенню мінулага года ў гэтых адносінах "лёд крануўся": менавіта на базе аддзела культуры Лагойскага райвыканкама, на беразе ракі Гайна, цягам цэлага тыдня працаваў Першы Рэспубліканскі пленэр, прысвечаны Артуру Бартэльсу, ураджэнцу гэтага цудоўнага краю. У пленэры прынялі ўдзел дзесяць прафесійных творцаў пад кіраўніцтвам члена Беларускага саюза мастакоў, прафесара Уладзіміра Рынкевіча. Пасля пленэру кожны з удзельнікаў акцыі падарыў Лагойскаму гісторыка-краязнаўчаму музею па намаляваным тут эцюдзе.

Дарэчы, Рынкевіч першым (разам з В.Рыхлавай) у 2003 годзе ў часопісе "Роднае слова" нешта распавёў пра славутага сына нашай зямлі. Да сённяшняга дня гэта, калі не памыляюся, адзіная ў Беларусі публікацыя пра Бартэльса. Праўда, яшчэ ў 1960-м мастака-карыкатурыста добрым словам успомніла маскоўская мастацтвазнаўца Марына Арлова ў сваёй кнізе нарысаў "Искусство Советской Белоруссии". Вось, мабыць, і ўсё, што мы маем на беларускай і рускай мовах пра Артура Бартэльса. Дзякаваць богу, гэты мастак у 1996 г., у 25 радках, трапіў у 2-і том "Беларускай энцыклапедыі" (у 18 тамах). Вышэйзгаданае дае надзею, што хтосьці з беларускіх даследчыкаў усё ж зможа давесці да канца працу па стварэнні поўнай біяграфіі мастака, паэта і музыканта, з выкарыстаннем архіўных і пісьмовых дакументаў, якія знаходзяцца, у асноўным, у Польшчы.

Так здарылася, што ў Кракаве, дзе ў апошнія гады жыцця працаваў Бартэльс, пра нашага земляка ведаюць больш, чым у Беларусі. Але на гэты конт вымушаны зрабіць агаворку. Бартэльс у Польшчы набыў шырокую папулярнасць менавіта як паэт-песеннік, віртуозны музыкант-піяніст і выканаўца ўласных вершаваных твораў. Інакш кажучы, гэта быў, здаецца, ці не першы на славянскіх прасторах XIX ст. бард. А яшчэ ён праславіўся ў Польшчы як таленавіты камедыёграф, аўтар п'ес "Пан Юджын", "Пан Афанасій Шэл", "Нявінныя", "Брат сэрца", опуса "Тыдзень Палесся...". Некаторыя творы былі пастаўлены ў тэатрах Варшавы.

Але, што да твораў выяўленчага мастацтва, у тым ліку выдатных карыкатур і шматлікіх малюнкаў пяром, тушшу і акварэллю, дык усе гэтыя ўнікальныя работы Бартэльс напісаў менавіта на сваёй радзіме, на зямлі этнічнай Беларусі - Лагойшчыне, Віленшчыне і ў мястэчку Друскенікі тагачаснай Гродзенскай губерні. Многа чаго стварыў мастак і ў археалагічнай экспедыцыі на рачных суднах: ад вытокаў Віліі да яе ўпадзення ў Нёман (разам з графам Канстанцінам Тышкевічам) - гэта прыкладна 700 кіламетраў... Пра ўсё тое - ніжэй, а пакуль вернемся ў Польшчу...

Дзе нарадзіўся Артур Бартэльс - дакладна не /i/content/pi/cult/358/6831/15_2.jpegвядома. Польскі біяграфічны слоўнік піша, што ён - родам з Вільні і на свет з'явіўся 13 кастрычніка 1818 года (а не 30 жніўня, як прынята лічыць у нас). І што паходзіў са шляхецкай сям'і землеўласніка-памешчыка. Хаця існуе версія, што нарадзіўся Бартэльс у радзівілаўскім фальварку Радзівілімонты - за 10 кіламетраў на поўдзень ад Клецка. З 60-х гадоў ХХ ст. гэтае месца, дзе калісьці квітнела летняя рэзідэнцыя Радзівілаў з зімовым садам унутры цудоўнага драўляна-каменнага палаца, збудаванага італьянскім архітэктарам-класіцыстам Карласам Скампані, называецца... Чырвоная Зорка (цяпер - Клецкі раён Мінскай вобласці). А на месцы напаўзруйнаванага палаца - рэшткі сценаў і перакрыццяў...

Мо і сапраўды Бартэльс - менавіта з Радзівілімонтаў. Яшчэ пры яго жыцці, у 1875 годзе, Марыя Радзівіл побач з палацам заклала парк у дзесяць гектараў, які захаваўся. Сёння тут можна пабачыць валун з адпаведным надпісам на польскай мове. Я ж прытрымліваюся той версіі, што Бартэльс - з Лагойшчыны. Тым больш, Джуліян Кржыжаноўскі, знаёмы мастака, кажа, што Бартэльс быў незаконнанароджаным дзіцем аднаго з лагойскіх Радзівілаў...

Што было далей - невядома, але ў 1830-я гады Артур з'яўляецца ў дакументах як вучань варшаўскай гімназіі. Тут ён знаёміцца з Цыпрыянам Камілем Норвідам - будучым паэтам, драматургам, жывапісцам, журналістам, сябрам А.Міцкевіча, Ф.Шапэна, Ю.Славацкага, І.Тургенева і А.Герцэна. З ім Бартэльс падтрымліваў сяброўскія стасункі і пасля заканчэння школы, і нават аднойчы заступіўся за яго, калі Станіслаў Патоцкі хацеў прыцягнуць Норвіда да суда за нейкія фінансавыя справы. Далей польскія крыніцы кажуць, што Бартэльс працягваў адукацыю ў Пецярбургу і Парыжы, але ніякіх падрабязнасцей на гэты конт я не знайшоў. Прынамсі, у спісе студэнтаў Імператарскай Акадэміі мастацтва гэтае імя нідзе не значыцца, а дзе ён і з кім "круціўся" ў Парыжы "з палітрай у руках" - таксама ніхто не ведае. Вось такая атрымліваецца карусель-задачка з двума невядомымі. Але тое, што ён правёў некалькі гадоў за мяжой сваёй малой радзімы, - гэта дакладна.

Далей у біяграфіі Артура Бартэльса ўсё было больш-менш зразумела, хаця звесткі пра дадзены этап збольшага фрагментарныя. Ён вяртаецца ў Беларусь, купляе сабе маёнтак на Бярэзіне, дзе паспяхова вядзе вясковую гаспадарку і актыўна займаецца паляваннем. Галоўным чынам, хадзіў ён на мядзведзяў, якіх уласнаручна забіў каля пяцідзесяці. Нядрэнны трафей, ці не так? Польская энцыклапедыя 1898 года вызначае, што жыў ён у гэты час "...часцей за ўсё у Гарадку, што пад Мінскам". Можа, такое мястэчка і існавала калісьці на Бярэзіне? Але, галоўнае, у гэты перыяд, на пачатку 1840-х, а можа, і раней, Бартэльс знаёміцца з братамі Тышкевічамі - Канстанцінам і Яўстафіем. І гэтае знаёмства, якое хутка перарасло ў моцнае сяброўства, адыграла вельмі важную ролю ў творчай біяграфіі мастака.

Наогул, жыццё Бартэльса можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі: да 1863 года - і пасля, калі ён, прыняўшы ўдзел у паўстанні як галоўны ваенны ўпаўнаважаны Біржайскага павета, апынуўся разам з жонкай Казімірай Ваньковіч (далёкай сваячкай Валенція Ваньковіча) за межамі роднай Беларусі. І больш на радзіму не вяртаўся.

Як горкую духоўную памяць пра разбураную яшчэ ў верасні 1831 года, але не зламаную пад націскам царскіх войскаў генерал-фельдмаршала Івана Паскевіча Варшаву Бартэльс у 1863-м напісаў перад сваімі ўцёкамі туды цудоўны верш, які праз 80 гадоў атрымаў другое нараджэнне. У час паўстання варшавян супраць фашыстаў верш Бартэльса "A tu jest Warszawa", дзякуючы музыцы Тадэвуша Сыгетыньскага, ператварыўся ў песню, што і сёння ўваходзіць у зборнікі лепшых песень пра польскую сталіцу.

Так, Бартэльс - у своеасаблівай эміграцыі - у Варшаве, хаця, па вялікім рахунку, і Каралеўства Польскае тады было расійскай правінцыяй, як і нашы беларускія землі. Там мастак пражыў дванаццаць гадоў. Потым тры гады, да 1878-га, правёў у Рызе, дзе стаў адной з вядучых постацей у грамадскім жыцці мясцовай польскай калоніі і дзе моцна пасябраваў з маладым паэтам, крытыкам, журналістам і гісторыкам Чэславам Янкоўскім, ураджэнцам вёскі Паляны Ашмянскага павета. Дарэчы, цяпер там, у мясцовай вясковай бібліятэцы, працуе яго музейны куток. Янкоўскі пасля смерці Бартэльса планаваў напісаць дакладную і поўную манаграфію пра свайго таленавітага сябра, але штосьці не атрымалася, і намер так і не быў рэалізаваны. Янкоўскі надоўга перажыў мастака і пайшоў з жыцця ў 1929-м у Вільні ва ўзросце 71 года...

Пры жыцці Бартэльса пра яго было апублікавана толькі некалькі артыкулаў такіх асоб, як пісьменнік і тэатральны рэжысёр Марыян Гавалевіч, выдавец зборніка эстампаў "Віленскі альбом" Ян Казімір Вільчынскі, пісьменнік і публіцыст Антон Залескі. Той жа Чэслаў Янкоўскі ў адной са сваіх кніг пакінуў "эскіз" вонкавага аблічча "польскага Беранжэ": "прыгожая выправа"; "злёгку атлусцены пасівелы грэбень барады"; "выбітны нос"; "заўсёды ўсміхаецца"; "раз за разам курыць цыгары"; "рухаецца крыху вяла".

Сучаснікі ўзгадваюць, як Бартэльс віртуозна граў на піяніна, спяваў, напалову дэкламуючы з непараўнальным гумарам і выдатна падкрэсліваючы свае спевы смешнай мімікай і жэстыкуляцыяй. Мог колькі гадзін без перапынку, вясёлы і жыццярадасны, сядзець за піяніна ці раялем. А ў першым радзе канцэртнай залы заўсёды сядзела яго любімая жонка Казіміра. У Кракаве Артур жыў з ёю на вуліцы Кармеліка, 62. Там жа сябраваў з таленавітай піяністкай Марселінай Чартарыйскай, апошняй вучаніцай Шапэна, якая часта разам з Бартэльсам арганізоўвала дабрачынныя канцэрты і вечары. Сустракаўся з паэтам і драматургам Людвігам Уладзіславам Анчыцам і мастаком Станіславам Хлябоўскім, якія памерлі ў Кракаве трошкі раней за Бартэльса. Сам ён у апошнія гады жыцця ў Кракаве рысаваў і маляваў зусім мала, аддаючы перавагу песеннай творчасці: увесь яго мастакоўскі талент рысавальшчыка і карыкатурыста застаўся на радзіме, пра што я распавяду ніжэй...

Строга кажучы, Бартэльс напісаў у Кракаве большую частку сваіх гумарыстычных вершаў, якія заўсёды прымаліся пад гучны смех і апладысменты, а потым перадаваліся з вуснаў у вусны на вуліцах. Але, тым не менш, распешчаная буржуазная эліта лічыла яго аматарам-дылетантам, папракала ў тым, што ён у сваёй музыцы часам выкарыстоўвае "цытаты" з чужых музычных твораў, хаця шырокая папулярнасць песень Бартэльса ў тыя часы не мела аналагаў сярод яго калег-сучаснікаў. Нездарма яго паважалі і цанілі такія выдатныя пісьменнікі, як Юзаф Ігнацы Крашэўскі і малады Балеслаў Прус. Праз тры гады пасля смерці Бартэльса яго песні і сатыры, якія часта насілі вострасацыяльны характар, былі ў 1888-м выпушчаны ў Кракаве асобным выданнем. А ў 2-й палове ХХ ст. яго творы ўваходзілі ў зборнікі паэзіі і ў Варшаве, і нават у Лондане. Яго як паэта вельмі паважаў і Юліян Тувім.

Вялікі гістарычны жывапісец Ян Матэйка, які добра ведаў нашага земляка, увекавечыў яго вобраз у знакамітай шматфігурнай карціне 1882 года "Пруская даніна" ("Прысяга Прусіі на вернасць Польшчы"): пра тое, як вялікі магістр ордэна крыжаносцаў, валадар Прусіі, герцаг Альбрэхт Гагенцалерн прынёс васальскую прысягу польскаму каралю Сігізмунду Старому ў красавіку 1525-га на плошчы Кракаўскага рынку. Там арыстакратычны профіль Бартэльса можна пазнаць у правай частцы палатна - з характэрнай барадой і рукамі на чырвоным пакрывале стала. Так ужо здарылася, што абодва яны - Артур Бартэльс, што памёр 23 снежня 1885 года, напярэдадні Каляд, ад хваробы сэрца, і Ян Матэйка - аказаліся "суседзямі" на адных Ракавіцкіх могілках: Матэйка перажыў Бартэльса на восем гадоў...

(Заканчэнне будзе.)


Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"